Чарота, І. Пра сваё па-сваяцку – сербам / Іван Чарота // Полымя. – 2022. — № 10. – С. 128-135.

Прадмова прафесара Івана Чароты да зборнікаў беларускіх народных казак, легенд і паданняў, якія надрукаваны для сербскіх чытачоў.

ПРА СВАЁ ПА-СВАЯЦКУ — СЕРБАМ

Пра казкі наогул і беларускія ў прыватнасці

Нядошна ў Сербіі ўбачылі свет зборнікі беларускіх народных казак, а таксама легенд і паданняў, якія пераклала Даяна Лазаравіч, а ўклаў іх і напісаў да іх прадмовы доктар філалагічных навук, прафесар-славіст, акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтваў Іван Чарота. Яго прэзентацыйныя тэксты, якія цікавыя ўжо тым, што разлічваюцца на ўспрыманне «звонку», прапаноўваем увазе чытачоў «Полымя».

Наўрад ці хто здольны дакладна растлумачыць, калі і дзеля чаго ўзніклі казкі. Любое тлумачэнне так ці інакш трапляе ў непасрэдную залежнасць ад таго, як зыходна будзе інтэрпрэтавацца функцыянальная прырода казак і асноўнае іх прызначэнне. А гэта ж, як-ніяк, надзвычай універсальны і выключна развіты жанр вуснай славеснай творчасці ва ўсіх народаў свету, незалежна ад узроўню культуры пісьменства.

Пры высвятленні прыроды казак, на наш погляд, заўжды патрэбна ў цэнтр увагі ставіць тое, што казачны фальклор усё ж такі з’явіўся як сукупны плён усвядомленай патрэбы абагульняць вопыт жыцця і дзяліцца ім, а дакладней— перадаваць яго нашчадкам. Інакш кажучы, з дапамогаю казак ад пачатку здзяйснялася выхаванне ў самым шырокім сэнсе: сацыяльна-прававое, маральнае, патрыятычнае, эстэтычнае… I якраз гэтая функцыя казак ад пачатку прадвызначала вельмі многія, ледзь не ўсе, іх асаблівасці. Так, найбольшага педагагічнага эфекту можна было дасягнуць у тым выпадку, калі навучанне і выхаванне даносілася да таго, каму было адрасавана, у жывой, нестандартнай форме аповеду, нязменна абуджаючы і падтрымліваючы цікавасць. Перш за ўсё таму казкам уласцівы займальныя сюжэты, неардынарныя матывы, незвычайныя вобразы, прыцягальныя тыпы. Зноў жа, падпарадкоўваючыся дыдактычна-выхаваўчым задачам, казкі адлюстроўвюць жыццё ў самых розных праявах, але пры гэтым увагу засяроджваюць больш за ўсё на цяжкасцях, якія мусова пераадольваюць, і супярэчнасцях, якія абавязкова трэба вырашаць. А як жа інакш? У рэальным жыцці іменна выпрабаваннямі правяраецца сапраўдная сутнасць чалавека, бо ў працэсе адольвання перашкод выпрацоўваюцца патрэбныя для паўнавартаснага існавання якасці асобы, гартуецца характар. Таму ў казках, як правіла, ідзс праверка героя «па максімуму», калі пад пагрозай апынаецца само жыццё. Адпаведна, да найскладанейшых экзістэнцыяльных праблем, у тым ліку і да выбару паміж жыццём і смерцю, патрэбна рыхтаваць кожнага слухача ці чытача.

З давён-даўна складальнікі казак сваю задачу-максімум павінны былі бачыць у тым, каб замацоўваліся трывалыя ўяўленні пра святло і змрок, дабро і зло, хараство і пачварнасць, пра станоўчае і адмоўнае ў самых розных праявах, у любых акалічнасцях. Такая агульная ўстаноўка прадугледжвала, што змест павучальных аповедаў не абмяжоўваецца дачыненнем толькі да нейкай адной асобы. Наадварот, вымагала, каб твор набываў значнасць як мага больш універсальную — для народа, а па вялікаму рахунку і для чалавецтва. Таму, бадай, казкі — як надзвычай эфектыўны і неабмежаваны па масавасці ахопу сродак выхавання — атрымалі шырокае распаўсюджанне ва ўсім свеце.

