Карлюкевіч А. М. На Кастрамской зямлі / А. М. Карлюкевіч // Пуцявінамі зорак : ураджэнцы Беларусі ў блізкім памежжы

Карлюкевіч А. М. На Кастрамской зямлі / А. М. Карлюкевіч // Пуцявінамі зорак : ураджэнцы Беларусі ў блізкім памежжы / А. М. Карлюкевіч. – Мінск, 2021. – С. 93-95.

Пра ўраджэнца Кобрынскага павета, праваслаўнага святара Андрэя Іванавіча Кульчыцкага (епіскапа Ташкенцкага Аляксандра).

На Кастрамской зямлі

З ураджэнцаў Кобрынскага павета — епіскап Ташкенцкі Аляксандр.

Сустракаючыся не аднойчы з кастрамічамі, я заўсёды стараўся распытваць пра цікавых людзей, пра тых асоб, якія нашы старонкі аб’ядноўваюць, аб’ядноўвалі на працягу ранейшых часін. Гучала ў гэтых размовах найперш імя літаратурнага крытыка, журналіста Ігара Дзядкова, які вельмі моцна падтрымаў Васіля Быкава, які напісаў і кнігу пра народнага пісьменніка, і шэраг артыкулаў і рэцэнзій, прысвечаных яго творам. Ігар Дзядкоў ліставаўся з Алесем Адамовічам, Янкам Брылём… А вось неяк выпала з поля зроку асоба ўжо ўраджэнца Беларусі, які застаўся навечна ў Кастрамскім краі… Размова — пра праваслаўнага святара Андрэя Іванавіча Кульчыцкага. Нарадзіўся ён у Камені Шляхецкім Кобрынскага павета Гродзенскай губерні. У 1826 годзе…

Не шукайце гэта паселішча на картах, зараз гэта — вёска Акцябр. Гарадзецкі сельскі савет Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Колішні Антопальскі раён.

У 1847 г. наш зямляк закончыў Літоўскую духоўную семінарыю. I ў верасні гэтага самага года пачаў службу святаром у Кобрынскай Петрапаўлаўскай царкве. А яшчэ быў прызначаны настаўнікам Закона Божага ў гарадскіх вучылішчах. Аўдавеў і 3 лістапада 1852 г. прыняў манаства. Праз год паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. Закончыў вучобу ў 1857 г. са ступенню кандыдата багаслоўя. I ў лістападзе 1857 г. быў залічаны ў Пекінскую духоўную місію настаўнікам славянскай мовы. Выкладаў у Албазінскім вучылішчы, якое кітайскі ўрад стварыў для вывучэння еўрапейскіх моў.

У 1864 г. ураджэнца Кобрыншчыны зволілі з місіі з пенсіёнам 500 рублёў у год. А з 9 сакавіка 1866 г. Андрэй Кульчыцкі — інспектар Полацкай духоўнай семінарыі. 20 красавіка 1869 г. узведзены ў сан архімандрыта.

У лістападзе 1871 г. нашага земляка прызначаюць настаяцелем пасольскай праваслаўнай царквы ў Рыме.

12 сакавіка 1878 г. — новая прыступка ў царкоўнай іерархіі: у саборы Аляксандра-Неўскай Лаўры архнмандрыта Аляксандра (Кульчыцкага) узвялі ў сан епіскапа Туркестанскага. Епархія была заснавана толькі ў 1871 г. I можна толькі ўяўляць, колькі клопатаў легла на яго плечы. Праасвяшчэнны Аляксандр быў усяго толькі друтім епіскапам у гэтай старонцы. Праслужыў ён у Туркестане болей шасці гадоў. Пры возеры Ісык-Куль заснаваў Свята-Троіцкі мужчынскі манастыр.

I апекаваўся ім нават тады, калі пераехаў да новага месца службы — у Кастраму.

Са жніўня 1883 г. наш зямляк — епіскап Кастрамскі і Галіцкі. Памёр епіскап Аляксандр 16 снежня 1888 г. Пахаваны ў Кастрамскім Іпацьеўскім манастыры ў царкве праваслаўнага Лазара.

Раптам будзе ісці ваш шлях у гэтую расійскую старонку, на Кастрамскуто зямлю, не палянуйцеся — зазірніце да Іпацьеўскага манастыра. I пакланіцеся святому нашаму прашчуру.