Навумава, Г. У. Філалогія як служэнне: да юбілею Івана Чароты / Ганна Навумава // Роднае слова. — 2022. — № 9. — С. 60—61 : фат.

Прыведзены развагі колішніх студэнтаў пра асобу педагога, доктара філалагічных навук, прафесара І. А. Чароту і яго плён у выкладчыцкай справе, а таксама выказванні літаратараў Сербіі пра таленавітага вучонага-славіста.

ФІЛАЛОГІЯ ЯК СЛУЖЭННЕ: ДА ЮБІЛЕЮ

ІВАНА ЧАРОТЫ

У верасні 2022 г. спаўняецца 70 гадоў славісту — даследчыку, перакладчыку, літаратурнаму крытыку, педагогу, доктару філалагічных навук, прафесару Івану Аляксеевічу Чароту.

Пра яго жыццёвы і творчы шлях пісалі шмат. Таму раскажам толькі, што мы, удзячныя вучні прафесара, даведаліся пра філалагічную справу з яго прац і плённага супрацоўніцтва з ім. Што наступныя пакаленні аматараў славеснасці мусяць пазычыць з жыццёвага досведу таленавітага чалавека? Якія знакі ўздоўж літаратуразнаўчай дарогі дапамогуць маладым перакладчыкам і вучоным не згубіцца? Няхай гэта будуць кароткія замалёўкі пра своеасаблівыя плады намаганняў прафесара Івана Чароты, якія ўзраслі ў нас, яго студэнтах-сербістах.

•        Філалогія — шлях асаблівага служэння. Філолаг не зарабляе грошы, не самарэалізуецца, не робіць кар’еры. Філолаг — служыць, як служыць святар, вайскоўца, доктар… Ён нясе Слова людзям, звязвае народы, захоўвае ад забыцця мовы, тэксты, сэнсы, імёны. Зазірнем у глыбіню свайго сэрца: а што рухае кожнага з нас?

•        Бясконца можна глядзець на тое, як гарыць агонь, як цячэ вада і як працуе чалавек, які сапраўды любіць сваю справу. На натхнёнага дырыжора, які з нараджэннем кожнага гука зноў і зноў перажывае імгненні любові да жыцця і ўдзячнасці за яго, на доктара, хто з потам на лбе аперыруе цяжка хворага чалавека, і — на філолага, што сапраўды верыць у справу, якой займаецца. Любоў — рухавік жыцця.

•        Змяняюцца філалагічныя школы і напрамкі, прыходзіць і адыходзіць мода на тыя ці іншыя тэмы ў філалогіі, але нязменна адно: чалавек мае душу, якая цягам жыцця баліць, пакутуе, каецца, шукае выратавання, шчасця, Бога… Сутнасныя, лёсавызначальныя тэмы ніколі не будуць застарэлымі і нецікавымі.

•        Студэнту падчас навучання не так істотна ведаць даты нараджэння пісьменнікаў і памятаць колер парасона галоўнага персанажа, як навучыцца вучыцца, любіць Слова, разумець суразмоўцу, сумнявацца, шукаць, рэфлексаваць, ахвяраваць камфортам дзеля пошуку Ісціны. Тады і заняткі па літаратуры стануць святам.

•        Выкладчык — заўсёды кавалер, з павагай адносіцца да студэнтаў. Такая павага бачыцца ў дэталях: і звернецца па імені і па бацьку, і ў дзвярах прапусціць, і месца саступіць. Парадаксальна, але такога выкладчыка хочацца паважаць яшчэ болей. I нават прачытаць таўшчэзны раман, які задаў на практычныя заняткі. Ну, як жа можна яго расчараваць?

•        Добрага перакладчыка ніколі не заменіць машына. Бо такі перакладчык ведае не толькі замежную, але і родную мову, перачытаў тысячы кніг, з лёгкасцю «жанглюе» культурнымі рэаліямі, разумее традыцыйную і сучасную фразеалогію, размоўныя выразы, знаёмы з рэдкай навуковай тэрміналогіяй, лёгка счытвае іронію, валодае культурным, эканамічным, палітычным і гістарычным кантэкстам.

•        Вялікае шчасце — заўважыць, раскрыць і рэалізаваць свой дар, талент, які, несумненна, ёсць у кожнага чалавека, і тады ніякая праца не будзе цяжкай, ніякая ноша — невыноснай.

•        Патрыятызм пачынаецца з любові да сваёй сям’і — ахвярнай любові, якая «церпіць доўга… не праслаўляе сябе, не ганарыцца»… (Кар. 13: 4). Схематычна ж такі патрыятызм можна ўявіць праз кругі — найболыны з іх уключае ўсе меншыя. I нельга па-сапраўднаму любіць краіну, калі з «драбнейшымі» складнікамі ў цябе пакуль «правал». З іншага боку, ёсць кругі большыя за Радзіму, без якіх і любоў да Бацькаўшчыны не будзе паўнавартаснай. Маюцца на ўвазе больш шырокія супольнасці, у іх рамках фарміравалася беларуская нацыя і з імі звязана моцнымі духоўнымі ніцямі. Ісці па жыцці прасцей і лягчэй, калі побач свае людзі, аднадумцы, тыя, хто, па біблейскім запавеце, будуць «насіць цяжары адно аднаго» (Гал. 6:2).

Аказваецца, такім аднадумцам можа быць… цэлы народ. Вялікім здабыткам для нас стала знаёмства з сербамі, іх гісторыяй і культурай. Культурныя і літаратурныя ўзаемасувязі з Сербіяй — невычарпальная крыніца сэнсаў, вечных каштоўнасцей, духоўнай падтрымкі нам, беларусам.

