Чарота, І. Ці ў мове праваслаўя замацуем словы беларускія? / Іван Чарота // Літаратура і мастацтва. – 2024. – 19 студзеня (№ 33). – С. 14.
Прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Аляксеевіч Чарота падрыхтаваў «Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік праваслаўнай лексікі».
Ці ў мове праваслаўя замацуем словы беларускія?
Шаноўныя і дарагія калегі! Просьба да ўсіх успрымаць выказанае ў гэтай публікацыі не як папрокі выданню, дарагому мне ўжо больш за сорак гадоў, а тым больш не персанальна аўтарам-калегам, шчырую павагу якім заўжды выказваю (таму, дарэчы, імёны тут не будуць згадвацца). Проста рэгулярнае ўважлівае чытанне лімаўскіх матэрыялаў вымусіла завесці гаворку наконт праблемы, не пабаюся сказаць, татальна пагрозлівай, бо тое, пра што збіраюся гаварыць, на дадзены момант уласціва амаль усім беларускамоўным выданням.
Дзеля канкрэтызацыі прадмета абмеркавання возьмем спачатку сімптаматычны выпадак, калі ў інфармацыі пра аўтарытэтнага настаяцеля аднаго з мінскіх праваслаўных прыходаў звыклыя для ўсіх нас паняцці перакручваюцца, каб было «акурат па-беларуску», аднак выходзіць на каталіцка-польскі лад: «Плябан Ігар Карасцялёў праводзіць экскурсію для студэнтаў… ()… плябан і протаіерэй». Прычым усе разумеюць, што гэта не з «жывога» маўлення «людзей простых». Дык нашто ж так пісаць у газеце вядучага ўніверсітэта краіны? (Гл.: Універсітэт, 19.04.2021. № 6 (2243). С. 6).
Але, на жаль, падобнае даволі часта сустракаецца і ў штотыднёвіку нашай творчай інтэлігенцыі, перш за ўсё пісьменнікаў. Напрыклад, вось як быццам бы з удзячнасцю і павагай да правячага праваслаўнага архіерэя — было ў ім напісана: «…За гэтую творчую сустрэчу трэба дзякаваць і арцыбіскупу Гомельскай епархіі Стэфану, пры падтрымцы якога выйшаў зборнік» (Гл.: Літаратура і мастацтва, 17.12.2021. С. 7). За такое тытулаванне можна было і пакрыўдзіцца. Ды яшчэ горш і небяспечней, калі мешаніну моўнай і веравызнаўчай свядомасці навязваюць нашым дзецям, каб яны замест слоў правільных ужывалі крыва пераробленыя, гаворачы і пішучы абраз, а не ікона, анёл, а не ангел, дабрашчасны, а не блажэнны, бласлаўлённе, а не благаслаўленне, біскуп, а не епіскап, цвінтар, а не паперць… I нават — ня- хай даруюць усе святыя! — святаслоўе замест стараславянскага і рускага празднословие…(Гл.: Духовность и патриотизм: факультативные занятия «Основы духовно-нравственной культуры и патриотизма»: пособие для учащихся учреждений общего среднего образования с белорусским и русским языками обучения. — Мн„ 2021, 2022). Апошні прыклад асабліва трывожны з-за таго, што ў склад аўтарскага калектыву і рэдакцыйнай групы згаданага дапаможніка ўваходзілі праваслаўныя свяшчэннаслужыцелі…
Рэагуючы на такую, відавочна прыкрую, сітуацыю з выкарыстаннем беларускамоўнай праваслаўнай лексікі, Беларуская Біблійная Камісія (ББК) падрыхтавала адпаведны слоўнік, які разлічваўся ў першую чаргу на нашых журналістаў, і выдала яго да Дня беларускага пісьменства 2022 года. Звесткі пра ББК варта было б выкласці падрабязней, але гэта, калі спатрэбіцца, ужо іншым разам. Тут і цяпер адзначым толькі вось што: тры дзесяцігоддзі названая камісія займалася перакладам Свяшчэннага Пісання на беларускую мову, узважваючы кожнае слова, і на падставе гэтага вопыту склала «Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік праваслаўнай лексікі», прапанаваўшы