2023 Святлова, Н. Майстэрства адлюстравання свету

Святлова, Н. Майстэрства адлюстравання свету / Наталля Святлова ; фота аўтара // Літаратура і мастацтва. – 2023. – 26 мая (№ 21). – С. 14 : фат.

У Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна адбылася выстаўка «Мастацтва старажытнай картаграфіі», якая адлюстроўвае плён працы па зборы старажытных карт Льва Казлова, гісторыка, картографа і літаратара.

Майстэрства адлюстравання свету

Сёння маршрут пракладвае гуглкарта, а калісьці — дапытлівы розум неўтаймоўнага першаадкрывальніка. Гэта ўвасобілася на старажытных картах: спробы адлюстраваць карціну свету, самыя дзіўныя версіі, нестандартныя мадэлі — смелыя здагадкі пра абрысы Зямлі. Старажытныя карты часам настолькі мудрагелістыя і падобныя больш на рэбус, што зразумець і расчытаць іх пад сілу не кожнаму — толькі цікаўным і мэтанакіраваным. Як Леў Казлоў, гісторык, картограф і літаратар. Плён яго апантанай працы па зборы старажытных карт увасобіўся ў выстаўцы «Мастацтва старажытнай картаграфіі» ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна.

Леў Раманавіч з’яўляецца экспертам у галіне картаграфіі. Прага спасціжэння нюансаў спосабу мыслення яго далёкіх калег цягне на бясконцыя пошукі і адкрыцці. Вось чаму ў яго навуковым даследчыцкім фокусе — мінулае, поўнае адказаў на шматлікія пытанні. — Сучасная картаграфія пачыналася яшчэ пры Пталемеі ў І ст. да н. э., — пачаў расповед Леў Раманавіч. — Затым яго забылі, паколькі грэка-рымскае мнагабожжа хрысціянствам было абвешчана язычніцкім. У гэты час набіраў сілу іслам. Арабы захапілі Александрыйскую бібліятэку — гэта канец старога часу, — і эміраў спыталі, што з ёй рабіць. Адказ быў такі: «Калі там ёсць кнігі, патрэбныя Алаху, хай зберагуць, а калі непатрэбныя — спаліць». Так і прапалі тыя манускрыпты, якія належалі калісьці Пталемею. Але некаторыя рукапісы ўсё ж захаваліся, іх тайна вывезлі. Калі Еўропа ўвайшла ў эру хрысціянства, запанавала спрошчаная, Т-падобная выява Зямлі: Еўропа, Азія, Афрыка, тры кантыненты, і гэтага дастаткова.

Арабы фактычна выратавалі Пталемея, перакананы Леў Казлоў. Яны вельмі цікавіліся гандлем — патрэбны былі карты, якія ігралі пэўную палітычную і эканамічную ролю. Але толькі ў ХV ст. напрацоўкі Пталемея раптам пачнуць выкарыстоўваць у Еўропе. Гэтаму працівілася царква, бо падвяргалася аспрэчванню ідэя, што зямля плоская. «Царква чорным плашчом накрыла ўсю навуку і дасягненні, але былі дзіркі. Гэтымі дзіркамі з’яўляліся манастыры, — цытуе Леў Казлоў. — Менавіта там у архівах захоўваліся важныя дакументы».

Манах Фра Маўро (1385—1459) у 1459 годзе зрабіў вялікую работу — сабраў усе даныя, якія маглі быць на той час, — і прадставіў круглую — хрысціянскага стылю — карту. Яна прадэманстравана ў экспазіцыі і паказвае стандартны варыянт Зямлі ў крузе, толькі памяняны месцамі поўнач і поўдзень, і Індыйскі акіян аказаўся наверсе. Карта зразумелая і пры скрупулёзным вывучэнні паддаецца расчытванню. Можна ўбачыць назвы дзяржаў: Rossia, Evropa, Fillandia, Tartaria, праўда, што нестандартна, унізе, а бліжэй да верхняй часткі: Africa Deserto, Libia, Mavritania, Ethyopia… На сучаснай карце полюсы і, адпаведна, краіны знаходзяцца ў процілеглых баках. Твор манаха Фра Маўро захоўваецца ў Венецыі.

Карта свету Пталемея хоць вуглаватая, але ўжо бліжэй да сучаснасці. У тыя часы ўсё друкавалася толькі чорнай фарбай, як, напрыклад, рабіў Гутэнберг. А размалёўвалі ад рукі — гэта называлася ілюмінацыяй. Каляровыя ілюстрацыі пачалі рабіць пры пратэстанце Мюнстэры, прафесары Хайдэльбергскага ўніверсітэта. Але людзі былі хітрыя: куплялі чорна-белыя карты, запрашалі тых, хто валодае пэндзлем, і распісвалі акварэллю, каб прадаць даражэй і зрабіць больш прэзентабельны выгляд. Амаль усе карты былі распісаны ад рукі акварэльнымі фарбамі. А каляровы фабрычны друк з’явіцца толькі ў сярэдзіне XIX ст.

