ЦІ ПРЫМАЛЬНАЕ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ
БЛАГАСЛАВЕННЕ?
Вынесенае ў загаловак пытанне многіх, бадай, здзівіла. Між тым, як ні дзіўна, у нашай вар’яцкай рэальнасці многія адказваюць на яго катэгарычным: не! Праўда, пакуль што ў сувязі са зместам, які датычыцца правіл моўных.
Дзве папярэднія публікацыі мы прысвяцілі сукупнасці агульных праблем ужывання беларускай мовы ў хрысціянскай сакральнай сферы. А цяпер звернемся да момантаў самых што ні ёсць канкрэтных і, здавалася б, зусім не складаных аднак моцна заблытаных разнабоем, які ўласцівы сучаснаму беларускаму друку. Да такіх перш за ўсё належыць упартае адмаўленне слоў з коранем благ/блаж — напрыклад: благо, благоверный, благовествовать/ благовестие/благовещение, благоволение, благовоние, благовремение, благогласие, благоговение, благодарение, благодать/ благодатный, благозвучие, благонравие, благополучие, благопотребный, бла- гопоспешение, благоразумие, благорасположение, благородство, благословение/благословенный, благоутробие, благостность, благочестие, благочиние, блаженство/ блаженные і інш…
Без гэтага слоўнікавага запасу, дарэчы, праваслаўным беларусам проста немагчыма абысціся, што абумоўлена і яго аб’ёмам, і значэннем у пісьмова-духоўнай спадчыне, і патрэбай выкарыстання цяпер. А пры ўсім гэтым за апошні час для яго выкарыстання і прадуктыўнасці ў словатворчай практыцы сучаснай беларускай мовы штучна ствараюцца істотныя перашкоды. Каб праілюстраваць гэтыя супярэчнасці, прывядзем прыклад, якія заменнікі да добра зразумелага ўсім слова «благаслаўляйце» выкарысталі беларускія перакладчыкі Евангелля ад Лукі (6,28); дабраслаўляйце (Сёмуха), дабраслаўце (Станкевіч), багаслаўце (Татарыновіч), бласлаўляйце (Клышка), дабраслоўце (Міцкевіч), спагадайце (Чарняўскі).
Прыведзеныя прыклады пошуку замены мелі, натуральна, розную матывацыю. Аднак усе яны, бадай, апынуліся ў залежнасці ад меркавання, быццам бы для беларускай мовы з такім коранем словы наогул не ўласцівыя; маўляў, «блага» — па-беларуску азначае «кепска, дрэнна», таму трэба пазбягаць русіфікацыі. Так ці інакш, носьбіты і прыхільнікі гэтых поглядаў чамусьці не заўважылі, што для рускай мовы ўласціва тое самае: «БЛАГІЙ или благой, выражает два противоположные качества: церк. стар., а частию и ныне: добрый, хороший, путный, полезный, добродетельный, доблестный; II в просторечии же: благой, злой, серднтый, упрямый, упорный, своенравный, неугомонный, беспокойный, дурной, тяжелый, неудобный» (Даль В. Толковый словарь живого великорусского языка. Т. I. М., 1956. С. 90). Праігнаравалі яны таксама і тое, што як жывая, так і літаратурная вялікаруская мова такую дваістасць прыняла нармальна, а вось у літаратурнай мове беларускай пачало замацоўвацца непрыманне яе, і словы з гэтай асновай, незалежна ад сферы ўжывання і кантэксту, пачалі замяняцца чым заўгодна. Каб разабрацца ў правамернасці такой тэндэнцыі, паспрабуем агледзець яе з розных бакоў.
Прысутнасць гэтых слоў у жывой беларускай мове пацвярджаецца шырока вядомымі прыкладамі народнага мудраслоўя розных часоў: «Благаславі, Божа, у каморы, у аборы і ў полі, і ў гумне», «Пастаўлёна — благаслаўлёна», «Які поп (ксёндз), такое благаславенне». Яны проста незаменныя, можна сказаць, у моўных формулах рознага кшталту, настаўленнях і пажаданнях вясельнага абраду, а такскама ў песнях: «...Благаславіце краснай панне каравай учыніць»; «Благаславіце, людзі, блізкія суседзі, гэтаму дзіцяці каравай замясіць…»; «Благаславіце маладую панну на пасад пасадзіць» — усе адказваюць: «Бог благаславі»; «Благаславіце людзі, блізкія суседзі, гэтаму дзіцяці да шлюбу стаці»; «… Татулечка мой, родненькі мой, адчыні вароцікі, благаславі мяне на дарожачку, у чужую староначку. — Табе дарожачка благаслаўлёна, вароцікі адчынёны»; «…Ды мамачка родная, ды я па табе хаджу, на сваё вяселлейка я цябе прашу, ды прыйдзі ў вяселлейка на благаславеннейка»; «Благаславі, ацец і маці і добрыя людзі, каравай падаці» (Беларускі фальклор. Хрэстаматыя. Мн., 1985. С. 236, 243, 250, 269, 276, 650. Дарэчы, паказальна, што адзін з цытаваных запісаў — на матэрыяле каталіцкага асяроддзя, а другі — познесавецкага часу). Аналагічна і ў народных творах іншых жанраў — напрыклад, у замовах: «Лягу я, раб Божы, памалюся, ўстану я, благаслаўлюся…»; асабліва ў каляндарна-абрадавай паэзіі: «Благаславі, Божа мілы, зіму замыкаці…», «Благаславі, Божа, вясну красну пеці…», «...Благавешчанне — араты на ніву…» (Тамсама. С. 71, 90, 91, 105).
Што ж датычыцца слова «Дабравешчанне» як назвы хрысціянскага свята, паводле нашых назіранняў, яно ў беларускіх народных гаворках распаўсюджаным не было, а пачало ўводзіцца штучна, дзеля таго, каб замацоўваць адвольную тэндэнцыю ў нарматызацыі сучаснай літаратурнай мовы. Калі ж паставіць пытанне, чым маглі быць абумоўлены такія нормы, уцямнага адказу не знаходзіцца. Даводзілася чуць, скажам, адсылкі да стара(бела)рускіх слоўнікаў. Але яны пераканаўчымі лічыцца наўрад ці могуць. Чаму? А хоць бы таму, напрыклад, што «Лексисъ сь толкованіемъ словенскіхъ мовъ просто» да імені «Агафонъ» дае — простае! — тлумачэнне: «благъ, добръ». Лаўрэнцій Зізаній у сваім «Лексісе» змяшчаў не што іншае, як «реченія, въкратъце събранны, и из славенскаго языка на просты рускій діялектъ истолкованы», г.зн. усё тлумачылася словамі, якія на той час былі ў паўсядзённым побытавым ужытку: благодать — ласка, благодетель — добродей, блаженство —- шчастливость, благоволение — добрая воля, благоволю — зезволяю, благолепие — оздоба, благопрыятный — допрмнята лацный, и тыж вдячный, благочестие — богобойность, побожность, набоженство … (Гл.: Старабеларускія лексіконы. Укладальнік А. Яскевіч. Мн., 1992. С. 6, 21-23). Калі ўжо абапірацца на гэты матэрыял, тады варта ўлічваць, што для нас цяпер словы «зезволю» і «допринята лацный» патрабуюць тлумачэнняў не менш, чым «благопрыятный» і «благоволю», а за словам «набажэнства» пазней замацавалі зусім іншае значэнне. Аналагічныя каментарыі можна даць таксама ў адносінах да таго, што «Синонима славеноросская» змяшчае вось якія, напрыклад, шэрагі ўжываных у тагачаснай мове слоў: «бачность, благоухищреніе, мудрость, остроуміе, остроразуміе; богобойный, блягоговенный, говенъ» (Тамсама. С. 45, 46). Прычым усё згаданае, вядома, павінна яшчэ суправаджацца ўдакладненнямі наконт прыналежнасці тых ці іншых слоў да ўласна беларускай мовы. Таму больш пераканаўчымі могуць быць вынікі ўважлівага разгляду той моўнай спадчыны, якую ўсе адназначна прызнаюць за сваю.
Поўны, дакладны рэестр наяўнасці такіх слоў у лексічных фондах розных часоў мы, натуральна, зрабіць не можам; абмяжуемся выбарачнымі звесткамі. Але і яны з дастатковай пэўнасцю сведчаць, што слоў з коранем «благ/блаж» нашы папярэднікі не цураліся, наадварот — у летапісах і хроніках, якія ствараліся ў (пра)беларускім асяроддзі, прадстаўленасць іх шырокая і разнастайная. Таму даводзіцца толькі шкадаваць ды недаўмяваць, чаму ж увесь гэты запас перакладчыкі на сучасную беларускую мову калі не зусім выкасоўваюць, дык затушоўваюць. Скажам, у досыць поўным зборы беларускіх летапісаў трывала замацаванае паняцце благаверны захоўваецца толькі ў асобных выпадках, а ў іншых — перакладаецца далёка не адэкватна: як прававерны, багаверны, добры ў веры( Беларускія летапісы і хронікі. Мн., 1997. С. 289, 297, 63, 160, 226). Не прымаецца фактычна ўся сукупнасць роднасных слоў з семантыкай благаславенне, а на месцы іх з’яўляюцца сумніцельнага сэнсу заменнікі: блаславенне, блаславіў, бласлаўляў, бласлаўляе; і зусім ужо недарэчна, калі Благавешчанне, як бе- ларуска-праваслаўная назва свята і як іменаванне праваслаўнага храма„ перайначваецца на каталіцка-польскі манер — Звеставанне (Тамсама. С. 284, 285, 286, 287; 265, 259).
Падобныя перапісванні-пераробкі-ператлумачэнні могуць завесці нас у такі туман, што вымушаны будзем неяк апраўдваць Францыска (Георгія) Скарыну, гэтаксама як і Сымона Буднага, і Васіля Цяпінскага, у тэкстах якіх досыць частотнымі з’яўляюцца лексемы благовествование, благоволити, благославении/благословение/благословити, благодарение, благодать, ублажати… Калі ж без усялякіх хітрыкаў звяртацца да моўнага матэрыялу папярэдніх эпох, можна выявіць, што і ў XIX стагоддзі гэта было агульнапрынятым. Дарэчы, і Кастусь Каліноўскі, варожы ў адносінах да Праваслаўя, таксама пісаў: «Пакажываюць людзі, што Святы Айцец аж з Рыму прыслаў да нас свае благаславенне» (Мужыцкая праўда, № 6. Цыт. па: Беларуская Царква, №24 (верасень 1962). С. 47). I ў яго ж сустракаем слова благаславенства ( Гл.: Каліноўскі К. За нашу вольнасць. Творы, дакументы. Мн., 1999. С. 239). «Гэта благаславёная славутая Случчына…» «Бог не можа благаславіць…» чытаем таксама у А. Ельскага (Гл.: Ельскі А. Выбранае. Мн.; 2004. С. 34 і 378), якога, праўда, безагаворачна паслядоўным назваць нельга.
Дапускаючы пэўныя сумненні ў пераканаўчасці прыведзеных прыкладаў, спынімся на тэкстах новай эпохі. Скажам, да хрэстаматыйнага фонду належаць такія вось радкі з верша Максіма Багдановіча: «Ужо хутка будзе ноч, і першая гвязда / Благаславіць канец прыгожага труда» (Багдановіч М. Збор твораў: У 3 т. Т. 1. Мн., 1992. С. 88). У таго ж Багдановіча ёсць і гэта: «… Сэрца яго сагравала ўсё благаслаўляючая любоў…» (Тамсама. Т. 2. С. 134).
Зрэшты, паколькі працытаваныя выпадкі нехта можа тлумачыць як вырашэнне асаблівых творчых задач альбо як відавочны ўплыў рускай ці царкоўнаславянскай моў, звернемся да іншых аўтараў і твораў. Між тым, зусім недарэчнымі аказваюцца падобныя тлумачэнні, калі выяўляем, што словы благадаць, благаволіць, благаслаўляю, благачынны, благадзенствуе ўжываў Янка Купала (Гл.: Слоўнік мовы Янкі Купалы: У 8 т. Т. 1. Мн., 1997. С. 136-137). Хоць ён, мяркуючы па ўсім, быў адным з тых, хто ўжо схіляўся да замен і ўжывання вось гэтых слоў: багаславенства — багаславенне — багаслаўлёны — багаславячы — багаслаўляючы і блаславіць — блаславіўшы — бласлаўленне (Тамсама. С. 109,137-138).
А ўжо як тэндэнцыя гэта выразна прасочваецца ў Вацлава Ластоўскага як лексікографа. Пры ўсім гэтым слоўнік яго адлюстраваў якраз непадуладнасць моўнай стыхіі адвольнаму пераўладкаванню, бо ў ім да слова благій — прапаноўваўся пераклад «болагі, добры», адпаведна: благота — добрасць, добраць, болагасьць, а благословеніе — благаслаўленьне, багаслаўленьне (Ластоўскі В. Расійска-крыўскі (Беларускі) слоўнік. — Коўна, 1924. С. 29,32). Праўда, у сваёй літаратурна-творчай практыцы апошняга з прыгаданых слоў ён не толькі не змог пазбегнуць, але і выкарыстоўваў, прызначаючы асаблівую нагрузку ў паэтыцы і стылістыцы: «Благаслаўлён сын, які за Маці чэсць…»; «О, душа беларуская! Благаслаўляй балючую і слёзную сваю мінуўшчыну, благаслаўляй церні(…), благаслаўляй тых, каторыя выдалі і асудзілі на смерць цябе!..» (Ластоўскі В. Выбраныя творы.Мн., 1997. С. 206, 295).
Не меў канчатковай вызначанасці ў гэтым плане і Максім Гарэцкі. У яго мы знаходзім, напрыклад, такое: «Што яе бласлаўляць?..», «атрымаць блаславенне» і «бласлаўляе настаўніка» (Гарэцкі М.Збор твораў: у 4 т. Т. 1. Мн., 1984. С. 98; Т. 2. Мн., 1985. С. 137). Але нароўні з такім словаўжываннем сустракаецца нават лексема «благагавенне», не кажучы ўжо пра больш распаўсюджаныя: »Дрыжачымі рукамі благаслаўляў…», «Мамулечка родненькая! Благаславі на жыццё ў сямейцы чужой», актыўна выкарыстоўваецца слова «благачынны», цыкл замалёвак называецца «Благавешчанскімі абразкамі» ( Тамсама. Т. 3. С. 306; Т. 1. С. 146, 351; Т. 2. С. 111). Паказальна, што ў так званы нашаніўскі перыяд лічыцца непаўнавартаснымі гэтыя словы не маглі (Гл.: Слоўнік мовы «Нашай Нівы». Мн., 2003, Т. І. С. 217).
Па дадатковыя доказы, што якраз гэта ўласціва і жывой народнай мове, і мове літаратурнай пазнейшага часу, далёка хадзіць не трэба. Дастаткова звярнуцца да адказу, які даў Вацлаву Ластоўскаму на яго пісьмовы зварот Патрыярх Ціхан. Неістотна, так складзены быў ці перакладзены гэты тэкст, але ў ім двойчы паўторана: «прызываю благаслаўленне» (Гл.: Беларускі гістарычны часопіс. 1997. № 1. С. 59). Шукаючы паразумення, мы гатовы дапусціць, што гэты прыклад мала вядомы і таму не надта пераконвае. Таму звернемся да агульнавядомага — таго, што такі слынны беларускі пісьменнік, як Кузьма Чорны, даў назву і апавяданню, а пазней і цэламу зборніку — «Матчына благаславенне». Думаецца, яго западозрыць у няведанні роднай мовы цяжка. Гэтаксама як і Ларысу Геніюш; а яна без ніякіх аглядак карысталася словамі «неблагаслаўлёнае», «благаславенства» і нават «благабыт» (Геніюш Л. Споведзь // Маладосць. 1990, № 2. С. 148; 1990, № 3. С. 123, 134). Гэтакжа ўпэўнена, у назве зборніка ўжо іншай эпохі, яго выкарыстоўвае паэт Генадзь Пашкоў (Пашкоў Г. Тваім святлом благаславёны. Мн., 2006), як і яго калега па творчаму цэху Васіль Жуковіч: «Нябёсамі благаславёна...» («Санет для дачкі») (Гл.: Літаратура і мастацтва. 30.10.2009. С. 8). Не камплексуючы, пяць разоў словы благаславенне/ благаславіце/ благаславіў ужыў у нядаўняй гутарцы з журналісткай паэт Зніч — цяпер манах Іаан (Бембель), а некалі — аўтар кнігі ў абарону беларускай мовы (Гл.: Літаратура і мастацтва, 11.02.2022. С. 11). Не баяцца гэтага слова і памяркоўныя мастацтвазнаўцы-этнолагі (Гл.: Фадзеева В. Беларускі ручнік. Мн.: Полымя, 1994. С. 61).
Падобнае назіраецца таксама ў многіх прадстаўнікоў беларускай эміграцыі. Згадаем, напрыклад, словы паэта Алеся Салаўя з верша «Малітва»: «Вялікі цуд жыцьця, збаўленьне —/далёка ад Цябе ў глушы/ адчуць Твайго благаславеньня/ на сэрцы хрэст, цяпло ў душы…» (Цыт. па: Салавей А. Малітва // Царква. 1996. № 3-4. С. 10). Прычым гэта ўласціва не толькі мове паэзіі. Тое ж самае і ў публіцыстычных, і ў навукова-даследчыцкіх творах, якія выдаюцца ў замежжы: «…благаслаўлёну дарогу» (Весялкоўскі Ю. Дарога рымскіх папаў на Ўсход. — Лондан, 1992. С. 77); «звярнуліся… з просьбай благаславіць…»; «Пост павінен быць… благаўздзейным адрэзкам часу…» (Мароз А. Асвячэнне капліцы // Ніва (Беласток), 27.09.1998, № 39. С. 1, 9; [ Размова з епіскапам Бельскім праасвяшчэнным Грыгорыем] // Ніва. 9.01.2000. С. 1); «благаслаўленні» (Гл.: (дэф). Акафісту брацкай часоўні // Рrzegląd Prawosławny. 1999, № 5. С. 22).
