БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў РЭЛІГІЙНАЙ СФЕРЫ
ЯК ІДЭЯ I ЯК РЭАЛЬНАСЦЬ
Маем задавальненне паведаміць, што «Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік праваслаўнай лексікі», анансаваны ў мінулым нумары «Царкоўнага слова», выйшаў з друку.
Набыць яго можна ў кніжнай лаўцы Свята-Петра-Паўлаўскага сабора непасрэдна.
А мы працягваем цыкл публікацый, аўтар якіх падрабязна тлумачыць, чаму без такога слоўніка немагчыма ўнармаванне беларускамоўнай лексікі, звязанай з гістарычным і сучасным існаваннем нашай Праваслаўнай Царквы.
Каб прадмет размовы не выглядаў залішне абстрактна, возьмем з матэрыялаў сучаснага друку пару прыкладаў таго, як звыклыя праваслаўныя паняцці перакручваюцца на каталіцка-польскі лад — нібыта «акурат па-бела- руску». Не лішне, бадай, зыходна падкрэсліць, што гэта не з маўлення людзей простых, мала адукаваных, а з публікацый у газеце вядучага універсітэта і ў тыднёвіку творчай інтэлігенцыі краіны: подпіс пад здымкам — «Плябан Ігар Карасцялёў праводзіць экскурсію для студэнтаў…», у самім тэксце — «… пля- бан і протаіерэй Ігар Карасцялёў» (гл.: «Універсітэт», 19.04.2021. № 6 (2243). С. 6); як быццам з самымі лепшымі намерамі сказанае — «…за гэтую творчую сустрэчу трэба дзякаваць і арцыбіскупу Гомельскай епархіі Стэфану, пры падтрымцы якога выйшаў зборнік» (гл.: «Літаратура і мастацтва», 17.12.2021. С. 7). Ды гэта яшчэ, можна сказаць, паўбяды. Значна горш і намнога небяспечней, калі нібыта дасведчаныя аўтары падобную мешаніну моўнай і веравызнаўчай свядомасці навязваюць школьнікам — у прыватнасці, каб нашы дзеці замест правільнага слова ікона ўжывалі перакрыўленае абраз, каб гаварылі і пісалі не ангел, а анёл, не блажэнны, а дабрашчасны, не благаслаўленне, а бласлаўленне, не епіскап, а біскуп, не паперць, а цвінтар, і нават — няхай даруюць усе святыя! — святаслоўе замест стараславянскага і рускага празднословие… (гл.: «Духовность и патриотизм: факультативные занятня «Основы духовно-нравственной культуры и патриотизма»: пособие для учащихся учрежденнй общего среднего образования с белорусским и русским языками обучения». — Мн., 2021, 2022). Прычым апошні прыклад асабліва балюча кранае з-за таго, што ў склад аўтарскага калектыву і рэдакцыйнай групы згаданага дапаможніка ўваходзяць праваслаўныя свяшчэнна- служыцелі…
Не лішнім тут, пэўна ж, будзе і самакрытычнае прызнанне, што да апошняга часу дапускаецца варыятыўнасць у назве структур, закліканых якраз канчаткова вырашаць пытанні царкоўна-багаслоўскай тэрміналогіі. У прыватнасці, пільныя чытачы не маглі не заўважыць таго, што на адваротным баку тытульнага ліста выдання «Святое Евангеллле паводле Марка» (Мн., 1999) пазначана: «Пераклад на беларускую мову Біблейскай камісіі», тады як у тым самым выданні на той самай старонцы напісана: «Біблійнае Таварыства Рэспублікі Беларусь», ды і ў беларускамоўных афіцыйных дакументах Камісія імянуецца «Біблійнай». Наўрад ці прапускаюцца таксама іншыя хібы. Між тым, дзеля справядлівасці варта адзначыць, што ў праваслаўных сродках масавай інфармацыі тэрміналагічны разнабой пераадольваецца і паступова знікае.