Калі не хапае сродкаў і магчымасцей, але ёсць вялікае жаданне, ратуе вынаходлівасць. Еўрапеец Себасцьян Мюнстэр жыў у сярэдзіне XVI ст. Ён у пашанотным узросце апантаны ідэяй адлюстравання свету, разумеў, што не зможа ўжо паездзіць па розных краінах. «Па сутнасці, многія картографы не наведвалі краіны, якія адлюстроўвалі на картах, як, напрыклад, Меркатар: ён карыстаўся іншымі крыніцамі. А Мюнстэр разаслаў лісты знакамітым вучоным, картографам свайго часу, каб яны даслалі даныя для агульнай энцыклапедыі. Тыя адгукнуліся. Пры- кладна ад 60 спецыялістаў ён атрымаў картаграфічныя звесткі і склаў касмаграфію, якая лічыцца энцыклапедыяй картаграфічнага сярэднявечча», — расказвае Леў Казлоў. У экспазіцыі можна ўбачыць пталемееўскую карту свету ў выкананні Мюнстэра з мастацкімі элементамі.

Першынство ў справе картаграфіі ў XVI ст. пяройдзе да Галандыі. Галандскі атлас XVI—XVII стст. будзе лічыцца найлепшым. Нядзіўна, гэты час — залатая эра картаграфіі. «Родапачынальнікам быў Абрагам Артэліус (1527—1598). Дагэтуль спрачаюцца: ён ці Меркатар ствараў атлас. Справа ў тым, што Артэліус зрабіў гэта на 15 гадоў раней. Ён быў выдатным прадпрымальнікам, ездзіў па еўрапейскіх краінах, збіраў найлепшыя карты. Пазнаёміўшыся на кніжнай выстаўцы ў Лейпцыгу з Меркатарам, зразумеў, што сапраўдны картограф — той, які падыходзіць да справы навукова, аперыруе ў сваіх праекцыях матэматычна», — тлумачыць Леў Казлоў.

Карта свету ў меркатарскай праекцыі, прадстаўленая ў экспазіцыі, яркая, маляўнічая і напоўнена шматлікімі сюжэтамі. Тут вельмі інфарматыўнае аздабленне па краях прамавугольніка — карцінкі з выявамі багоў, падзей. Можна яе параўнаць з картай свету Артэліуса XVI ст., якая мала чым адрозніваецца ад сучаснай.

Раней картографы паступалі вольна: запазычвалі інфармацыю адзін у аднаго, капірайт на аўтарства не ставіўся. А першым гэта зрабіў Меркатар, стаў пісаць «па ліцэнзіі», «з дазволу караля, імператара».

Асобна развівалася астраномія. «Калі Меркатар пісаў сваю касмаграму, ён пачынаў з астраноміі. Бо паняцці шырыні і даўжыні пайшлі менавіта адтуль. Тое, што распрацоўваў Меркатар, яго праекцыя, дагэтуль выкарыстоўваецца ў авіяцыі, суднаходстве, бо тут лініі не скажаюцца», — распавядае Леў Казлоў.

Увагу ў экспазіцыі прыцягвае карта сузор’яў паўночнага неба 1660 года Андрэаса Цэларыуса (1596—1665). Звяры ў крузе сімвалізуюць розныя сузор’і. Яны запісаны ў арабскай традыцыі. Дагэтуль назвы сузор’яў захоўваюцца.

Вяршыняй картаграфічнага мастацтва сярэднявечча лічыцца творчасць сям’і Блау, бацькі і сына. Яны складальнікі знакамітай карты, якая па краях аздоблена выявамі сямі цудаў свету, порамі года, рознымі божаствамі — усё для прыцягнення пакупнікоў. Гэтая карта карысталася поспехам у мараходаў. «На некаторых картах пазначаны нават глыбіні: менш за 4 фунтаў — карабель можа сесці на дно. Вось адкуль традыцыя жадаць больш чым чатыры фунты пад кілем», — заўважае Леў Раманавіч.

Мастацтва картаграфіі выразна праявілася ў афармленні атласаў, што можна ацаніць па прадстаўленых у экспазіцыях тытульных лістах знакамітых работ. Высокамастацкаму падыходу ў аздабленні якраз садзейнічалі эпохі Барока, Гуманізму. Для паспяховых продажаў картографы, напрыклад, сямейства Блау, запрашалі такіх знакамітых выдаўцоў, як Плантэн, мастакоў, як Гальбейн.