яго шырокай грамадскасці — спачатку ў царкоўнай перыёдыцы, а затым і асобным выданнем. Дазволю сабе нагадаць, што рэцэнзія на гэты слоўнік была змешчана ў трох перыядычных выданнях рэспублікі, уключаючы «ЛіМ» (Гл. ЛіМ, 16.09.2022. С. 7). Па-нармальнаму, не лішняй была б і дыскусія з мэтай паспрыяць асэнсаванню рэальнага стану і перспектыў прысутнасці сучаснай беларускай мовы ў Праваслаўнай Царкве, а таксама ў практыцы іншых канфесій. Між тым на старонках нашага штотыднёвіка дыскутаваць ніхто не пажадаў, а ўсё далей пайшло так, як было раней. Каб пазбегнуць абвінавачвання ў галаслоўнасці, давайце разам згадаем відавочныя агрэхі ў матэрыялах за мінулы год (памылкі вылучым курсівам і падкрэслім; ну а тлумачыць кожны выпадак будзем тады, зноў жа, калі дазволяць умовы):
«…Цыкл, прысвечаны Марыі Егіпецкай, і кампазіцыю «Паходжанне сумленных (?) дрэў Жыватворнага Крыжа…» (ЛіМ, 10.03.2023. С. 3.); «Блаславёныя Сожам (ЛіМ, 23.06.2023. С. 14); «…У верхнім замку ўзвялі мураваную царкву Святога Міхала. у Ніжнім — царкву Звеставання (ЛіМ, 23.06.2023. С. 15); «На выстаўцы ў НЦСМ прадстаўлены карціны «Абмыванне ног», «Нясенне крыжа», «Аплакванне Хрыста. Палажэнне ў труну» і «Хрыстос у труне» (ЛіМ, 10.11.2023. С. 12); «Мерапрыемства было арганізавана Брэсцкай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы і праходзіла на базе Свята-Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра ў Брэсцкай крэпасці» (ЛіМ, 16.09.2023. С. 13); «Апанас Філіповіч… Святы Харалампій, біскуп Магнезійскі, святыя верныя князі Барыс і Глеб… (ЛіМ, 16.09.2023. С. 13); «Цэнтральны іконаграфічны вобраз, які прасочваецца ў алтарных палотнах «Маці Божая з немаўляці Хрыстом» і «Святы Юзаф з Хрыстом» — адлюстраванне ўзору сямейнага жыцця. Пачэснае месца ў экспазіцыі занялі абразы «Маці Божая Вострабрамская» і «Маці Божая Бялыніцкая» (ЛіМ, 22.09.2023. С. 2); «…у дзень свята Іаана Галавасека» (ЛіМ, 22.12.2023. С. 15); «Ноч перад Раством Хрыстовым» (ЛіМ, 29.12.2023. С. 8); «3 Калядамі, са святкамі / Я вас віншую, людзі! / Хай з Божым Нараджэннем / Усё ў вас добра будзе!» (ЛіМ, 29.12.2023. С. 8). Паколькі пералік спыняем на тэматыцы зусім свежай, то дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ў першым нумары 2024 года тэкст першай старонкі змяшчае тройчы ўжытае правільна, хоць і не зусім прывычна для многіх чытачоў выдання, слова «Ражджаство» (ЛіМ, 5.01.2024. С. 1). Зрэшты, і ў некаторых іншых выпадках памылковага сло- ваўжывання ўдавалася пазбягаць, нягледзячы на ранейшы псеўдапурызм — у надрукаваным (афіцыйным) тэксце віншавання Кіраўніка дзяржавы Мітрапаліту Веніяміну захавана так, як і павінна быць: «Мудрае пастырскае слова заўсёды настаўляе вернікаў выбудоўваць сваё жыццё ў адпаведнасці з высокімі хрысціянскімі ідэаламі, благаслаўляе на стваральную працу, падтрымлівае міжрэлігійны і міжканфесійны дыялог» (ЛіМ,22.09.2023. С. 2).
Ну а калі працяг заведзенай гаворкі на гэтую гэму ўсё ж такі патрэбен, то выказваем гатоўнасць падзяліцца «саборным» досведам наконт выкарыстан- ня ў сучаснай беларускай мове паняцця і слова «Ражджаство» — таго, што ка- ляндарна для ўсіх блізкае, а вось граматычна для многіх не зусім. У прыватнасці, варта было б паразважаць разам, ці можна, а таксама ці патрэбна замяніць яго «Калядамі».
Іван Чарота,
доктар філалагічных навук, прафесар,
сакратар Беларускай Біблійнай Камісіі