Чарота, І. А. Усё ж такі беларусам патрэбны і благадаць, і спасенне / Іван Чарота // Царкоўнае слова. — 2022. — 21 кастрычніка (№ 42). — С. 6—9 : фат.
Усё ж такі беларусам патрэбны і благадаць, і спасенне
Цвяроза ацэньваючы супярэчнасці, у большасці выпадкаў створаныя штучна, мы павінны-такі пераадолець беспадстаўнае ігнараванне таго, што зыходна закладалася мовай царкоўна(стара)славянскай — роўнасвяшчэннай! Асабліва гэта датычыцца незаменных слоў благаславенне і благадаць з усімі вытворнымі. Хіба ж не дзіўна, што некаторыя з нас на іх чамусьці рэагуюць так, выбачайце, як нячысцікі на ладан?
Стаўленне да першага з іх мы досыць падрабязна абмеркавалі. Спынімся яшчэ і на другім, зыходна выкарыстоўваючы такое надзейнае апірышча, як слоўнік У. I. Даля: «Благодать, ж. црк. Дары Духа Святаго; // наитие свыше; // помощь, посланная свыше, к исполнению воли Божьей; любовь, милость, благодеяние, благотворение; // преимущество, польза, выгода; обилие, избыток, довольство» (Даль В. Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 1. М., 1956. С. 92). I што ж тут вылучана як галоўнае для сэнсу? Не «польза, выгода», зразумела, тым больш не «избыток, довольство», а «Дары Святого Духа», «исполнение воли Божьей». Дык хіба не гэта павінна перадаваць слова беларускае? У народным, верніцкім ужытку яно гэта і захоўвае. Напрошваецца выснова, што тыя, хто спрабуе ператлумачыць яго па-свойму, так ці інакш дэманструюць адчужэнне ад волі і сілы Божай. Ды не будзем катэгарычнымі ў меркаваннях наконт гэтага. Возьмем толькі чыста мовазнаўчы план — у прыватнасці, наколькі ўлічваецца двускладніковасць/двухчасткавасць значэння гэтага слова. Нават замяніўшы так ці інакш адну частку (блага-), ігнаранты яго непазбежна спатыкаюцца на другой (— даць). Пакідаць яе без змен наўрад ці дапушчальна, паколькі ў адасобленай пазіцыі яна для сучаснай беларускай мовы сапраўды выяўляе сваю штучнасць. А натуральна трансфармаваць яе не ўдалося пакуль што нікому. Вось і працягваем блытацца, уводзячы заменнікі, якія не азначаюць таго, што павінны былі б; выражаюць хіба толькі пэўныя намёкі на вядомае значэнне першаснага слова. Так што самую сутнасць азначэння Благадатная ў звароце Ангела да Дзевы Марыі (Лк. 1, 28) беларускія перакладчыкі перадалі на свае — адвольныя і адначасова далёкія ад зместу Свяшчэннага Пісання — лады: ласкі поўная (Татарыновіч), поўная ласкі (Чарняўскі), ласкаю абдараваная (Станкевіч), дабрадатная (Луцкевіч і Сёмуха), жыватворная (Клышка)… Немагчыма не звярнуць увагу на тое, што амаль усе гэтыя ператлумачэнні ўступаюць у супярэчнасць з выказаным праз верш пры дапамозе праігнараванага слова «благодать». I калі яшчэ неяк можна апраўдваць варыянты «бо ты прыдбала ласку ў Бога» (Станкевіч), «знайшла ты ласку ў Бога» (Чарняўскі), «бо ты знайшла ласку ў Бога» (Луцкевіч), дык рашэнне «бо ты здабыла мілату ў Бога» (Сёмуха) наўрад ці мбжна прызнаць матываваным наогул. Даходліва растлумачыў гэта свяціцель Нікалай Сербскі: «А благадаць — нешта большае за міласць; благадаць ёсць уласна боскае іменаванне міласці, святочны від міласці альбо міласць у сваім найвышэйшым харастве — вось што такое благадаць» (Владыка Николаj Велимировыħ. Нове беседе под гором. Београд, 1995. С. 51). Аднак сербскі свяціцель многім беларусам не ўказ. Яны ўпарта трымаюцца свайго і ў працытаваным выпадку, і пры перакладзе 40 верша 2 раздзела Евангелля ад Лукі: «і ласка Божая была на Ім» (Станкевіч) «і ласка Божая была на Ім» (Чарняўскі), «дабрадаяньне Божае было на Ім» (Луцкевіч), «I мілата Божая была на Ім» (Сёмуха).
