2022 Чарота, І. А. На шляху да замацавання праваслаўнай тэрміналогіі

Чарота, І. А. На шляху да замацавання праваслаўнай тэрміналогіі / Іван Чарота // Царкоўнае слова. — 2022. — 2 верасня (№ 35). — С. 6—7 : фат.

Прадмова да кнігі «Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік праваслаўнай лексікі», якая павінна з’явіцца да Дня беларускага пісьменства і друку.

На шляху да замацавання праваслаўнай тэрміналогіі

Да Дня беларускага пісьменства і друку павінен з’явіцца на свет «Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік праваслаўнай лексікі», падрыхтаваны Біблейскай камісіяй БПЦ пад апекаю і пры непасрэдным удзеле Свята-Петра- Паўлаўскага сабора г. Мінска. Змяшчаючы ў сённяшнім нумары «Царкоўнае слова» прадмову да гэтага выдання, рэдакцыя спадзяецца на дыскусію, якая паспрыяе асэнсаванню рэальнага стану і перспектыў прысутнасці сучаснай беларускай мовы ў Праваслаўнай Царкве, а таксама ў практыцы іншых канфесій.

Сукупным вопытам розных народаў свету засведчана, што адным з найважнейшых паказчыкаў узроўню развіцця і статусу нацыянальнай мовы з’яўляецца яе рэальная функцыя ў сакральнай сферы. Калі браць сказанае ў дачыненні да кожнай асобнай мовы народаў хрысціянскіх, то гэта азначае наяўнасць на ёй дасканалых, агульнапрынятых перакладаў Свяшчэннага Пісання, а таксама трывалую прысутнасць яе ў традыцыйным богаслужбовым ужытку — зразумела, пры замацаванасці адпаведнай тэрміналогіі.

Між тым, беларускай мове як гістарычна, так і цяпер уласцівы надзвычай істотныя супярэчнасці, якія маюць абумоўленасць калі не выключна, дык перш за ўсё тым, што сферы ўжытку яе абмежаваны, а ў функцыі мовы сакральнай — як адзіная і незаменная — яна дагэтуль не выкарыстоўвалася, ды і на сённяшні дзень такой не стала.

Даводзіцца з жалем канстатаваць, адпаведна, што так і няма ў нас ні перакладаў Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову як агульна- нацыянальную, ні слоўнікаў, якімі б замацоўваліся прымальныя для розных канфесій назвы свят, ні зводаў іменаслоўя. Карацей кажучы, не выпрацавана яшчэ прыдатная для трывалага ўжытку агульнапрынятая беларускамоўная сістэма тэрміналогіі хрысціянскага вучэння і богаслужэння. Прычым атрымліваецца, што і не жадаем яе выпрацоўваць, паколькі нашай моўнай сітуацыі ўласцівы проста парадаксальныя з’явы — калі тыя тэрміны, што прымаюцца прафесійнымі багасловамі розных канфесій, пагардліва адкідаюцца аматарамі як у багаслоўі, так і ў мовазнаўстве. Як тыповы прыклад згадаем неадэкватную рэакцыю на паняцце «благаславенне» і дзясятак аднакарэнных слоў. Іх наяўнасць у беларускай мове фіксуецца пісьмовымі помнікамі ад старажытнасці да цяперашняга часу, а таксама ўсімі акадэмічнымі слоўнікамі XX і XXI стагоддзяў. Да таго ж яны актыўна ўжываюцца носьбітамі практычна ўсіх славянскіх моў. Нягледзячы на гэта, некаторыя «абаронцы беларушчыны» палічылі дарэчным безапеляцыйна заяўляць: «благаславенне» — гэта не па-беларуску, паколькі, маўляў, у нас «блага» азначае «кепска». Такім «знаўцам» няма справы да таго, што гісторыя мовы беларусаў пачынаецца не з XXI стагоддзя, а на працягу папярэдняга тысячагоддзя (!) «благо» і для нашых продкаў азначала «дабро», у чым няцяжка пераканацца, звярнуўшыся да згаданых пісьмовых крыніц.

