Іўчанкаў, В. І. Журналістыка як сістэма навуковых уяўленняў / Віктар Іванавіч Іўчанкаў // Полымя. — 2022. — № 3. — С. 92—96.
ЖУРНАЛІСТЫКА ЯК СІСТЭМА НАВУКОВЫХ УЯЎЛЕННЯЎ
У адкрытай інфармацыйнай прасторы журналістыка значна ўплывае на развіццё грамадства і асобы. Сучаснае грамадства ўцягнута ў медыйны працэс, і ў гэтым адлюстроўваецца кардынальна новая яго ўласцівасць. У новым камунікацыйным асяродку інфармацыя не столькі перадаецца і прымаецца, колькі фарміруецца непасрэднымі ўдзельнікамі зносін. Укараненне інтэрнэту кардынальна перабудавала камунікацыю, а таксама змяніла прыярытэты ў адносінах паміж вуснай, пісьмовай і лічбавай формамі існавання мовы.
Журналістыка як сістэма навуковых уяўленняў усё часцей звяртаецца да спроб уключыцца ў праблемнае поле іншых навук. Справядлівая з гэтай нагоды заўвага пецярбургскага прафесара В. Сідарава. Адкрываючы на адных з Пецярбургскіх чытанняў панэльную дыскусію «Метадалогія даследаванняў журналістыкі і масавых камунікацый», ён вельмі дакладна заўважыў тое, што мы шмат чаго чэрпаем у гісторыкаў, філолагаў, філосафаў, але мала што ім даем; прадстаўнікі іншых навук не жадаюць ці не могуць скарыстацца дасягненнямі тэорыі журналістыкі. Сапраўды, пакуль мы можам казаць толькі пра намеры навукоўцаў зірнуць на сумежныя сферы даследавання. Сёння назіраем прыкметы рэструктурызацыі медыйна-інфармацыйнай прасторы, звязанай з глабальнай канкурэнцыяй паміж традыцыйнымі, сеткавымі і інтэрнет-СМІ. Апошнія ствараюць умовы для фарміравання новай журналістыкі, становяцца ключавымі каналамі інфармавання грамадства. Сродкі масавай камунікацыі адлюстроўваюць эмпірычнае веданне (як аснову навуковага пазнання) і накіраваны на рэфлексію грамадска-палітычных працэсаў сацыяльнай рэчаіснасці.
Праблемная сітуацыя, што склалася, заканамерная і мае гнасеалагічныя карані. Погляд на журналістыку як навуку шмат у каго выклікаў (выклікае і дагэтуль) скепсіс. Прычына гэтаму размыты і, на жаль, сапраўды неўстаноўлены анталагічны статус гэтай навукі, што крыецца, відаць, у трыадзінстве журналістыкі як прафесійнай дзейнасці, метадалогіі творчасці і сферы навуковага пазнання.
На фоне ІТ-працэсаў у практычнай журналістыцы тэорыя часта з’яўляецца толькі запозненай рэакцыяй на тое, што адбываецца. Тэарэтыкі журналістыкі як вымушанае павінны былі прыняць дыгіталізацыю, што спарадзіла канвергенцыю СМІ. Цяпер гэта прыводзіць да канцэптуальнай трансфармацыі рэдакцый і ў арганізацыйна-ўпраўленчым, і ў вытворча-тэхналагічным, і ў прававым, і ў метадалагічным, і ў адукацыйным планах.
Так, прафесар Алена Вартанава слушна адзначае: «У медыядаследаваннях мы выяўляем сутыкненне фундаментальнасці і прыкладнога характару, аналізуючы практыку, не заўсёды ствараем тэорыю. Выкарыстоўваючы міждысцыплінарны падыход, вычляняем вузкія праблемы. I часта найболып глыбокія меркаванні аб стане СМІ даюць практыкі індустрыі, а не акадэмічныя даследчыкі. Гэта падкрэслівае той факт, што наша навука яшчэ не вельмі структураваная і невыразна бачыць свае межы»1.