Прыведзеныя і падобныя прыклады зноў жа нагадваюць, што неабходна прыпыняць наўмысны гвалт над моўнай матэрыяй і законамі яе натуральнага існавання. Аматараў словатворчасці пры гэтым, вядома, ніхто, ніяк і нічым не павінен абмяжоўваць. Пры ўмове, што яны пазбавяцца зададзенасці ў стаўленні да благадаці, гэтак жа, як і да благаславення.
Калі ж нам у чарговы раз будзе паўтарацца гаворка пра нібыта двухсэнсоўнасць, то звернемся да аналогій. Скажам, да таго, што ў сучаснай рускай мове зусім іншыя значэнні — часам супрацьлеглыя, калі параўноўваць з стара(царкоўна) славянскай — набылі словы вонь, неистовый, очаровать, прелесть, страсть, тварь, ужас… Тым не меней у адпаведным стылі гэтай мовы нармальна ўспрымаецца слова живот, і не абавязкова ж яго разумеюць як «пузо»; аналагічна — тварь, што можа азначаць і «создание», і «мерзкое существо»; нешта падобнае назіраецца і тады, калі назоўнік лихо мае значэнне «бяда», а прыслоўе такой самай формы азначае «умело, удачно». Зрэшты, і ў беларускай мове можна знайсці выпадкі аманіміі, калі семантыка аддаляецца і нават супрацьпастаўляецца — напрыклад, слова праява, якім азначаюць і проста «з’яву», і «незвычайнае ліхое здарэнне». І ўжо таму недарэчна замест слова «ікона»=«вобраз» ужываць Бог ведае адкуль выкапанае, відавочна мёртвае — «абраз», не зважаючы на тое, што ім правакуюцца асацыяцыі з «абразай», г.зн. знявагай.
Да канчатковай заблытанасці давялі ў нас таксама выкарыстанне слова «Спас» і роднасных, аднакарэнных яму, нягледзячы на тое, што жывыя гаворкі захоўваюць яго ў розных значэннях: дзеля іменавання Госпада (вытворная скарочаная форма ад Спасіцель), як назву іконы Хрыста, як народную назву свята Праабражэння Гасподняга. Вытворнае ад апошняга — «спасаўка», назва паста, які папярэднічае святу (Гл.: Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 5. Мн., 1983. С. 251); у некаторых мясцовас- цях (на Брэстчыне, скажам) «спасаўкай» называюць яшчэ пэўны сорт яблыкаў. Карацей кажучы, памылковым з’яўляецца меркаванне, быццам бы ў сучаснай беларускай мове «Спас» — гэта толькі назва свята. Як высвятляецца, словы спас, спасацца, спасаць, спасенне, спасібаваць, спасібачкі; спас, спасенне, спасібка, спасці далёка не рэдкія ў жывой гутарковай мове (Мажэйка Н. С., Супрун А. Я. Частотны слоўнік беларскай мовы: Гутарковая мова. — Мн., 1989. — С. 91, 139; Мажэйка Н. С., Супрун А. Я. Частотны слоўнік беларскай мовы: Вусная народная творчасць — Мн., 1982. — С. 91, 139); прычым народная фразеалогія трывала захоўвае гэтае слова са значэннем «ратунак» у шырока распаўсюджаным выразе «няма спасу» (тамсама; Мяцельская Е. С., Камароўскі Я. М. Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі. Мн., 1972. С. 245). Але для нашай размовы значна важней, што яно ўжываецца таксама дзеля азначэння-персаніфікацыі Бога ў творах каляндарна-абрадавай паэзіі: «Святы Спас па полі ходзіць, копы лічыць, раскладаець…» і з не меншай выразнасцю — у народных замовах: «Святы Спас, стань на помач!» (Беларускі фальклор. Хрэстаматыя. 3-е выд. / Склад К. П. Кабашнікаў, А. С. Ліс, А. С. Фядосік, I. К. Цішчанка. Мн., 1985. С. 107, 66). Фактычна ўсе фалькларыстычныя зборнікі фіксуюць і шырокі ўжытак слова Спасенне» (гл., напрыклад: Тамсама, 437).