Яшчэ адна прычына слабай распрацаванасці рэлігійнай тэрміналогіі заключаецца ў тым, што кадыфікацыя сучаснай беларускай мовы адбывалася ў XX стагоддзі, ваяўніча атэістычным, і сцвярджалася яна ў якасці літаратурнай тады, калі тэрміналагічнай працай у гэтай сферы нельга было займацца, а тым больш уводзіць такую лексіку ў агульныя слоўнікі, даведнікі ці падручнікі. Лічылася, што рэлігія — з’ява часовая, яна хутка знікне зусім.

Акрамя таго, у Беларусі на працягу стагоддзяў суіснуюць дзве хрысціянскія традыцыі — усходняя і заходняя, г.зн. праваслаўная і каталіцкая. Ролю кожнай з іх у гісторыі народа інтэрпрэтуюць па-рознаму. Каб пазбегнуць абвінавачванняў у тэндэнцыйнасці, згадаем тут меркаванне вядомага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння ксяндза Адама Станкевіча (1891-1949), які ў сваёй манаграфіі «Хрысціянства і беларускі народ» сцвярджаў адназначна, што «праз увесь беларуска-літоўскі перыяд (ХІІІ-ХVІ стагоддзі) беларускай гісторыі пануючай верай у Беларусі было Праваслаўе, якое служыла апорай і творывам у гэтым часе беларускай нацыянальнасці і культуры». А якраз у названы час замацоўвалася і адпаведная багаслоўская тэрміналогія, пра што з усёй пераканаўчасцю сведчаць выданні Францыска (Георгія) Скарыны. У іх актыўна ўжываліся, напрыклад, такія тэрміналагічныя выразы, як «воплощение Господа нашего Исуса Христа», «Господь Бог», «ко чти и к похвале Створителю, Спасителю, Утешителю Богу, в Троици Единому, и Пресвятой, Преблагословенной, Пречистой Матери Его Марии», «Церков Христова, мати всех хрестиан»… Як няцяжка заўважыць, амаль усе тэрміны Скарына браў з мовы царкоўнаславянскай, на якой і ў тыя часы, і ў нашы дні здзяйсняюцца праваслаўныя богаслужэнні.

Што ж датычыцца заходняй хрысціянскай традыцыі ў Беларусі, то яна складалася паводле іншых арыенціраў, якія паўплывалі на выбар рэлігійнай тэрміналогіі, да цяперашняга часу відавочна адрознай. Мовы сакральнай сферы нашых католікаў — спачатку лацінская, а затым польская, паколькі на працягу стагоддзяў каталіцтва ў Беларусі было выключна польскамоўным. Таму калі цяпер ужываюцца нібыта прыгожыя і разумныя азначэнні Slavia Orthodoxa і Slavia Latina, то з пункту гледжання мовы і рэлігійнай тэрміналогіі другое словазлучэнне правільней было б замяніць на Slavia Polonia.

Наўрад ці трэба тлумачыць, у якой меры «жывымі» і «беларускімі» з’яўляюцца такія перанесеныя з лаціны словы і выразы, як «адвэнт, кансэкрацыя, рэкалекцыі, санктуарыі, сакрамант Камуніі, дарацыйныя і раратныя (набажэнствы)» і да т.п. Але ж тое самае ўражанне ўзнікае, калі даводзіцца чуць альбо чытаць і такое: «Баранак, Звеставанне, законнік, з гробу ўстанне, касцёл, кляштар, імша, укрыжаванне…» Яны ж не вытрымліваюць параўнання як з мовай лацінскай, так і з іншымі славянскімі, акрамя польскай.

Даюцца ў знакі таксама супярэчлівыя тэндэнцыі «абнаўлення» мовы, якія, пранікаючы ў рэлігійную сферу, ствараюць цяжкавырашальныя моўныя праблемы нават унутры канфесій. Не сакрэт, што вынікаюць яны з імкнення адмежавацца ад рускай мовы і найбольш, адпаведна, закранаюць Праваслаўе — «веру рускую». Перш за ўсё гэта выяўляецца ў катэгарычным адмаўленні царкоўнаславянізмаў, памылкова прынятых за (вяліка)русізмы, і ў штучнай тэрмінатворчасці, дзеля фармальнага «абеларушчвання», калі з недапушчальнай адвольнасцю ператлумачваюцца тыя паняцці, якія нязменна і бесперапынна (!) ўжываліся, а пры гэтым ігнаруецца не толькі багаслоўе, але і наогул вопыт Царквы, якая ўжо больш за тысячу гадоў існуе на Беларускіх землях.