У эпоху інфармацыйнага грамадства праблема прызнання за журналістыкай права на тэарэтычную і метадалагічную, навуковую запатрабаванасць здаецца парадаксальнай. З’яўленне інфармацыйных тэхналогій, якія ўзарвалі свет і планамерна «пераўтвараюць яго ў віртуальны», было выклікана менавіта тэхналагічным характарам журналістыкі: трыгер постіндустрыяльнага грамадства — камп’ютары — вывелі інфармацыйныя тэхналогіі на новы ўзровень, як некалі тэлебачанне, а яшчэ раней друк.
ІТ ахопліваюць усе аспекты вытворчасці, перадачы, захоўвання і ўспрымання інфармацыі. Змяняецца прафесійная роля журналіста: ён пераўвасабляецца ў камунікатыўнага лідара, які мабільна фарміруе кантэнт-асяродак і кардынальна ўплывае на масавую свядомасць. Метады журналісцкай творчасці перажываюць якасныя змены ў бок яшчэ большай тэхналізацыі працэсу з аднаго боку і нарастання індывідуальнага з другога. Узнікае журналістыка меркаванняў: сёння мы гаворым пра персаніфікаванасць сучаснага журналіста, роўна як і пра медыяцэнтрычнасць свету. Усё гэта адбываецца на фоне інтэграваных вучэнняў, інтэгральным звяном якіх з’яўляецца інфармацыя як інструмент пазнання рэчаіснасці.
Вынайдзеная ў часы афінскай дэмакратыі і развітая антычнай рыторыкай мадэль камунікацыі dосеге — mоvеге — dеlесtаrе ў розныя эпохі пераасэнсоўвалася на свой манер. Часам з яе наўмысна выдаляліся складнікі, як гэта адбылося з апошнім у савецкія часы, дадаваліся новыя: напрыклад, ленінскае — «агітацыя і прапаганда», кампаненты амерыканскай прапагандысцкай мадэлі — «тэорыі даміно» і інш.
У інфармацыйнае стагоддзе роля медыя становіцца лёсавызначальнай, яны цесна спалучаныя з рашэннем трыяды яшчэ антычнай рыторыкі: dосеге — паведамляць, інфармаваць, адукоўваць, пераконваць; mоvеге — узбуджаць, падштурхоўваць, рухаць, падахвочваць да дзеяння; dеlесtarе — забаўляць, падладкоўваць, прыносіць асалоду, выйграваць сімпатыі. Іншымі словамі, журналістыцы наканавана сканцэнтравацца на трох фактарах: інфармуючы, даказваць праўдзівасць таго, пра што паведамляецца, чым заахвоціць аўдыторыю да вызначанага дзеяння, і, уплываючы на яе эмацыйны стан, заваяваць сімпатыі, схіліць на свой бок.
Даследаванні журналісцкіх праблем у мінулым стагоддзі дамінавалі ў рэчышчы дэскрыптыўнай навукі, і перш за ўсё, гістарычнай. Для гэтага былі дастатковыя падставы: аналітыцы патрэбныя сістэмныя апісанні, класіфікацыйныя абагульненні эмпірычнага матэрыялу. Праблемна-аналітычная, тэарэтычная журналістыка (як сфера навуковага пазнання) развіваецца параўнальна нядаўна.
I ўсё ж усведамленне ў свеце неабходнасці культывавання навуковых інтарэсаў у галіне журналістыкі відавочна, сведчаннем чаго з’яўляюцца пошукі Міжнароднай асацыяцыі медыйных і камунікацыйных даследаванняў, хоць і тут, на думку дэкана журфака МДУ А. Вартанавай, «не сфармуляваны адзіны падыход і няма агульнай парадыгмы». «У нас, медыядаследчыкаў, — разважае даследчык,— няма «формулы Эйнштэйна», якую прызнаюць усе. Хоць большасць навукоўцаў сыходзяцца ў тым, што ключавыя пытанні распрацоўваліся акадэмічнымі школамі ў ЗША, у Заходняй Еўропе і найважнейшыя тэарэтычныя падыходы былі сфармуляваны ў СССР. Пры гэтым Заходняя Еўропа дае даволі шырокі спектр напрамкаў — скандынаўскі, брытанскі, франкафонны, германацэнтрычны. I нават некалькі малых краін, такіх як Нідэрланды, Бельгія, Швейцарыя і Фінляндыя, на думку гуру тэорыі масавай камунікацыі Д. МакКуэйла, зрабілі дастаткова значны ўнёсак у навуковую тэорыю». У выніку сцвярджаецца: «Сёння расійская навука аб журналістыцы і СМІ патрабуе абнаўлення, мадэрнізацыі і інтэграцыі як сучасных парадыгмаў, так і тых, якія былі ў нас. Больш за тое, яна патрабуе інтэграцыі новых палёў, новых рэальнасцяў, якія ўзнікаюць вакол яе. Неабходны тэарэтычны і, як вынік, адукацыйны прарыў, таму што нашая акадэмічная тэорыя павінна вызначыць месца, функцыі і ролі журналістыкі ў сучасным грамадстве»1. Гэта становіцца ў болынай ступені актуальным для сучаснага грамадства, калі развіццё стратэгій і мэт функцыянавання сродкаў масавай інфармацыі, паводзіны і каштоўнасныя ўстаноўкі выданняў, тэлерадыёканалаў, інтэрнэт-крыніц і асобных журналістаў аказваюць уздзеянне на развіццё ўсяго грамадства больш, чым цыркуляры, больш актыўна, чым мастацкая літаратура, фармуюць маўленчыя паводзіны грамадства.
Журналістыка адаптуе навукова-практычныя веды да масавай свядомасці ў мэтах прыняцця апошнім мадэляў паводзін, палітычных пераваг, культурных каштоўнасцей, маралі, этыкі, эстэтыкі. Медыя культывуюць ідэалогію развіцця грамадства, журналістыка пранікае ва ўсе сферы жыцця людзей, яе пачатак заснаваны на сумежнасці, міждысцыплінарнасці, і яна глыбока гістарычная.
Журналістыка ў сучасным разуменні навукі грунтуецца на трох арыстоцелеўскіх кітах: філасофіі, палітыцы, рыторыцы. У далейшым класіфікацыі навук канкрэтызаваліся, дапаўняліся, дэталізаваліся. Аднак намінатыўнага абазначэння журналістыка ў іх не знайшла. Сёння гэта адлюстроўваецца ў сумежнасці журналісцкай навукі ў такіх усталяваных галінах, як гісторыя, філалогія, паліталогія, сацыялогія. Пунктаў судотыку журналістыкі і іншых навук шмат, што асабліва відавочна выяўляецца ў яе кагнітыўнай сутнасці. Далягляд такіх даследаванняў відавочны. Інтэгравальным пачаткам узаемапранікнення інтарэсаў журналістыкі і сумежных навук становіцца кагнітыўны аспект, дзе медыядыскурс прадстаўлены ў якасці феномена, які змяшчае шырокае кола паказальнікаў на ўладкаванне грамадства, сацыяльныя і духоўна-маральныя прыярытэты яго развіцця.
Развіццё навукі аб’ектыўна прывяло да вызвалення ад дагматычнай палярызацыі апастэрыярызму (веданне, атрыманае з досведу) і апрыярызму (дадоследныя веды). Апастэрыёрнае веданне, якое атрымліваецца пры дапамозе пачуццёвага ўспрымання, мае выпадковы характар, яно заснавана на мінулым вопыце.
Сёння апрыёрнасць трактуецца не як абсалютная незалежнасць ад досведу, а як метадалагічная і гнасеалагічная залежнасць вопытнага пазнання ад зыходных тэарэтычных прынцыпаў. Так, следствам пераходу ў лічбу стала фарміраванне медыяцэнтрычнага грамадства. СМК, асвятляючы жыццёвыя працэсы, ствараюць інфармацыйны аналаг грамадства. У такім грамадстве віртуальная плоскасць становіцца асноўным «быццём» чалавека. А збор, захоўванне, апрацоўка і распаўсюджванне актуальнай, сацыяльна значнай інфармацыі становіцца адным з асноўных працэсаў у асабістым і сацыяльным вопыце.