Шкада, што так мала мы пакуль засвоілі за гады і дзесяцігоддзі сумеснай працы з прафесарам Чаротам. Прыемна, што шлях супрацоўніцтва для нас працягваецца. А ўсё тое, пра што забыліся сказаць мы, скажуць іншыя калегі Івана Аляксеевіча. Галасы яго суайчыннікаў будуць гучаць у Беларусі ў юбілейныя дні, а мы звярнуліся да калег з Сербіі, дзе любяць і цэняць беларускага славіста (а праз яго — і нашу краіну), і папрасілі адказаць на пытанне: «Якія ўрокі мы, маладзейшыя, павінны засвоіць ад нашага суайчынніка?» Адказы прыйшлі імгненна — прычым з цеплынёй і размахам, характэрнымі для братэрскага сербскага народа (дзякуем перакладчыцы Даяне Лазаравіч за дапамогу).

•        «Прафесар I. Чарота адзін з найбуйнейшых еўрапейскіх і сусветных славістаў сучаснасці, яго навуковая і літаратурная творчасць вельмі багатая, шматслаёвая і жанрава разнастайная. Рэдкі вучоны столькі працаваў і так істотна паспрыяў узаемнаму збліжэнню, знаёмству і вывучэнню роднасных славянскіх культур, моў і літаратур». Мілуцін Джурычкавіч, прафесар, Інстытут дзіцячай літаратуры Сербіі.

•        «Прафесар, перакладчык Іван Чарота — гэта чалавек-установа. Гэта мост паміж славянскімі народамі — для сербаў не менш важны, чым мост на Дрыне, імем якога названы раман нашага нобелеўскага лаўрэата Іва Андрыча. Іван Чарота пераклаў з сербскай мовы на рускую і беларускую болын за 70 твораў і незлічоную колькасць меншых літаратурных адзінак, а таксама напісаў шмат тэкстаў пра сербскую літаратуру. Усё гэта Чарота робіць з вялікай любоўю, быццам манах і падзвіжнік, ні на хвіліну не задумваючыся пра зямныя здабыткі, заўсёды маючы перад сабой толькі высокую Боскую мэту яднання культур у самым высакародным сэнсе. Мала каму сёння сербская культура абавязана так, як Івану Чароту». Нэвена Вітошавіч Чэкліч, пісьменніца.

•        «У вялікай бібліятэцы, якую самааддана будаваў гэты дойлід Славеснасці, ёсць яшчэ адно яго неацэннае вымярэнне: разуменне, любоў і вера ў тое, што літаратура малога народа насамрэч — вялікая. Бо ў ёй жывуць сярэднявечныя аўтары, фальклорны пясняр, Негаш, Вук, Црнянскі, Андрыч, Дэсанка… Пісьменнікі і праваслаўныя мысляры… I мы, маладзейшыя…» Драган Лакічавіч, пісьменнік, галоўны рэдактар Сербскага літаратурнага таварыства.

•        «Іван Чарота зрабіў і выдаў болыд за 1200 перакладаў твораў класікаў сербскай літаратуры і сучасных пісьменнікаў, асабліва тых, чыя творчасць мае каштоўнасць для праваслаўнага хрысціянства. Некалькі гадоў таму ён стаў замежным членам САНУ і Саюза пісьменнікаў Сербіі. Але перш за ўсё гэты дзейны чалавек — мой даўні сябар. I не толькі мой!» Радамір Андрыч, пісьменнік, ганаровы прэзідэнт Саюза пісьменнікаў Сербіі.

•        «Грэцкі мудрэц Геракліт гаварыў: «Адзін для мяне — дзесяць тысяч, калі ён найлепшы!» Менавіта такім з’яўляецца акадэмік Чарота, які за сем дзесяцігоддзяў жыцця больш зрабіў для навукі, культуры і мастацтва, чым некаторыя акадэміі, універсітэты, інстытуты, асацыяцыі і групы экспертаў… Гэта Вук Караджыч нашага часу, бо тое, што ён зрабіў для беларускага, сербскага і іншых славянскіх народаў у галіне філалогіі — мовазнаўстве, літаратуразнаўстве, фалькларыстыцы, адборы і ацэнцы твораў іншых аўтараў і перакладаў з замежных і на замежныя мовы, — роўна бессмяротнаму подзвігу «бацькі сербскай пісьменнасці» новага часу. Хто ў Сербіі чуў пра Беларусь і беларусаў, той чуў і пра Івана Чароту!» Аляксандр Чотрыч, пісьменнік і перакладчык.

•        «Герой славістыкі і герой нашага аповеду не хоча быць першым, не хоча быць перад усімі. Але яго студэнты і людзі, якія яго слухаюць і любяць, знаёмыя з яго творчасцю, упарта ўзводзяць на заслужаны трон. Многія змагаюцца за яго кампанію, за размову, параду, хвіліну ўвагі. Прафесар Чарота не выхваляецца ўзнагародамі, хоць за жыццё атрымліваў іх дзясяткамі. Яго грудзі ўпрыгожваюць медалі і ордэны за заслугі і дасягненні ў галіне культуры і літаратуры, якія ён атрымаў у Беларусі, Сербіі, Расійскай Федэрацыі ды іншых краінах. Але амаль немагчыма пачуць гэта ад самога прафесара, які кожную навіну ўспрымае з хрысціянскай сціпласцю і шчырай надзеяй, што з будучых пакаленняў народзяцца людзі, вартыя такіх узнагарод і ўшанаванняў». Даяна Лазаравіч, перакладчыца.

Ганна НАВУМАВА,

кандыдат філалагічных навук