Каб зусім адкінуць прадузятае меркаванне, быццам бы ўсё выкладзенае вышэй абумоўлена «праваслаўнай неталерантнасцю», звярнем увагу на той сімптаматычны факт, што юбідейнае віншаванне каталіцкаму свяшчэнніку кс. Адаму Станкевічу яго субрат-уніят, Леў Гарошка, завяршаў словамі: «На многая і благая лета!» (Гл.: Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі сьвяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасьці (10.1.1915 — 10.1.1940). Рэдагаваў і выдаў Магістар Ян Шутовіч. Вільня, 1940. С. 93). Калі ж нехта сумняваецца ў карэктнасці і гэтага прыклада, няцяжка прывесці іншыя. Скажам, што словы, якія мы разглядалі, актыўна ўжываюцца таксама ў сучасным друку беларусаў-католікаў: «Сваё апостальскае благаславеньне … даслаў Святы Айцец Папа Ян Павел II» «Благаславёная ты між жанчынамі…»; «благаславёны Алойз…», «у асобе новага благаславёнага…», «благаславёны Джузэпэ Тавіні», «Няхай Бог благаслаўляе…» (Гл.: З жыцця касцёла) // Наша вера. 1996, № 1(2). С. 82, 84; Каталіцкія навіны. 1998, № 9-11. С. 10-11). Вядомая паэтэса Данута Бічэль-Загнетава гэтымі словамі карыстаецца пры перакладзе спадчыны Францыска Асізскага і ў адным з загалоўкаў: «Благаслаўленьне Дзевы Марыі», і ў тэксце: «Благаслаўлены Пан Бог Ізрайля», «благаславёныя — зносяць спакойна», «благаславёныя — каго сьмерць застае» (Гл.: З глыбі вякоў. Наш край: Гісторыка-культуралагачны зборнік. — Мінск, 1992. С. 224, 230-233). I ў сваім арыгінальным вершы таксама (Бічэль-Загнетава Д. Благаславенне // Родная літаратура. Хрэстаматыя для 11 класа агульнаадукацыйнай школы. Мн, 1998. С. 465). Уласна, а як можа быць інакш, калі амаль ва ўсіх беларускіх гаворках застаюцца жывымі, сустракаючыся не так ужо і рэдка, нават меней распаўсюджаныя словы з гэтым коранем? Да прыкладу: благадарыць, благадзецельны, благадзеянне, благатаць (добра гаварыць альбо спяваць, напрыклад: …Поп благатае, а дзяк казлячыць); благадарнасць, благаслаўляць, блажэнны; благаваліць, благадарнасць, благадаць, не кажучы ўжо пра благаслаўлёны, благаславіць; благаславённы, благаславіць, благаслаўляць, благаслаўляючы (Гл., напрыклад: Мажэйка Н. С, Супрун А. Я. Частотны слоўнік беларускай мовы: Вусная народная творчасць. Мн, 1982. С. 148, 258; Мажэйка Н. С, Супрун А. Я. Частотны слоўнік беларускай мовы: Гутарковая мова. Мн, 1989. С. 82, 103;. Мажэйка Н. С, Супрун А. Я. Частотны слоўнік беларускай мовы: Паэзія. Мн, 1992. С. 107). Між іншым, у некаторых слоўніках знаходзім нават «благадарстваваць», а не толькі шырока распаўсюджанае: «Благадаць, ж. Раскоша, Любата. «Не, цяпер благадаць» (Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі. Пад рэд. Е. С. Мяцельскай. У 2 т. Т. 1. Мн., 1990. С. 39). Натуральна, што жывой стыхіяй павінна была сілкавацца і ўзбагачацца літаратурная мова. Таму дыскрымінацыі філалагічнай, у адрозненне ад ідэалагічнай, гэтыя словы не падвяргаліся нават савецкімі лексікографамі пры ўкладанні акадэмічных слоўнікаў (Гл., напрыклад: Бардовіч А. М„ Шакун Л. М. Марфемны слоўнік беларускай мовы. Мн.: Вышэйшая школа, 1975. С. 86; Слоўнік беларускай мовы. Мн.: БелСЭ, 1987. С. 113).