У журналістыцы адбыліся рэвалюцыйныя змены, якія сёння актыўна, але няпоўна вывучаюцца з гледжання сістэмных прагнозаў. Дынаміка грамадскіх працэсаў, што базуецца на лічбавізацыі, звязана з узмацненнем персаналізацыі асобы ў сеткавай прасторы і з адначасовым паслабленнем ролі традыцыйных інстытутаў у плане ўплыву і рэгулятара грамадскай думкі. На жаль, тэорыя журналістыкі не паспявае асэнсаваць змены СМІ-працэсаў, што становяцца часткай агульнай медыясістэмы, базавым элементам якой з’яўляецца медыяканвергенцыя, а менавіта яна сёння вызначае стратэгічнае развіццё камунікацыі ў шырокім сэнсе.
Сучасны падыход да вывучэння журналістыкі як навукі заснаваны на ўзаемазвязанай сістэме творчых, культурных, гістарычных, сацыялагічных і іншых сфер. У рамках гэтага падыходу журналістыку са сваім адасобленым прадметам і асобнай метадалогіяй можна разглядаць як самастойную гуманітарную навуку, што займаецца вывучэннем чалавечай прыроды і сацыяльнага асяродка. Асновы для гэтай навукі сфарміраваны на базе інфармацыйнай, камунікацыйнай і кіраўніцкай тэорый, якія ў метадалагічным плане часта прымяняюцца пры аналізе працэсу вытворчасці тэкстаў, іх апрацоўкі, захоўвання і размеркавання, гэтак жа, як і пры даследаванні ўзаемадзеяння адпраўніка і атрымальніка кантэнту.
У доследным асяродку існуе меркаванне, што практычная журналістыка па сваіх прынцыпах і функцыях як быццам капіруе навуку. У аснову такога сцвярджэння пакладзена падабенства ў вывучэнні і аналізе медыяпадзеі перад яго наступнай трансфармацыяй у тэкст. Больш таго, журналістыцы дадзена магчымасць па-рознаму інтэрпрэтаваць рэальнасць.
Спалучэнне апастэрыёрных і апрыёрных ведаў, а дакладней імкнення да іх, прыводзіць да фенаменальнай сітуацыі. Навукоўцы ў адзіночку фактычна не здольныя выпрацаваць адзіны падыход да журналістыкі і выбудаваць адзіную іерархічную сістэму ведаў. Нягледзячы на тое, што журналістыка, у першую чаргу, з’яўляецца практычнай сферай, яна ўсё ж мае прыкладную навуковую базу. Гэтае цеснае спалучэнне — тэорыі і практыкі — не дае магчымасці навукоўцам распрацаваць доўгатэрміновую тэорыю, якую можна прымяніць на практыцы. Таму тэарэтыкі павінны ўвесь час правяраць вынікі сваіх даследаванняў на эмпірыцы, якую могуць падаць толькі практыкі-журналісты. I тут зноў узнікаюць складанасці, бо паміж практыкамі-журналістамі і журналістамі-тэарэтыкамі можна назіраць адсутнасць паразумення і няздольнасць да ўзаемадзеяння. Гэта звязана з розніцай у інтарэсах і ў адносінах да прафесіі, якія і ствараюць разрыў у светапоглядзе гэтых дзвюх зацікаўленых па-свойму груп. Нават калі гэтую праблему вырашыць, а такое збліжэнне сёння назіраецца, то ўсё роўна запатрабуецца некаторы час для эмпірычнай праверкі тэорыі.
Імклівае развіццё медыягаліны патрабуе ад даследчыкаў пастаяннай увагі да змен, каб ужо на аснове параўнанняў выявіць тэндэнцыі развіцця і пабудаваць больш-менш дакладныя прагнозы будучага СМК. Гэта паспрыяе пераадоленню крызісных з’яў у практычнай журналістыцы і прывядзе да далейшай эвалюцыі гэтага сацыяльнага інстытута ў бок узмацнення яго функцый.
Такім чынам, вострай неабходнасцю застаецца выпрацоўка сістэмнага падыходу. Пра гэта гаварылася даўно, але прызнанне важнасці такога падыходу нарастала па меры памяншэння значнасці традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі і з’яўлення новых форм СМК. Трэба прызнаць, што вучоныя спазніліся з распрацоўкай сістэмы ведаў у галіне журналістыкі. Але нам усё роўна давядзецца знайсці адэкватнае рашэнне гэтай задачы…
Артыкул паступіў у рэдакцыю 7 студзеня 2022 года
Іўчанкаў Віктар Іванавіч — загадчык кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання ў БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар.