2023 Пясчанскі, М. З высокай адзнакай!

Пясчанскі, М. З высокай адзнакай! / Максім Пясчанскі // Літаратура і мастацтва. – 2023. – 15 верасня (№ 37). – С. 2 : фат.

Прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Аляксеевіч Чарота ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

З высокай адзнакай!

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў дзяржаўнымі ўзнагародамі вялікую групу працаўнікоў краіны.

Сярод узнагароджаных медалём Францыска Скарыны — вядомы ў Беларусі даследчык беларуска-сербскіх літаратурных і гуманітарных сувязяў прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Аляксеевіч Чарота.

Нараджэннем з вёскі Лышчыкі Кобрынскага раёна, што на Берасцейшчыне, славіст, перакладчык, літаратуразнавец, публіцыст, акадэмік Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў, чалавек, які ў сваім жыцці здзейсніў нямала творчых адкрыццяў, на працягу многіх гадоў з’яўляецца старшынёю секцыі мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў Беларусі, Іван Аляксеевіч Чарота зрабіў неймаверна шмат для развіцця сербістыкі ў Беларусі. Вучоны і пісьменнік — часты госць у дружалюбнай да Беларусі Сербіі.

Прафесар пераклаў на беларускую мову многія творы з сербскай, славенскай, македонскай, харвацкай, іншых славянскіх моў. Аўтар каля 800 навуковых публікацый, Іван Чарота друкуецца ў Беларусі, Расіі, Сербіі, іншых славянскіх краінах. Навуковы кансультант многіх эцыклапедычных выданняў, ён уваходзіць у склад рэдакцыйных калегій болей дзесяці перыядычных выданняў. Прафесарам Чаротам здзейснены пераклады болей як 1400 твораў пісьменнікаў Сербіі на беларускую і рускую мову. Многія пераклады Івана Аляксеевіча змешчаны ў штогадовым альманаху «Далягляды».

Сярод узнагарод перакладчыка і літаратуразнаўца — Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», Міжнародная прэмія імя

Ф. М. Дастаеўскага (Сербія), Міжнародная прэмія Карычаў (Сербія), ордэн Свяціцеля Кірыла Тураўскага (Беларуская праваслаўная царква) і многія іншыя ўзнагароды.

Саюз пісьменнікаў Беларусі віншуе свайго калегу з высокай дзяржаўнай адзнакай!

Максім Пясчанскі