Чарота, І. Прэмія з Сербіі / Іван Чарота ; [гутарыла] Яна Явіч // Літаратура і мастацтва. – 2014. – 17 кастрычніка (№ 41). – С. 8.
Іван Чарота першым з прадстаўнікоў нашай краіны атрымаў у Бялградзе прэмію Фонду братоў Карыч за ўмацаванне культурных і духоўных сувязей паміж беларускім і сербскім народамі.
Прэмія з Сербіі
Іван Чарота — доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў, акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры, загадчык кафедры славянскіх літаратур БДУ. Член СПБ, а таксама саюзаў пісьменнікаў Расіі, Сербіі. Актыўна выступае ў друку як перакладчык, літаратуразнавец, крытык, эсэіст, публіцыст. Толькі сёлета з-пад яго пяра выйшла 13 кніг, у ліку якіх — анталогія сучаснай беларускай паэзіі «З-пад буслінага крыла», выдадзеная ў Чарнагорыі. Аўтар мноства навуковых прац, у тым ліку на сербскай мове. Лаўрэат шэрагу міжнародных прэмій. А нядаўна Іван Аляксеевіч першым з прадстаўнікоў нашай краіны атрымаў у Бялградзе прэмію Фонду братоў Карыч за ўмацаванне культурных і духоўных сувязей паміж беларускім і сербскім народамі. З лаўрэатам гутарыць карэспандэнт «ЛіМа».
— Іван Аляксеевіч, чаму з мноства моў свету для вывучэння выбралі менавіта сербскую? —
У гэтым ёсць і пэўная выпадковасць, і прадвызначанасць. Калі я быў студэнтам рускага аддзялення філфака БДУ, вучэбная праграма ўключала факультатыў па адной са славянскіх моў. Хоць лягчэй за ўсё мне было пайсці на польскую, — родам я з Кобрыншчыны, што на памежжы з Польшчай, і з дзяцінства чытаў па-польску, — урэшце ўсё ж аддаў перавагу тады зусім новай для мяне сербскай. У той час, будучы студэнтам, пачаў падпрацоўваць як гідперакладчык у Бюро міжнароднага маладзёжнага турызму «Спадарожнік». І тыя сяброўскія адносіны з югаслаўскімі турыстамі майго пакалення давалі ўсе магчымасці для добрага засваення самай што ні ёсць жывой мовы і славеснасці ва ўсіх родах і відах. Асабліва анекдотаў і застольных песень. Дарэчы, цяпер нярэдка мае сербскія калегі здзіўляюцца, што я памятаю сербскіх песень (і народных, і «абнароджаных») больш, чым многія з іх.
— Што значыць для вас нядаўна атрыманая прэмія?
— Статус гэтай узнагароды адметны: ёю адзначаюцца тыя, чый унёсак у гуманітарную і культурную сферы заўважаны не толькі ў межах сваёй краіны, а мае міжнароднае значэнне. Гэта прэмія ў поўным сэнсе міжнародная. Сярод яе лаўрэатаў — Патрыярх Сербскі Павел і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ, філосафы Даісаку Ікеда ды Іржы Дынстбір, пісьменнікі Любамір Сімавіч і Петар Хандке, мастакі Ольга Іваніцкі і Саша Джафры, кінарэжысёры Эмір Кустурыца і Мікіта Міхалкоў… Дарэчы, Фонд братоў Карыч выконвае і мецэнацкую ролю ў галіне культуры. А для мяне вельмі істотна, што ён цвёрда трымаецца традыцыйных каштоўнасцей як у грамадскіх адносінах, так і ў культуры, мастацтве. Адпаведна, гэта радасць і гонар, што мая сціплая праца таксама заўважана. Больш як 40 гадоў я — па волі Божай і ў меру дадзеных мне сіл — стараюся ўмацоўваць сваяцкія повязі, узаемаразуменне паміж беларусамі і сербамі. Нярэдка, жартуючы, кажу, што для мяне важнай з’яўляецца «беласербскасць»… А маю на ўвазе сапраўды братэрскія духоўна-культурныя кантакты.
Істотна, што праз мяне ў шэрагу лаўрэатаў прэміі прадстаўлена мая дарагая краіна — Беларусь. А, між іншым, адзін з заснавальнікаў фонду, які прысудзіў прэмію — Драгамір Карыч, — з’яўляецца Ганаровым консулам Беларусі ў Сербіі.
— А ў чым ваш асабісты ўнёсак у беларуска-сербскае творчае супрацоўніцтва?
— Самому ацэньваць гэта няёмка. Можа скласціся ўражанне, што хвалюся. Аднак дазволю сабе прывесці некаторыя лічбы: на цяперашні момант маю
118 выдадзеных кніг, і тры чвэрці з іх непасрэдна звязаны з сербістыкай. Гэта
даследаванні, хрэстаматыі і дапаможнікі для студэнтаў, анталогіі, пераклады… Апошніх — найбольш. Усяго апублікаваў каля 1200 мастацкіх перакладаў, у тым ліку звыш 60 кніжных выданняў. У свой час распачаў і вёў (як укладальнік і перакладчык) кніжную серыю «Сербскае багаслоўе ХХ стагоддзя», у якой ужо выйшла больш за 40 кніг. Цешыць, што змог падрыхтаваць і здзейсніць у Сербіі тры анталагічныя выданні — дзве «Анталогіі беларускай паэзіі» (1993, 2012) і «Анталогію лірыкі ўсходніх славян» (2000). Асаблівае значэнне для мяне самога мае анталогія сучаснай беларускай паэзіі «З-пад буслінага крыла», гэтым летам выдадзеная ў Чарнагорыі. У ёй, дарэчы, каля 80 працэнтаў — мае пераклады на сербска-харвацкую мову. Гэта, павінен сказаць, неверагодна цяжкая праца. Да таго ж, няўдзячная зусім. Не настроены скардзіцца, але мушу адзначыць, што такія справы ў прынцыпе ніхто належным чынам не ацэньвае.
— Якія існуюць магчымасці для пашырэння беларуска-сербскай літаратурнай прасторы?
— Гэтых магчымасцей вельмі многа! Трэба толькі рыхтаваць перспектыўныя
кадры, якія б у далейшым маглі спрыяць развіццю нашых сувязей. І такой падрыхтоўкай я пакуль яшчэ магу займацца на родным філфаку БДУ.
— Што сёння ў вашых творчых планах?
— На сёлета запланаваны і, спадзяюся, да канца года выйдуць, яшчэ дзве новыя кнігі: у Бялградзе — перакладзенае мною ў суаўтарстве з сынамі на рускую мову даследаванне сербскіх гісторыкаў «Сербія ў Вялікай вайне 1914 — 1918 гг.», а ў Мінску — зборнік «Беларусы пра Сербію/Югаславію» (на беларускай і рускай мовах).
Яна ЯВІЧ