Чарота, І. А. Ражджаство замяніць калядамі не атрымаецца / Іван Чарота // Царкоўнае слова. — 2022. — 4 лістапада (№ 44). — С. 4—6 : фат.
Чарнавыя накіды разваг І. Чароты да кнігі «Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік праваслаўнай лексікі».
Ражджаство замяніць калядамі не атрымаецца
«Царкоўнае слова», № 42(1058), у дадатак да артыкула прафесара
I. А. Чароты змясціла чарнавыя накіды далейшых яго разваг. Матэрыял, які прапаноўваем цяпер, іх разгортвае і завяршае цыкл.
Нагадваем, што тэматыка ўсяго цыклу нашых публікацый абумоўлена выхадам у свет «Кароткага царкоўнаславянска-беларускага слоўніка праваслаўнай лексікі», які, дарэчы, набыць можна ў кніжнай лаўцы Свята-Петра-Паўлаўскага сабора: Мінск, Ракаўская,4.
А дзеля жаданага паразумення з чытачамі розных поглядаў адчуваем патрэбу яшчэ вось што падкрэсліць: галоўная наша задача — з максімальнай канкрэтнасцю асэнсаваць стан той лексікі, якая ў Праваслаўнай Царкве праіснавала ўжо не менш за тысячагоддзе і на законных правах можа існаваць далей. Гэта значыць, што мы, ні ўякім разе не адмаўляючыся ад клопату пра — так ці інакш залежныя ад канфесійнага неаднамоўя — перспектывы развіцця мовы агульнанацыянальнай, стараемся не ўмешвацца ў вырашэнне моўных праблем беларускіх рыма- і грэка-католікаў, пратэстантаў, мусульман ці іудзеяў. Свае праблемы няхай вырашаюць яны самі. Але гэта адначасова значыць і тое, што нам, праваслаўным беларусам, якіх у краіне ўсё ж такі пераважная большасць, для нашай сакральнай сферы таксама ніхто не павінен навязваць для абавязковага выкарыстання слоўнікавы запас іншых канфесій. Ды, на вялікі жаль, чамусьці атрымліваецца якраз так. I вось нам, толькі нам, якія па-ранейшаму давяраюць дэкларацыям пра талерантнасць, не перастаўшы чакаць падобнага ад усіх, даводзіцца зноў і зноў цярпліва даваць тлумачэнні асаблівасцяў свайго становішча. У той час як, па сутнасці, дастаткова проста заявіць, што адвольныя спробы моўнай «перабудовы» ніяк не стыкуюцца з нашымі шматстагоддзевымі традыцыямі і што гэта, адпаведна, робіць немагчымым успрыманне ў якасці «матчыных» такіх слоў,
як Бібля, Збаўца, Звеставанне, Звышхвалаваная, Згробуўстанне, Ратаўнік, Унебаўшэсьце, Эванэлія, кляштар, плябан, рэкалекцыі, санктуарыі, хва- лаваць, цвінтар і шэраг іншых.
Пра «матчыну мову» (Muttersprache, langve materneiie…) згадана тут зусім не выпадкова. У нас даўно стала завядзёнкай усе моўныя дыскусіі прыкрываць упамінаннем яе, незалежна ад таго, якія пытанні паўстаюць і маглі б разглядацца ў сувязі з гэтым. Такіх нямала, і звычайна мы дазваляем сабе з лёгкасцю іх абмінаць, не заўважаць. Між тым, цяпер і тут якраз нагода звярнуць увагу на тое з іх, якое ўлічваецца, бадай, у найменшай меры: «Так как первый учитель наш молитве есть Церковь, которая научена молиться прекрасно самим Духом Святым, так как мы сами не вемы о чесом помолимся якоже подобает (Рнм.8, 26), то обязанность всякаго хрнстнаннна знать язык матери своей Церкви. Грех тому, кто не знает достаточно; грех особенно тем, которые, научившись языкам иностранным, не хотелн н не хотят учиться языку Матери-спасительницы. Вообще, всем надо понимать н учиться языку славянскому» (Моя жизнь во Христе или минуты духовнаго трезвения и созерцания, благоговейнаго чувства, душевного исправления и покоя в Господе. Извлечение из дневника протоиерея Иоанна Илича Сергиева. Том второй. Ютика, Н. I. (США). 1988. С. 316). Ну а для спамянёнага паразумення не лішне, бадай, нагадаць шырока вядомае выслоўе: «Каму Царква — не Маці, таму і Бог — не Айцец». Дарэчы, хто схільны да слова «бацька» замест «Айцец», няхай сабе ўжывае і яго. Але, зноў-такі, не навязваючы сваёй схільнасці ўсім астатнім.