Першая карта Кітая была зроблена толькі ў пачатку XVIII ст. Кітай быў закрытай краінай, як і Японія. Але туды пранікалі езуіцкія місіі, і на аснове іх сведчанняў французскі картограф Тампіль і зрабіў карту.

Расійская картаграфія ў XIX ст. вядома трохвёрсткай. Каб гаўбіца біла дакладна, павінен быць абазначаны рэльеф, дзе разбураць. Картаграфія іграла немалаважную ролю ў вайне. І трохвёрстка — самая дакладная карта, потым ужо з’явілася свая сістэма каардынат.

Мастацтва картаграфіі зачароўвае. Углядаешся ў прадстаўленыя выявы — і немагчыма стрымаць здзіўлення: наколькі тонкая прапрацоўка дэталей, як шмат значэння вучоныя-папярэднікі надавалі глыбокаму пасылу работы. Вельмі ўражвае карта свету з Герэфорда (Англія) ХІІІ стагоддзя. На першы погляд яна нагадвае лабірынт або схему для пераадолення квэсту: тут шмат карцінак звяроў, птушак, незразумелых істот… Яшчэ — безліч тэкставых пасланняў, разнастайных сімвалаў, размешчаных хаатычна. Усё гэта больш нагадвае рэбус альбо тайнае пасланне… Хто мудрэйшы: мы з тэхнічным прагрэсам ці яны са здольнасцямі таемнае зашыфраваць у знаках?

«Калі параўнаць прадстаўленыя творы мастацтва з цяперашняй картаграфіяй, з дысплеямі, якія ўмомант паказваюць шлях, уразішся дакладнасцю, але да мастацкасці і маляўнічасці дысплею далёка, — разважае Леў Казлоў. — Картаграфія заўсёды застаецца з чалавекам. Мабыць, прыйдзе час — і з’явяцца новага выгляду карты, як у космасе цяпер. Але ўсё яшчэ ламаюць галаву, як зрабіць аб’ёмную, 3D».

— Карты маюць магнетычнае значэнне, яны як своеасаблівы партал у мінулае: падыходзіш, глядзіш, і цябе прыцягвае. І бачыш, як выглядаў свет вачыма чалавека той эпохі, — адзначае дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Наталля Вашчыла. — Выстаўка для нас вельмі актуальная. Леў Раманавіч — гэта скарбніца інфармацыі, жывая гісторыя ў асобах. Да таго ж ён цудоўны апавядальнік. А карты і бібліятэкі — гэта натуральная сувязь, бо таксама збераганне ведаў, а яшчэ ўяўлення пра свет. Для Пушкінскай бібліятэкі выстаўляць картаграфічныя зборы Льва Раманавіча — вялікая ўдача. Рады, што ў нас саспеў такі сумесны праект.

Павага і любоў да кнігі ў Льва Раманавіча з дзяцінства, гэта шануюць і яго блізкія.

— Я мужам захапляюся ўжо 30 гадоў, узбагачаюся яго кругаглядам, — дзеліцца жонка Людміла Аляксандраўна. — Нельга не заўважыць яго прагу аддаць, адукаваць. У нас дома вельмі вялікая бібліятэка — усё з-за азарту, любові Льва Раманавіча да кніг. Кожны месяц прывозім не адну скрыню кніг у «Пушкінку». Так у нас склаліся прыязныя адносіны з гэтай бібліятэкай. Вырашылі тут, у вялікай утульнай зале, дзе добра размясціліся работы, і паказаць экспазіцыю карт.

Леў Казлоў з’яўляецца аўтарам адмысловага глобуса часоў Меркатара, які зрабіў уручную. Матэрыял — чырвонае дрэва — спецыяльна везлі з Афрыкі. «Часу на работу пайшло прыкладна месяцаў восем. Трэба было распісваць ад рукі. Пап’емашэ, грунтоўка… Доўгі працэс. Цяпер глобус знаходзіцца ў Нясвіжы, другі — у мінскай Ратушы, дзе, дарэчы, адкрыты картаграфічны кабінет, свайго роду музей карт», — адзначае Леў Раманавіч.

Думаецца, мастацтва старажытнай картаграфіі ўражвае тым, што дэманструе рукатворныя шэдэўры, якія патрабавалі скрупулёзнай працы. Жаданне доўга іх разглядаць і аналізаваць дае глебу для новых разваг. Ды мы ўжо на парозе звышдакладных карт 3D, аўтар якіх не чалавек-першаадкрывальнік, а нейрасетка, прадукты творчасці якой — шаблонная бездакорная дакладнасць, але… Вось чаму выявы старажытных карт навяваюць прыемную настальгію, калі пра копіі не думалі, а за кожным штрыхом і мазком, хай не бездакорным, бачылася індывідуальнасць…

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара