2022 Чарота, І. Іван Чарота: «Сябры нярэдка называюць мяне “беласербам”»

Чарота, І. Іван Чарота: «Сябры нярэдка называюць мяне “беласербам”» / Іван Чарота ; [падрыхтавала] Людміла Рублеўская // Звязда. – 2022. – 4 кастрычніка (№ 194). –С. 11 : фат.

Іван Чарота: «Сябры нярэдка называюць мяне “беласербам”»

Калі пералічваць званні іўзнагароды вядомага беларускага перакладчыка, літаратуразнаўца, філолага-славіста Івана Чароты, гэта зойме цэлую старонку. Доктар філалагічных навук, прафесар БДУ, акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтваў, лаўрэат прэміі Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», міжнароднай прэміі Ф. Дастаеўскага і гэтак далей. Шмат у якіх літаратурных дыскусіях на самыя розныя тэмы даводзілася сутыкацца, але тэма сённяшняй размовы асаблівая:Івану Аляксеевічу споўнілася 70 гадоў. Гаворка, праўда, усё адно пайшла пра літаратуру, мову, духоўнасць — тое, чаму юбіляр, уласна кажучы, прысвяціў жыццё.

З чаго пачаўся вядучы югаславіст Беларусі? Наканаванне ці выпадак?

— Не сумняваюся, што мне наканавана займацца сербістыкай і югаславістыкай як справай жыцця. Хоць на розных этапах успрымаць гэта можна было па-рознаму. Уласна, я ж не атрымліваў адукацыі канкрэтна па гэтай спецыяльнасці. Проста на другім курсе рускага і беларускага аддзяленняў філфака БДУ быў прапанаваны факультатыў па адной са славянскіх (замежных) моў. Паколькі на яго было адведзена ўсяго 32 вучэбныя гадзіны, то прадугледжваўся ён, фактычна, для агульнага знаёмства з гэтай мовай. Я без ваганняў выбраў сербскую, лёгка асвойваў яе асаблівасці, хоць і не вылучаўся дысцыплінаванасцю, стараннасцю. Атрымлівалася анекдатычная сітуацыя: паколькі я прапускаў заняткі, выкладчыца лічыла непедагагічным ставіць мне залік гэтаксама, як і маім руплівым аднагрупнікам, хоць я валодаў ведамі і навыкамі лепш за іх. Тады я сам выручыў інтэлігентную, сумленную выкладчыцу — прапанаваў, каб яна прызначыла мне пераздачу, даўшы нейкае сур’ёзнае заданне. І выйшла так, што на пераздачы я атрымаў прапанову стаць гідам-перакладчыкам у Бюро міжнароднага маладзёжнага турызму «Спадарожнік». Пасля гэтага для мяне адкрыліся магчымасці не проста падпрацоўваць: я пачаў ездзіць з групамі югаслаўскіх турыстаў па ўсім Савецкім Саюзе, наведваць мясціны, культурна-гістарычныя аб’екты і музеі, якія б сам па сабе наўрад ці ўбачыў, за гэта маючы заробак і прыстойнае харчаванне. Да таго ж мне, як усім астатнім студэнтам, стыпендыя ішла, я карыстаўся правам на вольнае наведванне заняткаў, на індывідуальны перанос экзаменаў і залікаў… І так больш за тры гады. Але пакуль што я не згадаў пра самае важнае — проста выдатныя шанцы ўдасканальваць мову і веды пра краіну, а таксама пра народ, з прадстаўнікамі якога даводзілася непасрэдна і цесна кантактаваць. Дзякуючы гэтаму пазней я стаў запатрабаваным як у функцыі перакладчыка югаславянскіх літаратур, так і кансультанта па югаславістыцы для выдавецтваў і навуковых устаноў. Між тым, не ўсё складвалася ідылічна. Калі ўжо аказаўся на этапе «прасунутым» і развівацца як спецыяліст не мог без паездак у краіну маіх навуковых і творчых інтарэсаў, узніклі істотныя перашкоды. СФРЮ ж лічылася дзяржавай апартуністаў. З часам выявілася, што мне выезды не дазваляюцца, хоць адкрыта пра гэта ніхто не гаворыць, а я дзясятак разоў марна афармляю дакументы на семінары, канферэнцыі, стажыроўкі. Працягвалася такое даволі доўга. З дыстанцыі цяперашняга ўзросту маю падставы лічыць, што гэта мела і станоўчае значэнне. Галоўнай прычынай названай перашкоды з’яўлялася беспартыйнасць. Адпаведна, трэба было прайсці спакусу, нават рэальнае выпрабаванне — уступаць у партыю, каб пазбавіцца статусу «невыязнога», ці ўсё ж такі трываць? Выбраў другое, працягваючы займацца сваёй справай. Аказалася, што раней ці пазней такія пытанні ўсё роўна вырашаюцца, за кошт вынікаў справы.

А што да асоб, якія ўплывалі на мой шлях, да іх перш за ўсё належыць незабыўная Вера Міхайлаўна Лумбіна, выкладчыца сербскай мовы. Лёс яе не назавеш звычайным: нарадзіўшыся, вырасшы і атрымаўшы адукацыю ў Сербіі, у сям’і тых, хто пакінуў Расію пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, яна вымушана была перажыць тое ж самае, што і бацькі, толькі стала выгнанай з другой радзімы і аказалася ў рээміграцыі. Такі вынік канфлікту ФНРЮ з СССР. Адпаведна, большую частку і завяршэнне жыцця Вера Міхайлаўна правяла ў Мінску, працуючы ў бібліятэцы Акадэміі навук БССР, а падпрацоўваючы на філфаку БДУ, дзе мы і сустрэліся з ёю.

Спрыяльным стала знаёмства з прафесарам літаратуразнаўства Вукашынам Станісаўлевічам якраз у той час яшчэ, калі я вазіў па Саюзе групу бялградскіх студэнтаў, а ён гэтую групу ўзначальваў. А пазней, калі ўдалося-ткі апынуцца ў СФРЮ, усталяваліся прыязныя кантакты з вучонымі-філолагамі і культуролагамі, сярод якіх галоўнае месца займае прафесар Міядраг Сібінавіч, побач з ім — Вітамір Вулеціч, Сава Бабіч, Радэ Канстанцінавіч, Ёван Янічыевіч і многія іншыя. Тое ж самае з пісьменнікамі, паколькі шэраг маіх выездаў адбываліся праз СП ССР. Я меў гонар і задавальненне добра ведаць пісьменнікаў-класікаў — скажам, Дэсанку Максімавіч, Антоніе Ісакавіча, Слабадана Ракіціча.

— Ведаю, што даводзілася часта гасцяваць у Сербіі… Што падаецца агульным і адрозным у сербаў і беларусаў? Мо якую страву адтуль запазычылі для сямейнага стала?

— Сапраўды, з 1982 года я стаў рэгулярна ездзіць у Югаславію, а найбольш — у Сербію, якая мне блізкая, па-свойму родная. Прызнаюся, што тамтэйшыя сябры нярэдка называюць мяне «беласербам», ужываючы слова, утворанае і выкарыстанае мною сітуатыўна. Між тым, сербскія стравы да гэтага не маюць дачынення, хоць нацыянальная кухня ў братоў-сербаў проста цудоўная. Не кажу ўжо пра віно і ракію… Але я не гурман і нават не вялікі ахвотнік многа есці. Таму часта натыкаўся на недаўменне, калі не сказаць, крыўду: «Чаму ты гэта не пакаштуеш? Чаму вось тое не пахваліш — што, не падабаецца?!» Мяне як беларуса, які гадаваўся пры абмежаванасці ва ўсім, проста не цікавілі прысмакі, часам нават сам па сабе вырываўся не зусім дыпламатычны папрок, што ў адносінах да ежы яны выяўляюць нешта ад язычніцтва. А ўжо мая жонка, калі мы ездзілі разам, заўжды станоўча адзывалася пра розныя гастранамічныя «спецыялітэты», як гэта сербы называюць, і хваліла іх.

Вось вам і першае сведчанне пра тое, чым мы адрозніваемся. Праўда, павінен удакладніць, што ўспомнены вышэй папрок з намёкам на язычніцтва несправядлівы, хоць яго можна абгрунтоўваць і некаторымі іншымі паказчыкамі — напрыклад, шырокай распаўсюджанасцю імёнаў тыпу Весна, Ружа, Ела (елка) і нават Вук (воўк). У сапраўднасці сербы — глыбока хрысціянскі народ. І галоўны іх запавет, Косаўскі, грунтуецца на адназначнасці выбару паміж царствам зямным і Царствам Нябесным. Мала хто звяртае таксама ўвагу на тое, што ў сербаў ёсць сваё найменне Праваслаўя — Святасаўе, ад імені святога Савы, першага архіепіскапа Сербскай праваслаўнай царквы, якая ўзнікла непасрэдна дзякуючы яму.

— Добра, тады возьмем такі канкрэтны і зусім прыватны план: якая сербская народная казка з перакладзеных вамі вам найбольш падабаецца?

— Мне, натуральна, даводзілася не толькі чытаць, але і перакладаць мноства казак сербаў ды іншых народаў Югаславіі. Дарэчы, укладаць зборнік беларускіх казак для сербаў давялося таксама. Але вылучыць нейкія асобныя з іх мне цяжка. Акрамя таго, перад унукамі, бадай, мушу і павініцца за тое, што казкі ім расказваў вельмі рэдка, а пры гэтым яшчэ і «халтурыў» — стараўся, каб выходзіла як мага карацей. Гэта, прызнаю, не мая стыхія. Мне заўжды больш хацелася ўнукам паспяваць, і я спяваў, сербскія песні ў тым ліку. Ну а калі дачакаюся праўнукаў, то ўжо і на казкі згаджуся…

— Колькі ж моў вы ведаеце і валодаеце, наколькі вольна?