Што ж да пераўладкавальнай — і, па сутнасці, псеўдаталерантнай — сітуацыі ногул, то мы ўжо звыкліся ледзь не ўсё спісваць на асаблівасці апошняга часу альбо, як некаторыя лічаць, міжчасся. Ды з гэтым цяжка пагадзіцца ў прынцыпе, паколькі ва ўсіх справах любога часу маюцца, акрамя чыннікаў аб’ектыўных, яшчэ і суб’ектыўныя. Інакш кажучы, у кожнай канкрэтнай справы ёсць тыя, хто яе задумвае, хто распачынае і хто непасрэдна здзяйсняе. А дадзены выпадак з іншых вылучаецца тым, што персаналізацыя амаль усіх спраў занатавана, «запісана пяром», прычым даволі трывала. Так што, у прынцыпе, добра і надоўга застаецца вядомым, хто і як шчыраваў, імкнучыся захаваць (а ці разбурыць) сакральную мову праваслаўных беларусаў. А рэальныя заслугі свае, за якія належнае з часам павінна быць аддадзена, фіксавалі і мовазнаўцы, і аўтары школьных падручнікаў, і перакладчыкі, і работнікі сферы масавай інфармацыі. Некаторыя з іх, ці іх абаронцы ўжо потым, палічаць дастатковым апраўданне: маўляў, грамадствам запатрабаванымі аказаліся надканфесійнасць і нацыянальная адметнасць, так што абавязкова было адпавядаць «духу часу»; таму без лішніх разваг і агаворак яны вымушаны былі прыходзіць да высновы, што лепш, калі замест стара(царкоўна)славянскага і раздражняльна «руска-праваслаўнага» слова Рождество стануць ужывацца Божае Нараджэнне альбо Каляды. У такім падыходзе, між тым, старэйшае пакаленне моцна адчувае інерцыю вопыту бальшавікоў па ўсталяванні сваёй ваяўніча бязбожніцкай ідэалогіі. Але мы, хоць і становімся заложнікамі сітуацыі, у якой трэба памятаць пра гэты немалаважны аспект, паспрабуем разабрацца ў аспекце чыста моўным: наколькі адэкватнымі і правамернымі з’яўляюцца варыянты замены, упадабаныя «знешнімі» пераўладкавальнікамі мовы Праваслаўнай Царквы — выключна яе (!).
Першы з гэтых варыянтаў уяўляе сабою выраз, уласцівы польскай мове (Воżе Narodzenіе), а праз яе замацаваны ў беларускім каталіцкім асяроддзі. Што да братоў-католікаў, то, як ужо было сказана, гэта іх справа; няхай сабе карыстаюцца колькі заўгодна хоць палынчызнай, хоць лацінай. Але чаму запазычанні з мовы польскай ці лацінскай павінны ўводзіцца як абавязковыя для вернікаў Праваслаўнай Царквы, калі ў іх здаўна прыжыліся паняцці свае — з мовы ЦАРКОЎНАславянскай?
