2022 Іўчанкаў, В. І. Стылістыка і публіцыстыка ў навуковай спадчыне Міхася Цікоцкага

Іўчанкаў, В. І. Стылістыка і публіцыстыка ў навуковай спадчыне Міхася Цікоцкага / Віктар Іўчанкаў // Роднае слова. — 2022. — № 3. — С. 52—54.

СТЫЛІСТЫКА I ПУБЛІЦЫСТЫКА Ў НАВУКОВАЙ СПАДЧЫНЕ МІХАСЯ ЦІКОЦКАГА

Сучасныя даследаванні стылістыкі інтэгруюць у сабе традыцыйныя падыходы (лінгвістычны аналіз, сінхронны і дыяхронны, кампаратыўны, сацыялінгвістычны) і выпрацаваныя паводле новай інфармацыйна-камунікацыйнай практыкі (дыскурсны аналіз, рэверсіўны, матрычны, кагнітыўны, фонасемантычны, наратыўны, інтэнт-аналіз, кантэнт-аналіз). ІТ-інструментарый дазваляе па-новаму сканструяваць марфалагічны аналіз, сінтаксічны і семантычны. Метадалогія вывучэння тэксту любой функцыянальнай накіраванасці атрымала неймаверна шырокія магчымасці лічбавай апрацоўкі тэкставых элементаў, што звязана з дата-данымі, параметрам якіх прынята называць «тры V»: аб’ём, хуткасць, разнастайнасць. Сёння да трыяды дадаюцца яшчэ чатыры — дакладнасць, жыццяздольнасць, каштоўнасць і пераменлівасць. Акадэмічныя картатэкі даных, стварэнню якіх да XXI ст. вучоныя-лінгвісты прысвячалі дзясяткі гадоў жыцця, сёння лёгка падмяняюцца гарызантальна маштабавальнымі праграмнымі інструментамі.

Публіцыстычны тэкст як прадмет вывучэння стылістыкі папаўняецца не толькі маўленчымі варыяцыямі, што ўказваюць на індывідуальныя характарыстыкі аўтара (з прычыны чаго і ўзнікла стылістыка), але і палікодавымі структурамі і пададзенай у лічбавай форме інфармацыяй, якая можа перадавацца вусным маўленнем, тэкстам, факсімільнымі паведамленнямі, дынамічнымі выявамі (відэа) і інш.

У працах «Стылістыка беларускай мовы», «Стылістыка тэксту», «Сугучнасць слоў жывых…» вядомага беларускага мовазнаўцы Міхася Цікоцкага (20.02.1922-24.03.2012) парасткі стылістыкі знітаваны з культурна-асветніцкай дзейнасцю Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Мялеція Сматрыцкага. Вучоны падкрэсліваў важнасць намаганняў асветнікаў ХVІ-ХVІІ стст. наблізіць біблейскія тэксты да людзей «паспалітых», у чым ужо ба-ылася стылістычная дыферэнцыяцыя маўлення беларуса, звязаная з уключэннем элементаў жывой беларускай мовы.

Вывучэнне стылістыкі як навукі ў айчыннай філалогіі бярэ пачатак з 50-х гг. мінулага стагоддзя і мае пад сабой пераважна арталагічны грунт. Гэта звязана з культурна-моўнай дзейнасцю беларускіх пісьменнікаў Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі, Івана Мележа, Максіма Лужаніна, Ніла Гілевіча і інш. Іх парады і крытычныя заўвагі маладым літаратарам і сёння складаюць каштоўную скарбонку філалагічнага аналізу мастацкага тэксту.

Функцыянальная стылістыка пачала фарміравацца ў 70-я гг. XX ст. пераважна ў рэчышчы вывучэння публіцыстычнага стылю, што звязана з працамі М. Цікоцкага. Разам з тым сталі з’яўляцца даследаванні па стылістычнай дыферэнцыяцыі мовы мастацкай літаратуры, індывідуальна-аўтарскага стылю пісьменніка, функцыянальных паводзін слова ў тэксце. Разглядалася моўная спадчына Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Ядвігіна Ш., Івана Мележа, Міхася Лынькова, Петруся Броўкі, Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Андрэя Макаёнка, Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Янкі Брыля, Рыгора Барадуліна і інш. Можна сцвярджаць, што другая палова XX ст. максімальна прысвечана мове мастацкай літаратуры, і гэта стала падмуркам для маштабнага вывучэння вобразнай сістэмы айчыннай літаратуры. Мастацкае слова акумулюе ў сабе ментальную карціну беларуса. У метафарах, параўнаннях, эпітэтах і іншых тропах раскрываюцца этнапсіхалагічны лад жыцця, каштоўнасныя арыенціры і спецыфіка камунікацыі. Гэта забяспечваецца бясконцым мноствам патэнцыйных сем лексемы, інтэгральная здольнасць якіх можа быць невымяральнай у часе з прычыны парадыгматычнай разнастайнасці семантычных аналогій моўнай адзінкі.

У працах беларускіх мовазнаўцаў (Ф. Янкоўскага, У Анічэнкі, М. Булахава, А. Баханькова, А. Аксамітава, I. Лепешава, А. Міхневіча, А. Наркевіча, Л. Шакуна, В. Краснея, Н. Гаўрош, Т. Трыпуцінай, Н. Нямковіч, С. Бердніка, П. Жаўняровіча, В. Горбач, Т. Старасценкі і інш.) падаецца стылістычная палітра роднага слова ў функ- цыянальным вымярэнні. Лінгвастылістычная прастора даследаванняў пашыралася назіраннямі з гледжання арталогіі і мовы мастацкай літаратуры. Назавем працы «Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры» (1981) і «Развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры» (1987) М. Абабуркі; «Культура слова» (1983) і «Мова народа, мова пісьменніка» (1989) А. Каўруса; «Пытанні культуры мовы» (1961) Ф. Янкоўскага; «Сіла слова» (1958), «Характар, стыль, дэталь» (1965), «Энергія слова» (1988) Р. Шкрабы; «Грані майстэрства» (1974) А. Яскевіча і інш.

Непасрэдна стылістычнаму матэрыялу ў сістэме і структурнай арганізацыі прысвечаны падручнікі А. Юрэвіч («Стылістыка беларускай мовы: вучэбны дапаможнік для студэнтаў-завочнікаў філалагічных факультэтаў педінстытутаў», 1983; «Стылістыка беларускай мовы: вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў педінстытутаў», 1992) і А. Каўруса («Стылістыка беларускай мовы», 1980; «Стылістыка беларускай мовы: дапаможнік для настаўніка», 2-е выд., перапрацаванае, 1987; «Стылістыка беларускай мовы» 3-е выд., дапрацаванае і дапоўненае, 1992). Алесь Аляксандравіч і сёння цвёрда трымае руку на пульсе лінгвастылістычнай ахайнасці роднага слова ў маўленні сучаснікаў, карпатліва аберагае яго і нагіаўняе народнай энергіяй.

У гістарычным ходзе развіцця беларускай стылістыкі як навукі вылучаецца пэўная асаблівасць яе фарміравання. Яна (асаблівасць) звязана менавіта з даследаваннем М. Цікоцкім публіцыстыкі як аб’екта стылістыкі і з канцэпцыяй эстэтычнага пачатку ў журналісцкім творы. У працах вучоны дае адказ на вострую палеміку 60-70-х гг. XX ст. — пра спецыфіку публіцыстыкі, яе прадмет і функцыі, жанравую і відавую дыферэнцыяцыю.

Міхась Цікоцкі паказаў, што месца публіцыстыкі ў сістэме літаратурнай творчасці асаблівае. Вылучэнне «публіцыстыкі сярод іншых відаў літаратурнай творчасці» вядзе да «эстэтычнай нівеліроўкі твораў публіцыстыкі і мастацкай літаратуры, да спробы ацэньваць якасць публіцыстычнага твора ўсеагульнай мерай мастацтва». Паглыбляючыся ў дыскусію, якую распачаў часопіс «Вопросы лнтературы» ў 1970-я гг„ даслед- чык задае пытанне: «Чаму публіцыстыка — жанр (а не від ці род) літаратуры, і чаму менавіта мастацкай, а не грамадска-палітычнай?» (с. 5). У падыходзе да асэнсавання ролі і месца публіцыстыкі ў творчым працэсе М. Цікоцкі бачыў вузкасць і аднабаковасць спробы супрацьпаставіць «мастацкую» публіцыстыку «справавой». Дамагацца, каб «кожны публіцыстычны твор… быў адначасова мастацкім (па-свойму!) і справавым — у гэтым своеасаблівым сінтэзе трэба бачыць аснову далейшага росквіту нашай публіцыстыкі, узбагачэння яе новымі яркімі сродкамі адлюстравання багатых і разнастайных жыццёвых з’яў» (с. 6). Зразумела, такое «ўзвышанае» стаўленне да публіцыстыкі грунтавалася на даследаванні перш за ўсё твораў мастацка-публіцыстычных і аналітычных жанраў.

Што ёсць публіцыстыка і якія суадносіны яе з відамі літаратуры — пытанне кардынальна нявырашанае і ў наш час. Спрэчкі вядуцца ў залежнасці ад даследчых, эмпірычных і прафесійна апасродкаваных пераваг. Так, у кола дыскусійных праблем у вызначэнні тэрміна «публіцыстыка» трапляюць дылемы: публіцыстыка як жанр, род або від літаратуры; публіцыстыка і журналістыка; публіцыстыка і палітыка; публіцыстыка і сучаснасць.

