Шніп, В. Бог цябе слухаў / Віктар Шніп //Літаратура і мастацтва. – 2024. – 15 лістапада (№ 43). – С. 11 : фот.
Запісы з дзённіка Віктара Шніпа пра Івана Чароту.
Бог цябе слухаў…
З Іванам Чаротам з 1990 года мы былі суседзямі па вуліцы. Паміж нашымі дамамі — метраў дзвесце. За гады сяброўства, а іх 34, мы сустракаліся сотні разоў. I на вуліцы, і ў кватэрах, і на розных мерапрыемствах. Нярэдка разам сустракалі святы, хадзілі ў царкву, нават на Мухлі, сажалцы, што побач з нашымі дамамі, зімой каталіся з жонкамі на санках. I думалася, што яшчэ гадоў дваццаць мы будзем разам радавацца жыццю і поспехам нашых дзяцей і ўнукаў…
Але яго зямное жыццё скончылася.
А ў гісторыі Беларусі застанецца назаўсёды Іван Аляксеевіч Чарота — вядомы беларускі літаратуразнаўца, славіст, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч… Цяжка пералічыць усе яго званні і ўзнагароды: доктар філалагічных навук, прафесар БДУ, акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтваў, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», міжнароднай прэміі Ф. Дастаеўскага, Сусветнай праваслаўнай літаратурнай прэміі «Багародзіца Траеручыца» і гэтак далей. Яго ведалі не толькі як выдатнага навукоўца, выключна абазнанага, але і як шчырага верніка, сакратара Біблійнай камісіі Беларускага Экзархата Рускай праваслаўнай царквы і выканаўчага рэдактара часопіса «Праваслаўе», нязменнага ўдзельніка экспедыцый «Дарога да святыняў».
Сёння, згадваючы Івана Чароту, хачу прывесці некаторыя запісы са свайго дзённіка, якія з’яўляюцца штрыхамі да яго незабыўнага партрэта, партрэта беларускага пісьменніка і Чалавека.
1.06.2010. Едучы на працу, у аўтобусе сустрэўся з прафесарам Іванам Чаротам. Паскардзіліся адзін аднаму на надвор’е, Іван пацікавіўся здароўем маёй маці, а потым сказаў, што нядаўна пахаваў сябра. Сябар адзінаццаць гадоў адзін даглядаў хворую маці. Маці памерла, а ён праз паўгода атрымаў інсульт, потым другі і на трэці памёр. Мужчыну было 72 гады. «Такая ўжо была ў яго місія…» — сумна падвёў вынік жыцця свайго сябра Іван Аляксеевіч.
8.10.2013. Два дні таму ў нас дома быў Іван Чарота. Гаварылі пра жыццё-быццё, і, калі зайшла гаворка пра літаратуру, Іван Аляксеевіч расказаў пра ідэю некаторых літаратараў стварыць Саюз праваслаўных пісьменнікаў…
18.12.2017. Да мяне па абедзе прыходзіў Алесь Разанаў. А яшчэ праз хвілін пяць у прыёмную адчыніліся дзверы і зайшоў Іван Чарота. Разанаў, убачыўшы Івана Аляксеевіча, сказаў: «Зайшоў, як сербскі святы!» Чарота не пагадзіўся з паэтам, але і моцна не аднекваўся.
5.03.2018. Стала гісторыяй XXV Мінская міжнародная кніжная выстаўка. У выставачным павільёне было мора кніжак, а на вуліцы — мора снегу. Нягледзячы ва маразы і завеі, хто хацеў набыць кніжкі, тон іх набыў і будзе доўга ўспамінаць сустрэчы з пісьменнікамі, што прыехалі з розных куткоў Беларусі і з розных краін. Цікава было паслухаць размову Івана Чароты з прадстаўніцай сербскай дэлегацыі Даянай Пазаравіч пра Дэсанку Максімавіч (1898—1993). Гаворачы пра Дэсанку, даследчыца яе творчасці сказала, што паэтэсай было перакладзена 47 тысяч вершаў. Я адразу ж падумаў, што гэта памылка. Не! Проста ў Сербіі кожны паэтычны радок лічыцца асобным вершам. Так мне патлумачыў Іван Аляксеевіч.
7.02.2019: На кніжную выстаўку ехаў з Іванам Чаротам. Падзяліліся ўражаннямі ад учарашняга дня. Ёсць новыя плюсы ў параўнанні з мінулымі выстаўкамі. Але з’явіліся і новыя мінусы. Ды гэта нашы прыватныя меркаванні. Усім не дагодзіш. І не трэба.
8.07.2021. Ідучы з аўчаркай Міёнай да Мухлю каля крамы сустрэў Чаротаў, Івана і Надзю. Мы размаўлялі, а Міёна паважна сядзела і слухала, не перашкаджаючы нам. Гаварылі пра ўнукаў. Іван радуецца іх поспехам.
22.05.2022. Якраз у дзень, калі памерла наша бабуля, Іван Чарота звярнуўся праз электронную пошту да мяне: «Дзень добры, шаноўны Віктар Анатольевіч! Здаецца, у свой час ты напісаў “Баладу Афанасія Філіповіча”?