А ў сувязі з наяўнымі цяпер супярэчнасцямі ніяк не абмінуць замоўчанага (свядома?) пакуль што пытання, якім чынам яны ўзнікалі і канкрэтна, як утвараліся заменнікі кораню «благ». Пра адзін з іх, «бла», думаецца, трэба ўсё ж такі сказаць, што ён мутант па прыродзе, а гэта значыць — ненатуральны і непаўнавартасны, знявечаны, пазбаўлены сэнсу. Хто ж уцямна растлумачыць: чаму ў яго гэткае вырадлівае «аблічча», і на якіх падставах яму надаецца такое менавіта значэнне? Адносна другога, «бага», нельга не заўважыць, што пры ўжыванні яго навідавоку неабгрунтаваная падмена сэнсаў: хоць благаславенне і даецца ў імя Бога, але на працягу больш як тысячы гадоў функцыянавання корань «благ» замацаваў тое значэнне, якое ў яго ўкладалася ад пачатку, і менавіта яго мусова даносіць пры перакладзе ці падборы заменніка; апроч таго варыянт «багаславіць» дапускае тлумачэнне «славіць Бога», а ў некаторых формах і «багаслоўстваваць». Наконт больш за ўсё распаўсюджанай замены на «дабра» ёсць падставы разважаць у кожным выпадку асобна, сур’ёзна ўлічваючы, калі на гэта існуюць і магчымасці, і заканамерныя, уласна моўныя, патрэбы, а калі пераважаюць довады, што гэтага рабіць нельга, няхай сабе і многія такое робяць.
Рызыкоўна спяшацца з катэгарычнымі высновамі, чаму ўсё так склалася, але мы маем справу з нейкім моўным псеўдапурызмам. I ён, дарэчы, закрануў не толькі моцна ідэалагізаваную частку публіцыстаў, але і пісьменнікаў, філолагаў, і канкрэтна тых, хто займаўся перакладам Свяшчэннага Пісання. Спынімся на некалькіх паказальных фактах. Не патрэбны спецыяльныя даследаванні, каб сцвярджаць, напрыклад, што Анатоль Клышка пры перакладзе Новага Запавета кораня «благ/ блаж» у значэннях, якія даносіць стара(царкоўна) славянская мова, пазбягаў. Больш таго, ён актыўна выкарыстоўваў, нават там, дзе без іх лёгка абысціся, словы ад кораня «благ» са значэннем «нядобра, нягожа, дрэнна, кепска». Разам з тым як перакладчык твора блізкароднаснага паэта (украінца Роберта Трацякова) Анатоль. Канстанцінавіч не лічыў патрэбным адмаўляцца ад кораня ў стараславянскім значэнні: «Так тыя ўражанні прадвесня /Благаслаўляю я ў сабе» (Гл.: Отче ім’я / Бацькоўскае імя. Харків-Мінск, 1982. С. 97). Можна дапусціць, што прамаргалі тут рэдактары. Як і ў выпадку іншым, калі тыя словы, што нас цікавяць, сталі рознакарэннымі, хоць яны і непасрэдна звязаны між сабой механізмам утварэння: «На гравюры «Благаславенне» сам Гасподзь бласлаўляе вучонага юнака (Скарыну), а заадно і яго сігнет» (Кісялёў Г. Прыцягненне Скарыны // Полымя. 2000, № 5. С. 248).
I зусім ужо як парадаксальны выварат свядомасці ўспрымаецца выпадак, калі адзін і той жа аўтар на старонках таго самага выдання (значыць — пры тых самых рэдактарах і карэктарах) у адным выпадку сам падкрэслена ўжываў азначэнні «добрая вестка», «дабравесце» і «звеставанне», з прадуманай саркастычнасцю ды эфектнасцю рассудзіўшы так: «Недарма на мове «обрусителей» гэта — «благая весть». Няхай жа сапраўды для іх яна будзе такой, а нам яна надасць веры і ўпэўненасці ў нашу светлую будучыню» (Бяляцкі А. Добрая вестка // Літаратура і мастацтва. 23.03.1996. С. 3). У другім жа ён — мову Кірыла і Мяфодзія, абазваных «обрусителями» прыстасаваў (няўжо таксама прадумана?) да свяшчэннаслужыцеля беларускага замежжа (паводле яго логікі — не падлеглага «обрусительству»), бо напісаў не што іншае, як: «…з благаславення Архіепіскапа… Мікалая» (Бяляцкі А. Духоўная літаратура // Літаратура і мастацтва. 19.09.1997. С. 3).