Адным словам, не толькі разумнымі, набожнымі і прыгожымі, але і агульнавядомымі былі ў нашых продкаў выслоўі тыпу: «Спас памілуе нас, а Прачыста прынясе хлеба чыстага». Ды, як ні парадаксальна, іх нашчадкам, уключаючы і тых, якія нібыта клапоцяцца пра захаванне роднай мовы, на такога кшталту выразы трэба пальцам паказваць, а распаўсюджанасць іх яшчэ і даказваць.
Раней гэта заўважалі і ўсведамлялі практычна ўсе, прычым не толькі праваслаўныя. Возьмем, напрыклад, беларускіх пісьменнікаў пачатку XX стагоддзя. I выявім, што Карусь Каганец пісаў: «О Божа, спасе наш…» (Першы беларускі каляндар «Нашай Нівы» на 1910 год). Гэтым жа словам карыстаўся таксама Ігнат Канчэўскі, якраз так імянуючы Бога ў перакладзе верша Зоф’і Вайнароўскай: «Хадзіў Спас ночай па полі, / па ўсіх вёсках, па местах шумлівых…» (Галасы з-за небакраю: Анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах XX стагоддзя. Мінск: Лімарыус, 2008. С. 55). Неаднойчы сустракаюцца словы гэтага кораня ў Максіма Гарэцкага: «Істава хрысціліся і малебным поглядам прыліпалі да абраза Спасіцеля...»; «Спасі і забарані, Божа!» (Гарэцкі М. Збор твораў: у 4 т. Мн., 1984. Т. 1. С. 141.; Т.2. — С. 205). Нярэдка можна знайсці іх і ў сучасных пісьменнікаў. Напрыклад: « Уратуй іх ад хлада і глада, / Ад мору і сечы спасі…» (Мікола Янчанка. Кірыл Тураўскі (верш) // На зямлі Залатавуста. Тураўшчына літаратурная. Мн., 2004. С. 204); «Іспас / Што яблычным імем завецца…» (Барадулін Р. Лісты ў Хельсінкі да Васіля Быкава. Ліст пяты // Полымя. 2000, № 5. С. 5). Карыстаюцца ім таксама аўтары літаратурна-мастацкіх перакладаў: «… не будзе спасу ад пачвар» (Дантэ Аліг’еры. Боская камедыя / Пераклад У. Скарынкіна. Мн., 1997. С. 146).
Дарэчы, Л. Дзекуць-Малей і А. Луцкевіч, пачынальнікі справы перакладу Евангельскіх тэкстаў на беларускую мову, ужывалі словы з гэтым коранем актыўна: спасьціся (Мф. 19,25), спасаць (Мф. 27, 49), спасьціся (Мк. 10, 26), Спасіцелю (Лк. 1,47), спасеньня (Лк. 1, 69); больш таго, у іх слова «осанна» з верша 9 раздзела 21 Евангелля ад Матфея тлумачыцца як «Спасеньне».
I ў першым беларускамоўным «Праваслаўным малітваслове» (Варшава, 1933) словы Спасеньне, Спасіцель, спасі, каб спас таксама ўжываюцца. Сергій Паўловіч іх паслядоўна выкарыстоўваў пры падрыхтоўцы як малітваслова, так і сваіх пераказаў гісторыі Старога і Новага Запаветаў па-беларуску. Пры мностве розных ваганняў словы спасі і Спасе захаваны таксама ў выданні «Праваслаўны малітоўнік» (Беласток, 1990). А вось перакладчыкі «Малітоўніка», выдадзенага ў Таронта (1990 і 1994 гг.), палічылі ўжо неабходным іх замяняць: «Спаси, Блаже, души наша» — «Збаў, Добры, душы нашы» (2 выданне) і «Ратуй, Добры, душы нашы» (3 выданне); адпаведна, «Спаси, Господи, и помилуй» — «Збаў, Госпадзе, і зьлітуйся» і «Ратуй, Госпадзе, і зьмілуйся»; «Яко Спаса родила еси душ наших» — «Бо ты нарадзіла Збаўцу душ нашых» і «Бо ты радзіла Ратаўніка душ нашых»… З пазнейшых перакладаў Новага Запавета словы гэтага кораня паступова таксама зніклі. Выключэнне складаюць хіба што пераклады Я. Станкевіча: спасьціся (Мф. 19,25), спасьці (Мф. 27, 49), спасёны (Мк. 10,26), Спасу (Лк,1,47) Спас (Лк. 2,11; Ін. 4,42), спасеньня (Лк. 1,69 і 1, 77), спасеньне (Лк. 2,30 і 19, 9) і інш.; дарэчы, словы Спас, Спасаўка, Спасенне і Спасёны ён не абмінуў і як лексікограф (гл.: Др. Станкевіч Я. Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. Нью-Йорк, 1990. С. 1065). Апошнім жа часам, здаецца, толькі Беларуская Біблійная Камісія іх не ігнаруе.