Калі я не памыляюся, то прыйшлі, калі ласка, тэкст. Ён пойдзе ў філалагічныя даследаванні. (Мой унук піша курсавую работу на гэтую тэму.) Ну а калі памыляюся, прабач за тое, што турбую. Між тым сведчу, што я жывы яшчэ. I ёсць адзін план наконт публікацыі ў «Полымі». Будзь здароў! I. Ч.»
Я напісаў Чароту: «Добры дзень, шаноўны Іван Аляксеевіч! На жаль, “Балады Афанасія Філіповіча” няма… Але мяне цікавіць яго постаць, і ў мяне ёсць жаданне напісаць, і я напішу… А калі патрэбна студэнту балада? Давай што сваё для “Полымя”. Акрамя ўсяго, мы з Карлюкевічам збіраем “Далягляды-2022”. Дасылай пераклады. Рад быў атрымаць твой ліст. Спадзяюся на сустрэчу!»
1.09.2022. Налісаў Іван Чарота: «Добры вечар, Віктар Анатольевіч! Ну вось, знайшоў-такі тэкст, які датычыцца непасрэдна юбілею Купалы. Паглядзі. Мне здаецца, што ён якраз дарэчы будзе ў сёлетніх “Даляглядах”. А калі твая замова на пераклад паэзіі застаецца ў сіле, то я зраблю і гэта. Дарэчы, паколькі ўжо не адзін дзень б’юся над перакладамі, то завяршу. Незалежна ад таго, возьмеце сёлета ці на будучы год. Бывай здаровы і паспяховы! Да сустрэчы ў Добрушы. I. Ч.»
Я даслаў адказ: «Добры вечар, Іван Аляксеевіч! Усё атрымаў. Дзякую: Перакладай. Да сутрэчы ў Добрушы!»
22.11.2022. Аўторак. Снег трымаецца і мароз да 3 градусаў. Вяртаючыся да хаты, сустрэў на прыпынку Івана Чароту. Папрасіў, каб ён хаця б пару абзацаў напісаў што-небудзь цікавае пра «Полымя», каб надрукаваць у часопісе, які ў снежні будзе святкаваць сваё 100-годдзе. Абяцаў. Ад Івана даведаўся, што год таму ад каранавіруса памёр перакладчык Леанід Казыра.
1.01.2023 Алесь Карлюкевіч напісаў ліст «Прывітанне, Віктар Анатольевіч! Трэба было б у бліжэйшы час перагаварыць падрабязна па змесце “Даляглядаў”. Добра было б скласці рэдкалегію альманаха. На чале з Іванам Алякссевічам Чаротам як кіраўніком секцыі перакладу СПБ. Алесь».
Напісаў Карлюкевічу: «Добры вечар, Алесь Мікалаевіч! Наконт рэдкалегіі — цалкам буду згодны з тваімі прапановамі, бо я мала каго ведаю. Згодны наконт Івана Аляксеевіча Чароты. На сёння ён, відаць, адзіны перакладчык, які працуе без падрадкоўнікаў…»
28.03.2023. Людміла каля банка сустрэла Надзю Чароту. Яна чакала Івана, які пайшоў у «Капеечку». Надзя сябе адчувае зусім кепска. Невыносна баліць спіна. Нічога не дапамагае. А тут яшчэ ў Івана выявілі анкалогію галасавых звязак. Словам, нічога вясёлага…
17.07.2023. Панядзелак. Горача. 31 градус. З’явіліся «Далягляды-23». Я патэлефанаваў Івану Чароту, каб паведаміць, што яго пераклады пабачылі свет. Ён амаль без голасу. Хрыпіць-свішча. Прайшоў 18 апраменьванняў. I яшчэ столькі трэба. Надзей на выздараўленне не страчвае. Заўтра набуду яму асобнік альманаха і занясу дахаты.
18.07.2023. Аўторак. Набыў для Івана Чароты «Далягляды-23» з яго перакладамі. Дзяўчаты з рэалізацыі аддалі астатак ганарару, каб я перадаў Івану Аляксеевічу. Я патэлефанаваў Чароту, і мы дамовіліся сустрэцца на аўтобусным прыпынку, калі буду вяртацца з працы. Зноў ішоў дождж. Вялікі. Крыху грымеў гром. Потым ад Людмілы даведаўся, што ў нашым раёне быў град. З працы пайшоў раней. З Іванам сустрэліся, як і дамаўляліся. Гаворыць так, што цяжка пачуць. Лечыцца. Спадзяецца ў верасні пайсці на працу ў БДУ. Дай Бог, каб так і было.
3.09.2023. Нядзеля. Дзень беларускага пісьменства ў Гарадку. Сёння на свята прыехалі прадстаўнікі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ. Сярод іх быў Іван Чарота. Ён зусім знямоглы і ледзьве гаворыць. Аляксей Чарота казаў бацьку: «Куды ты паедзеш такі за свет?» Іван Аляксеевіч агучыў аргумент на паездку: «Я быў дваццаць дзевяць разоў на святкаванні Дня беларускага пісьменства і не магу не паехаць на юбілейнае святкаванне!» I прыехаў.