Безумоўна, тут навідавоку праявы шматканфесійнасці, розных духоўна-культурна-моўных традыцый, ні ў якім разе не абмежаваных толькі папярэдняй гісторыяй.

Ды так ці інакш, а няма ўзгодненасці нават у іменаванні Бога (Гасподзь — Госпад — Госпадзь — Пан — Гаспадар — Усеспадар — Спадар — Уладар — Уладыка; Спас — Спасіцель — Ратаўнік — Збавіцель — Збаўца; Суцяшыцель — Суцешнік — Пацяшыцель), а таксама ў выкарыстанні самых асноўных паняццяў багаслоўя (Ангел — анёл — анел — ангіл — анял; Благавешчанне — Багавешчанне — Дабравесце — Дабравешчанне — Добрая Вестка — Добрая Навіна — Звеставанне — Зьвеставаньне; Уваскрасенне — Уваскрэсенне — Уваскрэсеньне — Уваскрысеньне — Ускрэсеньне — Згробуўстанне — З мёртвых устаньне — Устанне з мёртвых).

Ніколькі не лепш з напісаннем імён уласных. Як раней, так і цяпер адсутнічае нарматыўная сістэма, у адпаведнасці з якой яно магло б рэгулявацца. Адны імёны захоўваюццца ў большай ці меншай адпаведнасці з колішнімі формамі, а другія цалкам адаптуюцца да форм побытавага ўжытку, у выніку чаго ўзнік дзіўны разнабой, уласцівы нават навукова-філалагічным працам: Аўрамій — Аўраамій — Аўрам; Васілій — Васіль — Базыль; Евфрасінія — Евфрасіння — Еўфрасіння — Ефрасіння; Іаан — Ян — Янка — Янук; Ігнацій — Ігнат; Іосіф — Восіп — Ёсіп — Язэп; Іпацій — Іпаці — Іпацей — Іпат; Кірыл — Кірыла; Лаўрэнцій — Лаўрэнці — Лаўрэн; Леонцій — Лявонцій — Лявонці — Лявон; Матфей — Мацвей — Мацей; Нікалай — Нікола — Мікалай — Мікола; Мялецій — Мяленцій — Мялет; Філіп — Піліп; Яфрэм — Ахрэм; Яўстафій — Яўстахій — Яўстах.

Улічваючы адзначанае і з ім звязанае, Біблейская камісія Беларускай ІІраваслаўнай Царквы, створаная ў 1989 годзе, ад самага пачатку галоўную мэту сваю бачыла ў тым, каб назапашваць, распрацоўваць, належным чынам апрабоўваць і замацоўваць у сучасным ужытку той фонд лексікі, які можа служыць сцвярджэнню нацыянальнай мовы як мовы царкоўнай, сакральнай.

На працягу трох дзесяцігоддзяў займаючыся перакладам на сучасную беларускую мову Свяшчэннага Пісання і богаслужбовых тэкстаў, Біблейская камісія ўлічвала станоўчы вопыт усіх папярэднікаў — як праваслаўных, так і католікаў, і пратэстантаў. На падставе гэтага саборна выпрацоўваліся і пэўныя прынцыпы замацавання праваслаўнай тэрміналогіі ў сучаснай беларускай мове.

Вынікам усёй згаданай працы і стаў царкоўнаславянска-беларускі слоўнік, які прапаноўваецца вашай увазе.

Калектыў, заняты. складаннем гэтага слоўніка, добра ўсведамляе, што далёка не ўсе прапанаваныя рашэнні ўспрымуцца адназначна. Таму за прапановы і крытычныя заўвагі будзе ўдзячны. Важна, каб прапановы былі слушнымі, крытыка не была самамэтай, заўвагі — адарванымі ад рэальнага вопыту, стану і перспектыў існавання Царквы. А галоўнае — каб усе мы разам адчувалі адказнасць за справу.

Іван ЧАРОТА, доктар фіяалагічных навук, прафесар