Брэн Келясцін Іванавіч (1800-1875), беларускі краязнаўца, фалькларыст, этнограф, святар

Біяграфічны нарыс

Келясцін Іванавіч Брэн нарадзіўся 7 красавіка 1800 года на Брэстчыне. З сям’і чыншавых дзяржаўных сялян. У розных крыніцах годам нараджэння К. І. Брэна называюцца таксама 1799 год і 1802 год. Закончыў Брэсцкае шасцікласнае вучылішча, дзе пасля два гады працаваў выхавацелем. У канцы 1820-х гадоў вучыўся і працаваў пісьмаводам у Жыровіцкай духоўнай  грэка-уніяцкай семінарыі, якую закончыў у 1831 годзе.

З 1831 года Келясцін Брэн служыў святаром у Кобрыне, атрымаў парафію Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Кобрыне.

   З 14 кастрычніка 1838 года — настаяцель царквы св. Мікалая ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губерні. З 30 красавіка 1839 года — праваслаўны. Пасля прыняцця праваслаўя сустрэў варожыя адносіны да сябе з боку мясцовага насельніцтва і быў вымушаны перамяшчацца пад аховай тысяцкага.

Свяшчэннік К. І. Брэн быў этнографам і фалькларыстам, збіраў матэрыялы пра абрады, народныя гульні і забавы. Ён адзначаў некаторую архаічнасць у беларускім фальклоры, што дало магчымасць лічыць беларускую народную творчасць адной з самых старажытных у славянскім рэгіёне. Стварыў першае этнаграфічнае апісанне беларускай вёскі на Падляшшы.

Асноўная праца Келясціна Брэна – «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета Гродзенскай губерні…» (напісана ў 1856 г.), якая прысвечана матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага насельніцтва на тэрыторыі Падляшша (цяпер Беласточчына). Складаецца з шасці раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У раздзеле «Хатні побыт» прадстаўлена штодзённае жыццё селяніна, адзенне, прылады працы, звычаі і абрады, дзіцячыя гульні, хваробы людзей і спосабы іх лячэння. Раздзел «Народныя паданні і помнікі» змяшчае і фальклорны матэрыял.

У працы К. І. Брэна 38 народных песень, у тым ліку 14 вясельных з апісаннем вясельных абрадаў, 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі, дадзена параўнальнае апісанне побыту беларусаў і мазураў. Вясельныя песні пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў, іншы фальклорны матэрыял змешчаны ў дадатку. Да працы прыкладзены малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, планы жылых і гаспадарчых пабудоў. Аўтар параўноўвае беларусаў з палякамі (мазурамі), паказвае іх знешні выгляд, хатні побыт, разумовыя здольнасці, маральныя якасці і інш., падкрэслівае аднолькавае і адметнае адрознае ў іх культурах, вераваннях, фальклоры.

Рукапіс захоўваецца ў архіве Геаграфічнага таварыства Расійскай Федэрацыі ў Санкт-Пецярбургу. Фальклорныя запісы К. І. Брэна ўвайшлі ў кнігі серыі «Беларуская народная творчасць»: «Вяселле. Песні» (кн. 2, 1981); кн. 4–6 (1985–1988), «Гульні, забавы, ігрышчы» (2003).

Келясцін Іванавіч Брэн памёр 29 сакавіка 1875 года, пахаваны пры царкве ў Старым Корніне.