— Вывучаць давялося больш за тузін. А наконт узроўняў валодання мовамі я публічна выказваўся не адзін раз. Магу паўтарыць і яшчэ: той, хто сцвярджае, быццам свабодна валодае многімі мовамі, альбо падманвае, альбо сам падманваецца. Тут дзейнічаюць складаныя механізмы. І нават калі ты раней гаварыў зусім лёгка, без ніякіх цяжкасцяў, адсутнасць моўнага асяроддзя і актыўнай практыкі заўжды дае свае вынікі. Я, апынаючыся ў Сербіі, маю патрэбу, каб «вуха адкрылася» — чуць не толькі словы, але і ўсе інтанацыі, нюансы; затым каб па-сапраўднаму «раскрыўся рот» — без дадатковага кантролю спрацоўваў маўленчы апарат. А ёсць і яшчэ этапы — напрыклад, калі ў сне размаўляеш… Ды гэта ўжо сур’ёзная псіха-лінгвістычная праблематыка.

— Вядома, ды і з таго, як вы характарызавалі сербаў, заўважна, што вы — чалавек веруючы… Якія традыцыі склаліся ў сям’і, як адзначаеце святы?

— Вой, на такое пытанне адказваць надзвычай складана! Як цяпер ні паварочвай, а варта прызнаць, што традыцыі набожнасці ў сем’ях, а тым больш у шырэйшым ахопе, абарваліся пры савецкай уладзе з яе татальным бязбожніцтвам. І вяртацца да іх вельмі няпроста. Наша грамадскае асяроддзе па інерцыі ўсё яшчэ пад моцным уплывам ранейшага. Дзякуй богу, што цяпер больш выяўляецца свядомасць проста атэістычная, а не антытэістычная ваяўніча, як раней. Я неаднойчы ўжо казаў і пісаў, што веру кожнага з нас выявіць сам Гасподзь. І выявіцца яна, бадай, не толькі ў тым, ці часта мы ў царкву хадзілі, ці насілі асвячаць на Вербніцу вярбу, ці фарбавалі на Вялікдзень яйкі… Гэта ўсё ж такі сведчыцца іншым, хоць мы з жонкай на богаслужэнні стараемся хадзіць рэгулярна і абрады шанаваць не менш, чым нашы продкі. Дзяцей да гэтага прывучыць хацелі, аднак не прымушалі; старэйшых унукаў імкнуліся вадзіць у царкву з сабою, каб хоць нешта дайшло да іхніх душачак, і вельмі радаваліся, калі нешта назіралі. А пры ўсім гэтым трэба разумець, што шлях да храма і да Бога — заўжды індывідуальны, калі не казаць, інтымны…

— Вы складалі анталогіі беларускай хрысціянскай прозы і паэзіі… Наколькі гэтая з’ява арганічная для нашай культуры, ці ёсць працяг сёння?

— Думаю, што гэтая з’ява арганічная ў такой самай меры, як і рэлігійнасць. Скажам, агульнавядома, што ў пэўных сітуацыях атэізм развейваецца. А па вялікім рахунку, душа кожнага з нас — хрысціянка. Проста ў сваёй рэлігійнасці не ўсе прызнаюцца, некаторыя — нават самі сабе, ну а сведчыць пра яе адкрыта ў савецкі час было нават небяспечна. У апошнія ж дзесяцігоддзі — наадварот. І гэта, на жаль, прывяло да прыкрай дэвальвацыі: паказваць набожнасць стала, прашу прабачэння, модай. Але, нягледзячы на ўсё гэта, шчырае богашукальніцтва не знікала і не знікне. Калі вы звярнулі ўвагу, назва ў прыгаданых анталогій — «Насустрач Духу», і яна азначае рух насустрач Духу Святому, Богу. А рухацца ў гэтым напрамку людзі не перастаюць. І творы адпаведнай тэматыкі як з’яўляліся ў розныя часы, так і будуць з’яўляцца. Дарэчы, не зусім жа выпадкова мой унук-філфакавец піша курсавую работу пра адлюстраванне подзвігу прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага ў сучаснай беларускай літаратуры.

— Адна з вашых манаграфій называецца «Пошук спрадвечнай існасці: Беларуская літаратура ХХ стагоддзя ў працэсах нацыянальнага самавызначэння». Ці можна сказаць, што тыя пошукі завершаныя? Ці працягваюцца, як і кім, яны ў XXІ стагоддзі? І якую ролю адыгрывае ў іх гістарычная памяць?

— Глыбокае ўсведамленне спрадвечнай існасці павінна закладваць аснову для быційна патрэбных высноў, а таксама для вызначэння жаданых перспектыў. Без гэтага немагчыма фармуляваць як звязанае з універсальнымі катэгорыямі, так і, скажам, з актуальнай ідэалогіяй — і нацыянальнай, і дзяржаўнай. Натуральна, пры максімальным уліку гістарычнай памяці. Што ж да пошукаў правільнага ўсведамлення спрадвечнай існасці свайго народа, асабліва на тым этапе, калі ён толькі што атрымаў дзяржаўнасць, то іх неабходна працягваць, і завершанымі яны проста не могуць быць.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