У вымушана закранутым пытанні нагадваюць пра сябе і моманты, якія патрабуюць дадатковай канкрэтызацыі. Скажам, тое, што, паводле праваслаўнай традыцыі, зыходная назва свята — Рождество Христово. I калі пераафармляць яе паводле вышэйзгаданай польскай мадэлі, то ўзнікае сэнсавы паўтор, недарэчны ўвогуле, а тым больш у назве такога свята: Божае Нараджэнне Хрыстова. Разам з тым, адкідаць трэцяе слова тут, як быццам, і не зусім правамерна, паколькі яно выконвае ўдакладняльную функцыю, дапамагаючы адрозніваць фармальна падобныя, але не аднаго значэння, складовыя часткі, які прысутнічаюць у назвах іншых свят таксама: Рождество Пресвятой Богородицы, Рождество Предтечи и Крестителя Господня Иоанна; а ў гэты самы шэраг трэба дадаць яшчэ і свята ўшанавання іконы Божай Маці «Прежде Рождества и по Рождестве Дева» (адзначаецца 17/30 кастрычніка). Дык хіба дапушчальна, каб выраз Божае Нараджэнне з’явілася ва ўсіх прыгаданых назвах?
Варта ўлічваць, што Рождество як слова-паняцце мае шырокі і своеасаблівы дыяпазон значэнняў, пры перакладзе якіх ні словам нараджэнне, ні выразам Нараджэнне Хрыстова абысціся проста немагчыма. У гэтым няцяжка пераканацца нават на тых прыкладах, якія змяшчаюць звычайныя, масавага выкарыстання, малітвасловы:
«Ты же чистая красуйся, Богородице, о восстании рождества Твоего»; «Слава всельшемуся в Тя, слава Прошедшему из Тебе, слава Свободившему нас рождеством Твоим»; «Како не дивимся Богомужному рождеству Твоему, пречестная… искушения бо мужескаго не приемши всенепорочная; родила еси без отца сына плотию прежде век от Отца рожденнаго без матере…»; «…Молящи не оскудевай о воспевающих н кланяющихся Рождеству Твоему»; «… изумевает же ум всяк Твое рождество разумети: темже Тя согласно славнм»; «Рождество Твое, Богородице Дево, радость возвести всей вселенней…» «Утробу Девичу освятивый рождеством Твоим, и руце Симеоне благословивый…»; «В рождестве девство сохранила еси…»; «Рождество Твое нетленно явися: Бог из боку Твоего пройде, яко плотоносец явися на земли, и с человеком поживе»; «Побеждаются естества уставы в Тебе, Дево чистая: девствует бо рождество, и жпвот предобручает смерть: по рождестве Дева и по смерти жива, спасаеши присно, Богородице, наследне Твое»; «Бессеменнаго зачатия рождество несказанное, Матере безмужныя нетленен плод: Божие бо рожденые обновляет естества…»; «… в ризу нетления облекохомся рождеством Твоим…»; «Странное рождество видевше, устранимся мира, ум на небеса преложше» (Гл., напр.: Молитвослов. М., 1992. С. 78, 134, 139, 142, 204, 209, 241, 255, 256, 257, 288, 328, 337). Калі рабіць сціслую выснову, то найразумнейшай яна б атрымалася пры належным усведамленні сэнсу слоў: «ум на небеса преложше».
Але вернемся да назвы свята. Пры патрэбе выкарыстоўваць беларускую мову ГІраваслаўная Царква спынілася на адаптаваным царкоўнаславянскім варыянце — Ражджаство, незалежна ад таго, наколькі ён падабаецца іншаверным суграмадзянам (Гл., напр.: Праваслаўны малітваслоў. Мінск, 2012; Беларускі праваслаўны каляндар. Мінск, 1993-2022 гг.; Царкоўнае слова, 1999-2022 гг. і інш.). Дарэчы, з благаславення Царквы, для яе вернікаў, у свой час была выпушчана паштоўка-віншаванне: З Ражджаством Хрыстовым! Назва, адпаведна, замацоўвалася ў шырокім ужытку. I дзейнічалі тады не прыхамаці членаў Біблійнай камісіі, як інтэрпрэтавалі гэта некаторыя апаненты, а жывая традыцыя праваслаўнага люду, які так гаварыў і пісаў у розныя часы, без ніякіх камісій.