31.01.2024. Вяртаючыся дадому, каля крамы «Капеечка» сустрэў Івана Чароту. Ён на бальнічным. Падлячыўся. Голас нармальны. Папрасіў Івана, каб ён падрыхтаваў новыя пераклады з сербскай мовы для публікацыі ў «Даляглядах-2024». Абяцаў зрабіць.
14.03.2024. Чацвер. Працягваецца кніжная выстаўка. (…) Сустрэў Івана Чароту і прапанаваў яму разам паехаць дахаты. Іван адмовіўся, бо сабраўся ехаць да Навумовіча, каб пасядзець у добрай кампаніі і паўспамінаць гады маладыя.
16.03.2024. Субота. А дзявятай паехаў на кніжную выстаўку. У аўтобусе сустрэў Івана Чароту. Ён ехаў у БДУ на лекцыю. Выкладае па суботах. Яму так лягчэй.
17.05.2024. Едучы з працы, сустрэў Івана Чароту. Пакулі былі ў аўтобусе, паразмаўлялі. Унук Івана Цімафей заканчвае вучобу і рыхтуе дыпломную працу (…) Здароўе ў Івана так сабе, але ездзіць у БДУ чытаць лекцыі. Цяжка, але гэта яго і трымае. Курыць не кінуў і не збіраецца, бо паліць ужо 60 гадоў.
2.09.2024. Тэлефанаваў Іван Чарота. Ён пра мой стан даведаўся ўчора ў Івацэвічах. Хадзіў па кніжнай выстаўцы з надзеяй сустрэцца са мной і, не сустрэўшыся, запытаўся ў Алеся Бадака, дзе я. Іван не думаў, што я ўжо два месяцы на бальнічным. Я распавёў, як са мной здарылася бяда. У самога Івана з горлам кепска. Абвастрыўся боль. Дамоў вярнуўся змардаваны дарогай і болем. Але, нягледзячы на ўсё гэта, Іван трымаецца і глядзіць на сваю будучыню з аптымізмам. Казаў, што браўся колькі разоў за пераклады, але так і не змог працаваць.
15.09.2024. Нядзеля. Па абедзе тэлефанаваў Іван Чарота, а я не пачуў. Заўважыў прапушчаны званок у гадзін сем вечара.
Патэлефанаваў. У Івана голас, у параўнанні з мінулай размовай, быў не такі хрыплы. Прайшоў Іван яшчэ два абследаванні. Знайшлі пляму. Боль не сціхае. Іван згадаў дзяцінства, калі прасіў у Бога, каб дзед, бацька і ён пражылі па 72 гады. Чаму 72? Ваню тады здавалася, што 72 гады — гэта вельмі вялікая лічба. На той час дзеду было за 72, і дзед пражыў 88 гадоў. Бацька 70. Івану зараз 72, і ён лічыць, што просьба яго спаўняецца.
26.09.2024. Чацвер. Вяртаючыся з Людмілай дадому з паліклінікі, сустрэлі Івана Чароту. Чакаў аўтобуса № 23. Ехаў на лекцыі ў БДУ. Са здароўем кепскавата. Яшчэ і ў страўніку знайшлі хваробу. Іван Аляксеевіч не здаецца. Не трэба здавацца!
31.10.2024. Тэлефанаваў Іван Чарота. Цікавіўся, ці будзем друкаваць у «Полымі» яго аспірантку. Будзем. Са здароўем у Івана кепска, але ён не падае духам.
7.11.2024. У 15.47 з працы патэлефагавала Людміла і паведаміла, што памер Іван Чарота.
9.11.2024. З Людмілай хадзілі ў Ііятра-Паўлаўскі сабор на развітанне з Іванам Чаротам.
Балада Івана Чароты
(16.09.1952—7.11.2024)
На вуліцы восень і сонца ў аблоках,
І ты зноў па справах няспешна ідзеш.
Над Мухляю чайкі лятаюць высока,
Не ведаюць гора, не ведаюць меж.
I ты зноў самотны, бо ведаеш многа,
I помніш бясконца — хлапчыскаю ты
Прасіў для сябе і для родных у Бога
Пражыць «семсятдва»
(о, як доўга!) гады.
I Бог цябе слухаў, і быў Ён з табою
Заўсёды, дзе б ты ні хадзіў па зямлі.
Царква была Словам,
а Слова — Царквою,
I ўсе для цябе не чужымі былі,
Хто верыў у Слова, якое ад Бога.
Дадому прыходзіш, начамі не спіш.
I кнігі твае — да любові дарога
Праз вецер, праз зімы, праз спёку, праз ціш.
I сцежку тваю засыпае лістота,
I чайка над Мухляй анёлам ляціць.
Цыгарку кідаеш, глядзіш за палётам,
I сэрца, і голас, як сэрца, баліць…
Віктар ШНІП
Фота Кастуся ДРОБАВА