Шматлікія даследчыкі разглядаюць публіцыстыку ў сферы і літаратуры, і журналістыкі, вызначаючы яе (публіцыстыку) як 1) масавыя папулярныя палітычныя тэксты, якія ўздзейнічаюць на актуальныя грамадска-палітычныя працэсы (В. Вучонава), як 2) непасрэднае палітычнае спасціжэнне рэчаіснасці (М. Чарапахаў). Як від творчасці, што адлюстроўвае грамадска-палітычныя, маральныя, эканамічныя і іншыя актуальныя праблемы з дапамогай навукова-лагічных довадаў і доказаў, характарызуе публіцыстыку Я. Прохараў. Усе болып ці менш вядомыя азначэнні публіцыстыкі змяшчаюць у сабе тэрміналагічную сему, звязаную з ‘адлюстраваннем палітычных працэсаў’. Аднак час паказвае, што ў праблематыку публіцыстыкі ўключаюцца пытанні экалогіі, мастацтва, адукацыі, маралі і інш. У апошні час за публіцыстыкай замацоўваецца кагнітыўная функцыя. Так, А. Цяпляшына вызначае паняцце публіцыстыкі як сродак пазнання рэчаіснасці, якому падуладныя ўсе тэмы і любыя падзеі. А. Цяртычны справядліва надаваў публіцыстыцы ролю інтэлектуальнай дзейнасці і вызначаў яе асноўнай функцыяй фарміраванне ладу жыцця грамадства. Сябра і паплечнік М. Цікоцкага прафесар Р. Салганік у даследаванні публіцыстыкі вылучаў феномен асобы як часткі соцыуму. Сукупнасць названых аспектаў праглядаецца ў канцэпцыі М. Цікоцкага.

Прафесар Цікоцкі цаніў у публіцыстыцы аналітычны пачатак, які падштурхоўвае чытача да разваг, падахвочвае да дзеяння: «Сапраўдная публіцыстыка пачынаецца там, дзе ёсць думка, дзе вядзецца пошук прычын тых ці іншых грамадскіх і эканамічных з’яў» (с. 52). Сёння гэтыя словы надзвычай важныя. Сутнасць іх прымяняльная да нашага інфармацыйнага жыцця. Сучасная журналістыка заклікана сканцэнтравацца на трох фактарах — інфармуючы, даказваць праўдзівасць таго, пра што паведамляецца, чым заахвоціць аўдыторыю да дзеяння, і, уплываючы на яе эмацыйны стан, заваяваць сімпатыі, схіліць на свой бок.

Сучаснае медыямаўленне ўяўляе сабой сімбіёз традыцыйнага лінейнага тэксту і новага, заснаванага на актуалізацыі палікодавага фармату. Гэта кардынальна мяняе стылістычнае аблічча медыятэксту. У ім спалучаюцца ў рознай ступені і на розных платформах вербальныя і паравербальныя складнікі з паступовым нарастаннем тэкстаўтваральнай ролі апошніх. Стылістычная стратэгія будуецца як на функцыянальным размежаванні маўленчых сродкаў, так і на кантамінацыі іх, канвергенцыі і ўзаемапранікненні лексічных груп, дынаміцы граматычных формаў. Беларуская стылістыка набывае сваю спецыфіку з прычыны дзейнага дзяржаўнага білінгвізму, што ўплывае на ўсведамленне розных традыцый фарміравання літаратурных моў.

Журналісцкі працэс цесна звязаны з грамадска-палітычнымі абставінамі, ідэалогіяй, з філасофскай думкай, этычнымі прынцыпамі і эстэтычнымі ідэаламі, з распрацаванасцю літаратурнай мовы і развіццём розных відаў мастацтва. Падзяляючы вялікую цікавасць да развіцця публіцыстычнага стылю, М. Цікоцкі выпрацоўваў уласны погляд на праблему і як быццам адкрываў далягляды медыядаследаванняўХХІ ст.: «Сапраўднай рухальнай сілай стылю публіцыстыкі, любога літаратурнага твора, яго «ўнутранай спружынай» з’яўляецца даследчая, творчая думка, ідэя аўтара» (с. 7), вызначыўшы тым самым комплексны падыход да праблем стылістыкі, «калі моўныя сродкі, стылі маўлення… вывучаюцца ва ўзаемадзеянні і ўзаемасувязі з іншымі элементамі літаратурнага твора, галоўным чынам ва ўзаемадзеянні стылю і зместу, ідэі і стылю» які «адкрывае шырокія магчымасці і перспектывы для стылістыкі публіцыстычных жанраў» (с. 10).

Настойлівае бачанне вучоным-публіцыстам Цікоцкім у газетным тэксце эстэтычнага пачатку, разуменне ролі пераразмеркавання функцый СМІ прыводзяць да думак пра месца сучасных медыя ў камунікацыйным працэсе і пра новыя падыходы да вывучэння стылістычнай арганізацыі медыятэксту.

Віктар ІЎЧАНКАЎ,

доктар філалагічных навук