Пацвярджэнне таго, што гэтае слова для народа Беларусі ні ў якім разе не чужое і не мёртвае, знаходзім у «Дыялекталагічным атласе беларускай мовы». Можна дапусціць нават, што і надзейнасць прыгаданага атласа хтосьці паставіць пад сумненне: а ці ўлічаныя там дыялектныя матэрыялы адпавядаюць нашаму часу, ці дастатковую кваліфікацыю маюць аўтары-складальнікі..? Што ж, не павінна шкодзіць і «пераправерка» з дапамогаю матэрыялаў, выяўленых і ў навуковы зварот уведзеных нядаўна, а да таго ж высокааўтарытэтнымі спецыялістамі. Тады возьмем, напрыклад, апублікаваныя С. М. Талстой тэксты з беларускага Палесся, у якіх тройчы сустракаецца: «пред Разжеством», «пред Разжеством Христовым», «перад Ражэством» (Толстая С. М. Следы древнесербской и древнерусской апокрифической традиции в полесском фольклоре. Приложение // Русский взгляд на сербский язык, литературу и культуру. Белград, 2015. С. 304- 306). А ў дадатак яшчэ можам пераканацца, што гэтая ж аўтарка, непасрэдна займаючыся даследаваннем народнага календара, запісала таксама яшчэ два варыянты назвы свята: Роздво і Рожэство (Гл.: Толстая С. М. Полесский народный календарь. Материалы к этнодиалектному словарю: К-П.: Славянский и балканский фольклор. 1986. С. 179-185). Калі і пасля гэтага спатрэбяцца звесткі дадатковыя, няцяжка ўдакладніць і канкрэтызаваць, што слова Ражджэство да цяперашніх дзён захоўваецца ў песнях Століншчыны (Гл.: Грэчка I. Ці годна мы святкуем? // Краязнаўчая газета. 2006. № 1. С. 1).
Надзвычай паказальна, што якраз форма Ражджаство, для называння свята, выкарыстоўвалася аўтарамі беластоцкай «Нівы» — беларускамоўнай газеты, якая не зведала такога ўплыву палітыкі багаборчасці, як органы друку БССР, і не цуралася рэлігійнай тэматыкі (Гл., напр.: Ніва (Беласток). 24.01.1999. С. 4). У яе «Беларускім календары» на апошні год другога тысячагодзя (Ніва.2.01.2000. С. 6-7), праўда, з’явілася навацыя: «Каляды (Нар. Хрыст.)». Гэта, хутчэй за ўсё, вынік раўнення на рэфарматараў з Мінска, бо ў тым самым нумары да надпісу на Крыжы ў Рыбалах «В честь славного 2000-летия Рождества Господа Нашего ИИсуса Хрнста …» прыведзена з’арыентаванае «на літаратурную мову» ператлумачэнне: «…У гонар слаўнага 2000-годдзя Нараджэння Госпада Нашага Ісуса Хрыста…» (Тамсама. С. 8). Аднак у наступных нумарах «Нівы» слова Ражджаство не знікла-такі (Гл.: Ніва. 9.01.2000. С. 3, 6, 9; 16.01.2000. С. 4; 23.01.2000. С. 3). Так што праваслаўныя аўтары Беласточчыны па-ранейшаму і гавораць, і пішуць: Ражджаство Хрыстова ( Гл., напр.: Фіёнік Дарафей. Пчолы айца Максіма // Бельскі гостінэць. 2012. №1(45). С. 49).