Усё гэта адбываецца, бадай, не выпадкова. Зразумела, у кожным выпадку маюцца свае прычыны, якія варта разглядаць паасобку. Аднак ёсць тут і нешта ўласцівае прадстаўнікам усёй цяперашняй філалагічнай карпарацыі. Прычым падобнае назіраецца не толькі ў нас. Не выпадкова ж сербскаму багаслову епіскапу Афанасію Еўцічу давялося рэзка крытыкаваць сваіх суайчыннікаў, якія «бяруцца вучыць мове народ і Царкву замест таго, каб у іх самім вучыцца» (Православме. 2001, 1 септембар. С. 3). Але ёсць таксама «чыста наша» — зададзенасць, выкліканая чыннікамі, якія звязаны не столькі з моваю і Царквою, колькі з палітыкай. Як правіла, гэтага роду тэндэнцыі абумоўліваюцца задачай дамагчыся любымі сродкамі, каб беларускае мела адрозненні ад рускага. I тады ўжо перастае мець значэнне, якіх паняццяў канкрэтна гэта датычыцца і штб лічыць за рускае. Адным венікам вымятаецца ўсё, не выключаючы і благадаці, і нават спасення, якое з лёгкасцю замяняюць ратаваннем — быццам бы на вадзе Камсамольскага возера ці ў аналагічных выпадках ад звычайнага ліха. Так што ў перакананых вернікаў самі па сабе на язык тут павінны прасіцца словы: Спасі нас, Госпадзі!
КАНКРЭТЫЗАЦЫЯ АСОБНЫХ МОМАНТАЎ:
Нагадаем, што тэматыка ўсяго цыклу нашых публікацый абумоўлена выхадам у свет «Кароткага царкоўнаславянска-беларускага слоўніка праваслаўнай лексікі». (Які, дарэчы, набыць можна ў кніжнай лаўцы Свята-Петра-Паўлаўскага сабора). А каб дасягнуць вельмі жаданага паразумення з чытачамі розных поглядаў, не лішне, бадай, расставіць яшчэ вось якія акцэнты: мы спрабуем з максімальнай канкрэтнасцю асэнсаваць стан той тэрміналогіі, што на працягу тысячагоддзя існавала ў Праваслаўнай Царкве і на законных правах можа існаваць далей. Гэта значыць, што мы, ні ў якім разе не адмаўляючыся ад клопату пра перспектывы развіцця мовы агульнанацыянальнай, застаемся далёкімі ад намеру ўмешвацца ў вырашэнне моўных праблем беларускіх рыма- і грэка-католікаў, пратэстантаў, мусульман ці іудзеяў. Свае праблемы няхай вырашаюць яны самі. Але гэта адначасова значыць і тое, што нам, праваслаўным беларусам, якіх у краіне ўсё ж такі пераважная большасць, для нашай сакральнай сферы таксама ніхто не павінен навязваць тэрміналогію іншаканфесійную. Ды так чамусьці не атрымліваецца. I мы, стараючыся шанаваць прынцып талерантнасці і спадзяючыся на ўзаемнасць, зноў і зноў вымушаны тлумачыць, што адвольныя спробы пераўладкаваць мову ніяк не стыкуюцца з нашымі шматстагоддзевымі традыцыямі і, адпаведна, робяць немагчымым успрыманне як «матчыных» слоў Бібля, Збаўца, Звеставанне, Згробуўстанне, Ратаўнік, плябан, кляштар, цвінтар і вялікі шэраг іншых.
Што ж да такой псеўдаталерантнай сітуацыі ўвогуле, то многае ў нас прынята спісваць на асаблівасці часу альбо, як некаторыя лічаць, міжчасся. Аднак усе справы любога часу маюць, акрамя аб’ектыўных умоў, яшчэ і канкрэтных ініцыятараў, а таксама здзяйсняльнікаў. У дадзеным выпадку персаналізаваць іх няцяжка, бо імёны ж іх трывала «запісаны пяром» у выдадзеных тэкстах. Да навязвання праваслаўным неадпаведнай лексікі так ці інакш маюць адносіны перш за ўсё мовазнаўцы, аўтары падручнікі, перакладчыкі, работнікі сферы масавай інфармацыі. Ёсць у іх нібыта апраўданне: так, маўляў, патрабуе «дух часу», якія лічаць грамадствам запатрабаванай пазіцыю «надканфесійнасці» і ўжо таму без агаворак схільны ўжываць замест стара(царкоўна)славянскага слова Рождество, як нібыта паўнавартасныя заменнікі, Божае Нараджэнне альбо Каляды . Наколькі такія варыянты замены адэкватныя, запрашаем разабрацца.
Першы з іх — відавочна з’яўляецца выразам, запазычаным з польскай мовы і каталіцкай традыцыі. Другое ж слова зыходна служыла для называння паняцця іншазначнага і зусім не хрысціянскага, як памылкова лічаць і нават унеслі гэтую памылку ў Тлумачальны Слоўнік («Царкоўнае хрысціянскае свята нараджэння Хрыста, якое адзначалася 25 снежня па ст.ст. і ў наступныя дні да вадохрышча» (т. 2. С.595). = СВЯТКІ, значэнне гэтага слова не абмяжоўваецца назваю свята.
Няпроста, аказалася, знайсці паўнавартасную замену слову. У значэнні назвы свята беларускія перакладчыкі, незалежна ад традыцыі, і журналісты замест яго выкарыстоўваюць найчасцей, або паспрабуем разабрацца як след.
Паводле праваслаўнай традыцыі, зыходная назва свята — Рождество Хрыстово, і калі дакладна яго передаваць па вышэйзгаданай мадэлі, атрымліваецца недарэчнасць: Божае Нараджэнне Хрыстова; адкідаць жа ўдакладненне таксама нельга, бо падобныя складнікі ў назвах маюць яшчэ іншыя святы — Рождество Пресвятой Богородицы, Рождество Предтечи и Крестителя Господня Иоанна. Акрамя таго, у іншых значэннях: ікона Божай Маці «Прежде Рождеств и по Рождестве Дева» (празднуется 17/30 октября): у трапары свята Успення: В Рождестве девство сохраныла есы..» «О восстании Рождества Твоего»… Так што паступова замацоўваецца ва ўжытку, хоць і прымаецца далёка не ўсімі, адаптаваны царкоўна-славянскі варыянт — Ражджаство.1 З Яго, дарэчы, не па сваіх прыхамацях Біблійная Камісія ўвяла, як гэта часам падаюць апаненты. Так да нас казалі і пісалі. Гэтая назва свята зафіксавана ў «Дыялекталагічным атласе беларускай мовы». Яе здаўна выкарыстоўвалі аўтары беластоцкай «Нівы»2 — дарэчы, газеты, на якую найменш уплывала палітыка атэізацыі, багаборчасці. У «Беларускім календары» за 2000 год, праўда, з’явілася навацыя: «Каляды (Нар.Хрыст,)»3. Відавочна, што гэта вынік раўнення на рэфарматараў з Мінска, бо ў тым самым нумары да надпісу на Крыжы ў Рыбалах «В честь славного 2000-летия Рождества Господа Нашего Іисуса Христа …» прыведзена «тлумачэнне на літаратурную мову» такое: «…У гонар слаўнага 2000-годдзя Нараджэння Госпада Нашага Ісуса Хрыста…» (с.8). Аднак у на-ступных нумарах «Нівы» слова Ражджаство не знікла-такі4.
З мэтай, каб было так, «як гавораць у народзе», раней уводзіліся словы Народзіны і Ражаство, а цяпер нашымі перакладчыкамі выкарыстоўваюцца Ражство, Раство. Ды наўрад ці іх можна лічыць больш удалымі. Па-першае, колькасць «народных» форм назваў свята значна большая — на Брэстчыне і Беласточчыне, напрыклад, гавораць Руздво, — але яны ўжо страцілі выразнасць зыходнага значэння, празрыстасць этымалогіі. А па-другое, ад гэтых слоў немагчыма ўтварыць прыметнікі — хіба ражствянскі, раствянскі?
1 Гл., напр.: Царкоўнае слова.. 1999, № 13. — С. 1; 2000, № 1. — С. 2; 2000, № 2,- С. 27.
2 Гл.: Ніва. 24.01.1999. — С. 4.
3 2.01.2000, —С. 6-7.
4 Гл. Ніва. 9.01.2000. — С. 3, 6, 9; 16.01.2000. — С. 4; 23.01.2000. — С. 3.
Іван ЧАРОТА,
доктар філалагічных навук, прафесар БДУ