I вось тут мы падыходзім да істотнага абагульнення: Беларуская Праваслаўная Царква, дбаючы зусім не пра вынікі «напаказ», імкнецца неадменна праяўляць увагу і павагу да мовы народа. Нярэдкія закіды пэўных сродкаў масавай інфармацыі, што беларускую мову яна не прымае, абумоўліваюцца звычайна альбо недасведчанасцю, альбо тымі злабадзённа-палітычнымі акалічнасцямі, якія нагадваюць нядаўнюю сумнавядомую эпоху. Бо толькі тады як нармальныя маглі ўспрымацца лозунгі тыпу: «Мы за поўную і канчатковую беларусізацыю Царквы!» У рэальнасці ж, як мы ўжо неаднаразова адзначалі, пытанне «беларуская мова і Царква» ніколі не было «гарачым»; яго рабілі «гарачкавым». А да чаго прыводзіць захапленне лозунгамі такога роду, старэйшыя пакаленні ведаюць: гэта былі патрабаванні тых, хто «не меў нічога, апрача ланцугоў»; і яны дамагаліся-такі свайго, але гэта азначала разбурэнне дашчэнту. Слава Богу, што цяпер царкоўная сфера хоць юрыдычна аддзялілася, а гэта значыць, што мае меншую залежнасць уласна духоўнага, асвячонага шматстагоддзевай традыцыяй, ад сіл разбуральных.
Таму не выпадкова царкоўнае асяроддзе захавала ўстойлівы недавер да тых сіл, якім карціць умяшацца ў справы, для іх чужыя, уцягнуць Царкву ў жорсткую залежнасць ад перманентных палітычных пераўладкаванняў і тым самым груба паўтараючы не без трагізму пройдзенае. Парадаксальна, але факт: у нас якраз такія функцыі ўзяла на сябе частка інтэлігенцыі, зачараваная наборам ідэалагем, толькі фармальна крыху адрозных адтых, якія стымулявалі разломныя працэсы ў перыяд рэвалюцый пачатку мінулага стагоддзя. Пераемнасць тут відавочная. Як і некалі, над усім — апантанасць задачай усталявання новага раю на зямлі для «цёмнага, нібы крот» народа і, адпаведна, для яго ж, абнаўлення ўсяго — Царквы і веры ў тым ліку. Сімптаматычна, што пры гэтым «рупліўцы» такога кшталту для сябе адводзяць месца «па-за» альбо «над» Царквою. Тут дарэчы, думаецца, будзе такі вось — вельмі тыповы і пераканаўчы — прыклад з вопыту, які непасрэдна датычыцца тэмы нашай гаворкі: калега-філолаг асуджаў стаўленне да беларускай мовы ў Праваслаўнай Царкве, безапеляцыйна вызначаў, хто вінаваты і нясе адказнасць за недапушчальны, па яго ацэнках, стан рэчаў; калі ж было прапанавана, каб сам ён, уцаркаўляючыся, узяўся за паляпшэнне стану ў канкрэтным прыходзе, ён здзіўлена задаў пытанне: «А чаму я?». Каментарыі, як кажуць, без патрэбы.
Няпроста ацэньваць і наробак тых, хто нібыта браўся за справу. Скажам, перакладчыкаў Свяшчэннага Пісання. Амаль усе яны прэтэндавалі, каб ператлумачаныя імі тэксты Царква адразу скарыстоўвала ў богаслужэннях. А пры гэтым, на вялікі жаль, чамусьці дазвалялі сабе прапускаць словы, выразы, нават цэлыя сказы і радкі, а таксама адвольна мяняць парадак вершаў евангельскага тэксту. Галоўнае ж — амаль што пагалоўнае адмаўленне царкоўнаславянскай мовы пры нібыта слушнай аргументацыі: людзям патрэбна мова зразумелая, і на яе мы павінны перакладаць. Ды ці дасягаецца такая мэта на практыцы? Сведчым і пацвярджаем вынікамі спецыяльнага даследавання ў выглядзе тэстаў, што далёка не заўсёды. Скажам, нават апытаныя студэнты і выкладчыкі-філолагі не разумелі тых значэнняў, якія беларускімі перакладчыкамі надаваліся (дзеля даходлівасці?) словам адмяніцца, букатка, булак, бярно, змяжджуленыя, коптар, крэйца, мужаваць, нашулкі, нявісны, сьпісанне, умецце (Я. Станкевіч), вінажлоп, запаветраныя, здумленне, кунойміты, набожня, субожніца, тайніцы, здумленне (П. Татарыновіч), гіярэі, гэльленістычнае, пацяшыцель (Я. Пятроўскі), асланіць, вочнікі, дабрашчасныя, запаняверыцца, кленіч, крывацеча, лішніца, мілажальны, недавярак, чувайце, урвішча, умілажаліцца (В. Сёмуха).