А вось у сродках масавай інфармацыі Беларусі адбыліся — без чаканага выніку — спробы замацаваць назву Народзіны. Затым, верагодна, з улікам народнай традыцыі, ужывалася слова Ражаство, якое з часам стала замяняцца формамі Ражство і Раство. Між тым, апошнія варыянты таксама наўрад ці можна ўспрымаць як больш удалыя. Па-першае, непазнавальнымі аказваюцца прыметнікі, утвораныя ад такіх назоўнікаў — ражствянскі, раствянскі (натуральна, мы ўсведамляем, што і з Ражджаством такая ж праблема). А па-другое, хоць у пэўных рэгіёнах бытавалі розныя формы назваў свята — акрамя згаданых, на Беласточчыне і Брэстчыне гэта Руздво і Роздво, пра што мы згадвалі ў спасылцы на С. М. Талстую, — аднак трэба прызнаць, што такія назвы немагчыма ўвесці ў агульнанацыянальны лексічны фонд. Ужо з-за таго, што яны страцілі выразнасць першаснага значэння, тую празрыстасць этымалогіі, якую зыходна мелі. Дык чаму нельга захоўваць слова ў форме адаптаванай, а разам з тым і ў непасрэднай пераемнасці адносна мовы стара(царкоўна)славянскай? Звяртаючы ўвагу на гісторыю бытавання розных назваў, нельга не згадзіцца і з аўтаркай артыкула — праўда, не ва ўсім выверанага, — у якім канстатуецца: «Гэтае… свята ў праваслаўных колах старабеларускага грамадства называлася рождество, рожество, рожство, розство...» (Будзько I. Каляды, Вадохрышча, Вялікдзень // Роднае слова. 2010. № 10. С. 42).
Вядома, заўжды патрэбна паслядоўнасць уліку адрозненняў паміж мовай сакральнай, кніжна-пісьмовай/літаратурнай і жывой. Яшчэ можна зразумець і рукой махнуць, калі ўзаемазамены іх дапускаюць журналісты, якія не здолелі ці проста не захацелі разабрацца ў сутнасці з’явы. Але падчас у адзін шэраг з імі становяцца і прафесійныя філолагі, што якраз адбылося ў дачыненні да Ражджаства Хрыстовага. Спецыяліст, які ўзяўся рашуча аспрэчваць такую назву свята, не звяртаў увагі на паслядоўнасць у метадалогіі аналізу і нават у элементарнай логіцы. Зыходная тэза ў яго нібыта правільная: «Наш выбар павінен быць на карысць тэрмінаў, якія склаліся ў нас гістарычна…» (Крамко I. Пошук свайго (Лексіка-гістарычныя нататкі) // Наша слова. 22.12.1999. — С. 2). Аднак тады трэба адразу ж прызнаваць, што ў нас, праваслаўных, гістарычна безальтэрнатыўным быў і застаецца выбар на карысць назвы Рождество Хрыстово, якая фанетычна «абеларусілася» і прадстала як Ражджаство Хрыстова. Між тым, далей шаноўны калега абгрунтоўвае вывератны бок з’явы: «…і гучаць натуральна, не парушаюць беларускай гукавой сістэмы — Коляды і Каляды, Нараджэнне Хрыстова (Божае)» (Тамсама). А гэта ўжо не інакш як ад трукацтва — калі хтосьці не надта зграбна робіць стойку на адной руцэ ўніз галавою і спрабуе пераканаць усіх, што так і стаяць, і рухацца не толькі зручней, але і натуральней.
Згодзімся, што слова Ражджаство аказваецца не самым (блізка) адпаведным сістэме кадыфікацыі сучаснай беларускай мовы; асабліва яе фанетыкі. Разам з тым, наўрад ці хто возьмецца даказваць, што ўсё ж такі як ненатуральныя, небеларускія, успрымаюцца збегі зычных у словах адраджэнства, баярства і ваяводства, дажджавік і ўраджайнасць, раз’езджаны, завэнджваць і інш.
Другая ж назва, Каляды, зыходна мела іншай прыроды значэнне, таму без агаворак пераносіць яго на канкрэтнае свята хрысціян — гэта памылка, якая ў нас дапускаецца залішне часта, прычым тымі, хто павінен умацоўваць нормы, а не разбураць іх. Як ні прыкра, у гэтым шарэгу апынуліся таксама аўтары і рэдактары «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы», па віне якіх дадзена такое вось тлумачэнне: «Царкоўнае хрысціянскае свята нараджэння Хрыста, якое адзначалася 25 снежня па ст.ст. і ў наступныя дні да вадохрышча» (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т.2. Мінск, 1978. С. 595). Тут, праўда, асноўная прэтэнзія павінна звязвацца з лагічнай нестыкоўкай паміж запісаным у тлумачэнні, што гэта «святА» (! адзіночны лік), і пазнакай, што «адз.[іночнага ліку] няма». Перад намі надзвычай сімптаматычны прыклад таго, як выяўляецца моўная свядомасць сучасных унармавальнікаў адметнай беларушчыны: галоўнае — каб атрымлівалася інакш, чым «па-руску»; неістотна, што ў дадзеным выпадку (пад)свядомасць сама па сабе нагадвае пра святкі — не выкасоўваецца ўсё ж такі агульнаруская памяць, не пра адно свята. Уласна, тым, хто схільны забывацца, гэта даходліва растлумачылі сур’ёзныя знаўцы беларускасці і з моўнага, і з веравызнаўчага пунктаў гледжанння. Так, першы і найзначнейшы беларус-акадэмік у свой час пісаў: «Празднование коляды в большинстве местностей начинается накануне Рождества Христова и продолжается до 5 января, кануна Богоявления (ссылка 62). Весь этот промежуток времени, у великорусов называющийся святками, у белорусов н малорусов называется колядами…» (Карский Е.Ф. Белорусы. Т.ІІІ. Кн. 1. Мінск, 2007. С. 117 ). Не інакш тлумачылі гэта і ўсе астатнія, хто меў досвед у рэальным стане рэчаў — напрыклад, П. Шэйн, М. Янчук, А. Багдановіч, тая ж С. Талстая. I памяркоўныя сучасныя этнолагі таксама фіксуюць увагу на гэтым (Гл.: Сысоў У. З крыніц спрадвечных. Мінск, 1997. С. 9).
А мы, падагульняючы выкладзенае, мусім вярнуцца да пытання, чаму нам навязваюць словы (і, адпаведна, паняцці), запазычаныя з чужых моўных і веравызнаўчых сістэм. Як давялося пераканацца, знайсці просты і бяскрыўдны адказ на яго цяжка. Тое, што мы хочам застацца пры паняццях з мовы сваёй — старажытнай і ад самага пачатку непасрэдна да веры прывязанай, — апанентаў нашых не задавальняе. I вось у вымушаных пошуках адказу, чаму так адбываецца, мы зноў і зноў натыкаемся на той відавочны факт, што цяперашнія пераўладкавальнікі зацята падтрымліваюць — таксама пераўладкавальніцкія — погляды стагоддзевай даўнасці як выражэнне канчатковай ісціны: «Наша старая мова, вытвараная духавенствам і пануючымі клясамі, незразумела народу так сама, як незразумела мова расійская і польская. Гэта старая мова ніколі ўжо не ўваскрэсьне, як не ўваскрэснуць тыя пакаленьні, якія традыцыі яе будаваньня ўзялі з сабой у магілы. Яна выяўляе цяпер толькі нязьмерна цікавы аб’ект для нашых моваведаў, якія могуць з яе яшчэ многае адкапаць, што ўтрачана народам, бо сьцісла бяручы, гэта ёсьць адна з нашых гутарак, ужо адумершая» (Ластоўскі В. Падручны расійска-крыўскі(беларускі) падручны слознік. Коўна, 1924. С. III).
Як жа рэагаваць на гэта? Ды так, як рэагуе ўвесь праваслаўны люд Беларусі. А ён, саборнай сваёй свядомасцю, і сто гадоў таму такія погляды не прымаў, і цяпер, дзякуй Богу, усё ж такі не прымае. ……
Іван ЧАРОТА, доктар філалагічных навук, прафесар БДУ