Выходзіць, як ні ўхіляйся ад узненавіджаных слоў з гэтым коранем, яны ўсё роўна пра сябе нагадваюць. Дык навошта ж іх адпрэчваць, а тым больш ненавідзець? Паказальна, дарэчы, што ў прыхаваным выглядзе яны існуюць, што называецца, без праблем. Возьмем, напрыклад, зафіксаванае шэрагам лексікаграфічных прац слова «балазе», якое азначае «добра якраз», «добра, што хоць», якраз адпавядаючы славянскаму «благо». Маркіруецца яно як размоўнае, але ў гэтым і ёсць дадатковы доказ яго натуральнасці. Падобна і з дзеясловам «благаць», які мае значэнне «ублажаць, дагаджаць, умольваць», «моцна (добра) прасіць» і ў вытворным ад яго назоўніку «благанне», тое самае, што і польскае blogać. Прычым у беларускіх слоўніках яно без пазнак маргінальнасці. А зрэшты, як паказваюць слоўнікі, і лексемы «Благавешчанне», «благаслаўляць» з шэрагам вытворных, а таксама «благачынны», «блажэнны»… з’яўляюцца паўнавартаснымі, паўнапраўнымі як у гаворках, так і ў літаратурнай беларускай мове (Насовіч I. I. Слоўнік беларускай мовы. Мн., 1983. С. 26; Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 1. Мн., 1977. С. 381-382).
Варта падкрэсліць таксама, што ні ў адной з славянскіх моў корань благ/блаж не трактуецца як чужародны, а тым болей шкодны. Наадварот, яны актыўна ўжываюцца — напрыклад: благо (балг.), благ, благо (серб.гхорв.), blag, blago (славен.), blaho, blahy, blaze (чэшск.), błožki (н.-луж.). Што ж да мовы польскай, якая робіць моцны ўплыў на сучасную беларускую, то яна абыходзіцца своеасаблівай адаптацыяй: błogi — блажэнны, дабратворны; błogosławić — благаслаўляць, błogosławienie — благаславенне, błogosławeństwo — благаславенне, дабрадзейства, дабро; błogostan — блажэнства, błogość — блажэнства, асалода.
Каб завяршыць развагі, хочацца даць паказальную замалёўку «з натуры»: на пачатку навучальнага года студэнтаў-першакурснікаў вітае прафесар-дэкан, які цудоўна валодае роднай мовай, тонка адчувае слова, але не схільны прызнаваць корань «благ/блаж» як беларускі; і ў сваёй прамове ён спачатку выкарыстаў слова «багаслаўляць», затым, развіваючы думку ў тым самым плане, замену зрабіў на «бласлаўляю», а ў рэшце рэшт — мабыць, нават падсвядома, паводле здаровага моўнага інстынкту — прамовіў: «благаслаўляю»!
Ну і ў дадатак не лішняй, відаць, будзе яшчэ і такая «народная рэакцыя»: ад людзей, якія рэгулярна слухалі радыёпропаведзі ксяндза Уладзіслава Завальнюка, даводзілася чуць, што ў яго «сам па сабе вымаўляецца-выдыхаецца склад «га», калі выкарыстоўвае формы блаславенне, бласлаўляць і падобныя.
Што ж, паважаны ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк у звароце да беларусаў-католікаў, як і прыгаданы вышэй не менш паважаны прафесар Алег Лойка ў сардэчным вітанні студэнтаў-філолагаў, выяўлялі тое, што ёсць ад натуры, ад Бога. Пра гэта і нам не варта забывацца.
Іван ЧАРОТА, доктар філалагічных навук, прафесар