Бадай, не толькі тыя, для каго звыкла незаменнымі ўяўляюцца словы «Радуйся, Благодатная! Господь с Тобою» альбо «смертию смерть поправ», бянтэжацца, сутыкнуўшыся з такім вось іх перакладам: «Здарова, ласкаю абдараваная! Спадар із табою» (Я. Станкевіч) і «сьмерцяю сьмерць патаптаў» (мітрапаліт БАПЦ Мікалай). Прычым, нават калі гэта больш-менш дакладна з лінгвістычнага пункту гледжання, як у другім згаданым выпадку, тут нельга забывацца на своеасаблівасць літургічнага ладу, адпаведнага настрою. Між іншым, калі гэтага не ўлічваць, узнікае небяспека, што на пэўныя рашэнні ўцаркоўлены люд будзе рэагаваць як на прафанацыйныя і нават парадыйна-блюзнерскія, г.зн. кашчунныя. Многімі так прыкладна ацэньваюцца захады Я. Станкевіча абеларусіць у Свяшчэнным Пісанні імёны ўласныя: Хахіль [= Тэафіл, Феаафіл (Лк,1:3)], Салома [= Саламія (Мк, 16:1)], Вартымей Тымяёнак [= Варцімей, сын Цімея (Мк, 10:46)], Нааман Сыранін [=Нееман Сірыянін (Лк, 4:27)], «Ганна Фануелішка, прарока Ашэравага…» [= Анна прарочыца, дачка Фануіла, з племені Асіра (Лк, 2:36)]. Падкрэслім яшчэ раз: гэта з перакладаў, задача якіх, нібыта, зрабіць Евангелле зразумелым не толькі для тых, хто будзе чытаць, але і для тых, хто будзе слухаць у храме.
Дык вось, як вынік сказанага — пытанне ўсім нам: а ці разумна спяшацца з патрабаваннямі безадкладна замяніць у богаслужэнні царкоўнаславянскую мову на сучасную беларускую да таго, як будзе хоць бы падагулены і належным чынам асэнсаваны той вопыт, што назапасіўся — і станоўчы, і адмоўны?
Традыцыйная беларуская памяркоўнасць падказвае, што для Праваслаўнай Царквы Беларусі і вернага ёй люду проста непрымальны шлях радыкальных пераўладкаванняў. I ў адносінах да царкоўнаславяншчыны павінен заставацца падыход — патрыятычны, а разам з тым і больш як тысячагадовым вопытам абумоўлены: «… Мы, праваслаўныя беларусы, не адмаўляемся ад роднай мовы. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб яна ўзбагацілася прыгоствамі, дасканаласцю царкоўнаславянскай і стала побач з ёй, не замяняла ні ў якім выпадку, а суседнічала» (прот. Георгій Латушка. «Ерась альбо неабходнасць? Пра мову богаслужэння» // «Літаратура і мастацтва». 14.01.2000. С. 13).
Ну а ў адпаведнасці з гэтым надзённыя задачы могуць фармулявацца прыкладна так:
• улічваючы ўсе супярэчнасці ранейшага вопыту і цяперашніх умоў, усведамляючы вялікую адказнасць справы, імкнуцца да таго, каб пераклады Свяшчэннага Пісання і богаслужбовых тэкстаў захоўвалі сваю сакральную існасць, значэнні арыгінала і прыдатнасць да паўнавартаснага выкарыстання;
• усведамляючы сціпласць сваіх магчымасцяў, арыентавацца на вынік, які б хоць неяк набліжаўся па сваім значэнні да таго, што мае рускі Сінадальны, прыняты рознымі канфесіямі і дэнамінацыямі незалежна ад таго, што ён выразна праваслаўны па сваім змесце;
• выпрацоўваць такі варыянт царкоўна-беларускай мовы, які б не адмаўляў старажытнай славянскай традыцыі, а разам з тым і адпавядаў сучаснай кадыфікацыі.
Адпаведна, выданне «Кароткага царкоўнаславянска-беларускага слоўніка праваслаўнай лексікі» з’яўляецца самай што ні ёсць канкрэтнай рэакцыяй на тую патрэбу, якая сфармулявана ў апошнім з пералічаных пунктаў.
Іван ЧАРОТА, доктар філалагічных навук, прафесар