2022 Чарота, І. Развітанне з пастырам

Чарота, І. Развітанне з пастырам / Іван Чарота // Звязда. – 2022. – 25 чэрвеня (№ 123). – С. 6 : фат.

Памёр протаіерэй Сергій Гардун.

Развітанне з пастырам

Пра ўсіх, каго добра ведаў, гаварыць у мінулым часе нязвыкла і цяжка. А ў гэтым выпадку яшчэ цяжэй з-за таго, што сваю ўладнасць драматычны час нагадвае так неспадзявана. У вечнасць адышоў протаіерэй Сергій Гардун — клірык Свята-Духавага кафедральнага сабора, свяшчэннік-прафесар, выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі з моманту яе аднаўлення і Мінскай духоўнай акадэміі ад заснавання, першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ.

Ад самага пачатку а. Сергій уваходзіў у склад Беларускай біблійнай камісіі, узначаліўшы рабочую групу па перакладзе на сучасную беларускую мову Свяшчэннага Пісання. Склаў і сам пераклаў Беларускі малітваслоў, актыўна ўключаўся ў выдавецкія справы, у прыватнасці Выдавецкага савета Беларускай праваслаўнай царквы. Нельга не адзначыць таксама, што многія гады ўсёй нашай краіне ён даваў каментарыі на беларускай мове да ўрачыстых богаслужэнняў на Раство і Уваскрэсенне Хрыстова.

Карацей кажучы, гэта якраз такая асоба, адсутнасць якой будзе доўга і балюча ўспрымацца, бо неаднойчы паўстане праблема: а кім жа яе замяніць?!

Мяне з высокашаноўным протаіерэем Сергіем тры дзесяцігоддзі звязвалі як многія агульныя справы, так і шчырыя сяброўскія адносіны. У свой час ад імя актыву біблійнай камісіі віншаваў яго з юбілеем пастырскага служэння. Тады напісаліся вось якія словы:

«Ваша высокапрападобіе, дарагі айцец Сергій!

Усе, хто знаёмы з Вамі, сведчаць, што Гасподзь шчодра адарыў Вас, а Вы належным чынам скарысталі дараваныя Ім таленты, набыўшы заслужаны аўтарьггэт клапатлівага пастыра, глыбокага багаслова, нястомнага місіянера, красамоўнага прапаведніка, адказнага педагога, прынцыповага публіцыста, грунтоўнага філолага-перакладчыка… Так што для ўсіх, хто Вас ведае, Вы з’яўляецеся пацвярджэннем слоў Апостала: «Усё магу ў Іісусе Хрысце, Які мяне ўмацоўвае». I мы, хто на працягу ўжо даволі значнага часу мае гонар і задавальненне быць побач з Вамі, гэта адказна сведчым. Прыміце ад нас самыя сардэчныя віншаванні ў сувязі з дваццацігоддзем пастырства і духоўна-асветнай дзейнасці, а таксама пажаданні шмат-шмат гадоў яшчэ служыць у славу Богу і на карысць Айчыны.

А больш і лепш няхай скажуць пра Вас тыя, хто будзе віншаваць з многімі наступнымі юбілеямі».

Пасля гэтага, слава Богу, былі яшчэ юбілеі. Аднак больш іх, на жаль, не будзе, паколькі дарагі і незабыўны айцец Сергій адышоў да Госпада.

Падай яму, Госпадзі, Царства і далучэнне да вечных Тваіх даброт і Твайго бясконцага блажэннага жыцця асалоду!

Іван ЧАРОТА.