Палітычныя ўзаемаадносіны Усходу і Захаду ў Беларусі ў час паўстання 1830-1831 гг.

Смяховіч, М. Палітычныя ўзаемаадносіны Усходу і Захаду ў Беларусі ў час паўстання 1830-1831 гг. / Мікола Смяховіч // Беларусіка = Albaruthenica. — Т. 6. Беларусь паміж Усходам і Захадам : праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. – Ч. 2. – Мінск, 1997. – С. 44-47.

Палітычныя ўзаемаадносіны Усходу і Захаду ў Беларусі ў час паўстання 1830-1831 гг.

У XVII—XVIII стст. на Усходзе завяршылася фармаванне таталітарнай сістэмы самадзяржаўнага тыпу. Але адносна маладая імперыя з цяжкімі намаганнямі ўсё ж здолела кінуць позірк і на Захад. Убачыўшы там цывілізацыю, развіты гандаль, выдатную прамысловасць і дабрабыт насельніцтва, імперыя па сваёй азіяцкай звычцы працягнула руку і запатраба- вала: «Дай!». Аднак здзіўленню кіруючых колаў не было мяжы, калі яны ўбачылі, што на шляху да Еўропы стаіць ганарыстая Рэч Паспалітая, якая і не збіралася выконваць іх пажаданні.

Цесныя сувязі Рэчы Паспалітай з Францыяй, іншымі краінамі Еўропы хутка фармавалі ў яе грамадстве еўрапейскія традыцыі, звязаныя з дэмакратыяй, дабрабытам насельніцтва. Садзейнічала таму і уніяцкая царква, якая ў Беларусі ўсе больш станавілася нацыянальнай.

У другой палове XVIII ст. Расія зразумела, што больш надзейны шлях да Еўропы ляжыць не праз мора, што тое маленькае пятроўскае «акенца» трэба ператварыць у шырокую дарогу, а дарога гэтая ішла праз Мінск, Вільню і Варшаву. Таму знешнепалітычная лінія, імкненні і намаганні Расійскай імперыі ў апошняй трэці XVIII ст. мелі ярка выражаны агрэсіўны характар. Шырокамаштабная экспансія была накіравана на захоп зямель суседняй Рэчы Паспалітай. За кошт суседзяў імперыя імкнулася падтрымаць сваю эканоміку, даць ёй новы імпульс шляхам інтэнсіфікацыі гандлю, уключэння сваёй прамысловасці ў сістэму міжнароднага падзелу працы. Менавіта гэта і было асноўнай прычынай падзелу Рэчы Паспалітай.

Расія спадзявалася, што насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага, а потым і Польшчы з цягам часу страціць імкненне да незалежнасці, сваю гістарычную спадчыну. Такі палітычны разлік меў пэўныя гістарычныя падставы. Прыгадаем, што насельніцтва Казанскай і Астраханскай дзяржаў, якое трапіўшы ў склад Расіі, на працягу 220 гадоў (калі лічыць да 1772 г.) ні разу не ўзнімалася на барацьбу за сваю незалежнасць.

Аднак гэтаму разліку ў адносінах да Польшчы, Літвы і Беларусі не суджана было здзейсніцца. I прычына тут была адна. Беларускі народ доўгі гістарычны перыяд жыў у іншых умовах, меў зусім іншыя ўяўленні пра грамадскія каштоўнасці. Выразніцай інтарэсаў Беларусі стала шляхта. З’яўляючыся носьбітам дэмакратычных традыцый і нацыянальных каштоўнасцей, шляхта не мірылася з стратай незалежнасці. Інкарпарацыі шляхты ў склад правячых колаў Расіі не адбылося і не магло адбыцца з той прычыны, што імкненні да свабоды і самаўладства былі несумяшчальнымі паводле сваёй прыроды.

Гістарычная барацьба беларускага народа за свободу была напоўнена цяжкімі выпрабаваннямі. Пакутнымі, Хрыстовымі крыжамі адзначаны на гэтым шляху паўстанні 1794, 1830-1831, 1863-1864 гг.

Пачатак падрыхтоўцы да паўстання 1830-1831 гг. паклала прысяга шляхты ў Варшаве, калі ў 1821 г. самаадданыя патрыёты далі слова ахвяраваць дзеля свабоды і незалежнасці Айчыны сваю маёмасць і жыццё. З цягам часу колькасць патрыётаў імкліва павялічвалася. Новы патрыятычны рух атрымаў гарачую падтрымку і ў Беларусі. Толькі ў Мінскай губерні ў 1821 г. налічвалася каля 800 шляхціцаў, якія далучыліся да новага руху. Прычым 30 працэнтаў з іх складалі вайскоўцы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, 20 — узначальвалі шляхецкія судовыя ўстановы, 50 — належалі да землеўласнікаў.

Мэты паўстання былі блізкімі і зразумелымі для ўсіх, аднак рыхтаваць яго было вельм і складана.Па ўсёй Беларусі дзейнічала агентура Бенкендорфа. Вось чаму спачатку камітэты руху былі створаны ў Парыжы і Рыме. Ужо гэты факт сведчыў аб процілеглых інтарэсах Усходу і Захаду ў адносінах да Беларусі, Жамойці і Польшчы. Імкненне Захаду было адно: садзейнічаць вызваленню зямель былой Рэчы Паспалітай і Вялікага Княсгва ад імперыі, вяртанню гэтых народаў у еўрапейскую сям’ю і еўрапейскую цывілізацыю. Менавіта гэтага не магло прыняць самаўладдзе. Бо перамога народаў Беларусі, Жамойці і Польшчы паклала б пачатак краху імперыі ўвогуле. Еўропа зразумела гэта пасля 1812 г. Як паказала гісторыя, ніякая агрэсія не магла разбурыць Расійскую імперыю.

Паўстанне ва ўсходніх губернях Беларусі планавалася распачаць у ноч з 29 на 30 сакавіка 1831 г. 29 сакавіка адбыліся тайныя сходы шляхты ў Барысаве, Клімавічах, Ашмянах, Вілейцы, Дзісне, Віцебску, Полацку, Рэчыцы. Шляхта рыхтавала зброю, харчы, амуніцыю, складала спісы прыхільнікаў. 30 сакавіка паўсталі Ашмяны і Свянцяны. Ужо праз тыдзень гэтыя паветы мелі свае вайсковыя харугвы ў складзе 300-400 чалавек. 11 красавіка 1831 г. паўстала Дзісна. У гэтым павеце ўзнікла некалькі вайсковых аддзелаў у складзе чатырохтысяч чалавек, 13-14 красавіка паўстала Вілейка. Потым інсургенты накіраваліся ў Лепель, які 20 мая 1831 г. быў заняты імі.

Шляхта дзейнічала гераічна. На месцах ствараліся вайсковыя атрады, у склад якіх уваходзіла і сялянства. Праводзілася агітацыя сярод расійскіх вайскоўцаў.

Напрыклад, шляхціц Жукоўскі, выконваючы абавязкі паштовай службы, часта наведваў расійскія армейскія каманды. Яму ўдалося перацягнуць на свой бок некалькі салдат сапёрнага батальёна. Арыштаваны за сістэматычную антыўрадавую агітацыю, Жукоўскі быў прысуджаны да сібірскай катаргі. Шляхціц Марцыноўскі ўзброіў вясковых сялян-добраахвотнікаў. Шляхціц Акуловіч з вёскі Прыбаркі стварыў такі ж атрад у складзе 30 чалавек, а шляхціц Ігнат Візбарг з сваім больш буйным атрадам знішчыў эскадрон казакаў, забіўшы 11 чалавек. Гэтыя падзеі адбываліся на Віцебшчыне і Міншчыне.

Дзеяннямі паўстаўшых кіравалі такія асобы, як Міхал і Ян Ходзькі, браты вядомага Леанарда Ходзькі. Ян Ходзька ў 1812 г. удзельнічаў у паходзе на Маскву, а ў 1831 г. кіраваў паўстанцамі ў Вілейцы. Усе тры яго сыны — Станіслаў, Міхал і Фелікс узначальвалі харугвы. Значную ролю ў паўстанні адыгралі Антон Бжастоўскі — палкоўнік кавалерыі, Ігнат Лапацінскі —- былы вілейскі павятовы маршалак, Міхал Валадковіч — маршалак Вілейскага павета, Станіслаў Незабытоўскі — паручык, Ян Жылінскі — капелан Мінскай гімназіі, Станіслаў Радзішэўскі, Ігнат Адахоўскі, Ціт Пуслоўскі, Ігнат Скірмунт і інш. Толькі ў Мінскай губерні ў спісы актыўных арганізатараў і ўдзельнікаў паўстання царскія органы занеслі болын чатырох тысяч чалавек з складу шляхты.

Улады жорстка дзейнічалі ў дачыненні да паўстанцаў і насельніцтва Беларусі. Пасля таго, як быў захоплены Лепель, урад Расіі адчуў рэальную пагрозу, бо паўстанне магло ахапіць усю Усходнюю Беларусь. Таму ў Лепель была тэрмінова накіравана чацвёртая гусарская дывізія пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Каблукова. Павет быў разбіты на 32 квадраты, і пачалася сумесная гусарска-жандарская карная аперацыя па вызваленні павета ад паўстанцаў. На працягу тыдня ішлі масавыя аблавы, што дазволіла «ачысціць Лепельскі павет ад мяцежнікаў»1 2. Гэтак жа дзейнічалі карнікі і ў іншых паве- тах. Сялянам за здраду паўсганцам выдаваліся грашовыя ўзнагароды, непакорных жа секлі цэлымі вёскамі.

Перамагчы ў такіх умовах было вельмі складана. Мікалай I яшчэ ў самым пачатку паўстання загадаў жандарам і вайсковаму камандаванню звярнуць асаблівую ўвагу менавіта на Беларусь. Бенкендорф пра гэта пісаў так: «Найперш была звернута ўвага на Віцебскую і Магілёўскую губерні […] Галоўнай мэтай такой меры было даказаць палякам, што гэтыя старадаўнія нашы заваяванні заўсёды і непадзельна далучаны да складу імперыі і што адарваць іх Польшчы можна было б толькі, разбіўшы нашу ўладу»3. Гэтыя мэты і акрэслівалі ўсю далейшую палітыку самаўладцзя ў Беларусі.

1 НАРБ, ф. 561, воп. 1, спр. 1-5.

2 Тамсама, ф. 1297, воп. 1, спр. 5506, арк. 4, 34, 36, 49.

5 Из записок графа А. Х. Бенкендорфа: Нпколай І в 1830-1831 гг. // Русская старина. СПб., 1896. Т. 88. С. 84.

Такім чынам, палітычныя мэты Усходу і Захаду ў час паўстання 1830- 1831 гг. у Беларусі былі супрацьлеглымі. Гэты фактар і вызначаў характар іх узаемадзеяння, барацьбы — як у час паўстання, так і ў 40-60-я гады XIX ст. У сваю чаргу паўстанне 1830-1831 гг. у Беларусі было менавіта антыімперскім. Народ Беларусі змагаўся за сваю незалежнасць і свабоду.

Мікола Смяховіч (Мінск)