Да пытання пра тое, ці многа падабенства ў казках розных народаў, нельга звяртацца мімаходзь і спяшацца з высновамі. Агульнае і адрознае ў іх, а тым больш канкрэтныя нацыянальныя прыкметы, не так проста вызначыць. Ужо тая акалічнасць, што ўсе мы, праяўляючы цікавасць да казачнай спадчыны іншаземцаў, звяргаем-такі ўвагу перш за ўсё на агульнае, гаворыць сама за сябе. Зразумела, пры ўважлівым параўнанні высвятляюцца многія — на першы погляд незаўважныя— асаблівасці. I навукоўцы даўно вядуць параўнальныя даследаванні. Імі, напрыклад, выяўлены сюжэты і матывы, якія паўтараюцца, нібыта «блукаюць» па свеце. Разам з тым, варта ўлічваць, што падобныя сюжэты, матывы і вобразы, прысутныя ў казачнай творчасці зусім не блізкіх народаў, як правіла, з’яўляюцца не столькі плёнам запазычванняў, колькі вынікаюць з тыпалогіі быційных праблем. Гэта значыць, што ў кожным канкрэтным выпадку фіксуецца аб’ектыўнае падабенства сітуацый жыцця, а таксама, што абагульненне вопыту і досведу становіцца ўніверсальным. Для ўсіх народаў аднолькава жаданымі з’яўляюцца любоў, сяброўства, вернасць, міласэрнасць, а нежаданымі — зласлівасць, падман, здрада… Што да запазычанняў, то іх крыніцамі сталі хіба што Свяшчэнныя Кнігі розных народаў. Як, напрыклад, Кніга Кніг — Біблія.

Між тым, кожнаму народу адведзена-такі пэўнае месца на зямлі з адпаведнымі прыроднымі ўмовамі, кожнаму наканаваны яго лёс, у залежнасці ад якога назапашваецца ўласны вопыт, фарміруецца свой лад жыцця, свая мадэль паводзін. Карацей кажучы, прыродай і гісторыяй прадвызначаецца ўсё тое, што абумоўлівае непаўторную адметнасць яго. А гэтая «самасць» у казках, свядома ці неўсвядомлена, аказваецца зафіксаванай.

Вось і на падставе знаёмства з казкамі, якія прадстаўлены ў гэтым зборніку, сербскі чытач мае магчымасць атрымаць нейкае ўяўленне пра многае, што на працягу вякоў фарміравала характэрныя прыкметы беларуса, складала для яго асноўныя «формулы» жыцця — шчасця наогул, а таксама найбольш правільных паводзін у многіх канкрэтных сітуацыях. Тыя, хто займаўся вывучэннем параўнальнай этнахарактаралогіі, у пералік уласцівых беларусу рыс уключаюць звычайна сціпласць, непераборлівасць, цярплівасць, шчырасць, даверлівасць, але таксама і асцярожнасць, памяркоўнасць, разважлівасць, а пры гэтым і своеасаблівую прастадушную хітраватасць.

З большай ці меншай выразнасцю ўсё названае, і не толькі, адлюстравалася ў вобразах, якія ўвасабляюць нейкі сінтэз тыповых рыс беларускага народа. Казачны вобраз-тып, можна сказаць, з’яўляецца носьбітам тых асаблівасцей чалавечай натуры, якія павінны, па вялікаму рахунку, праяўляцца ў любых сітуацыях, пры самых складаных калізіях. Яны, адпаведна, і культывуюцца грамадствам, паколькі перадаюць канцэнтраванае, на вопыце стагоддзяў складзенае, уяўленне пра тое, што найбольш запатрабавана дзеля працягу жыцця. Паслядоўна акцэнтуючы самыя каштоўныя рысы асобы, казкі фарміруюць і наглядна вывяраюць ідэал. Хоць, дарэчы, ідэалізацыя ім не надта характэрна. Скажам, у адназначна станоўчых герояў, якія адораны самымі неверагоднымі здольнасцямі, нярэдка праяўляецца і тое, што ўласціва звычайным людзям: лянота, неабачлівасць у сваіх учынках, залішняя паблажлівасць да іншых… Часткова гэта, напэўна, тлумачыцца тым, што ў народных казках непазбежна павінен дамінаваць не індывідуалісцкі, а калектывісцкі падыход да чалавека, якім прадугледжваецца адпаведная «скідка» на тыповыя слабасці. Галоўнае, што фарміруецца калектыўны, саборны ідэал. Ідэалізацыі ў пэўным сэнсе казкі таксама не пазбаўлены, але яна спецыфічная.

Асобнай увагі заслугоўвае хрысціянскасць светапогляду, якая з выданняў казак на працягу апошняга стагоддзя выкасоўвалася. Ды, нягледзячы на гэта, яна ўсё роўна з’яўляецца вызначальнай, пра што сведчыць многае, уключаючы агульную ідэйную скіраванасць. Скажам, у казках, як і ў жыцці, заўжды прысутнічае зло. Між тым, казачнік-педагог ніколі не дае сілам зла перамагчы. Яго свядомасць трывала засноўваецца на перакананні: гэтага не дапускаў і ў будучым не дапусціць мудры і міласцівы Тварэц свету; трэба толькі жыць паводле Яго законаў, у паразуменні і згодзе з тым навакольным светам, што Ён стварыў. Найперш гэтую ідэю рознымі сродкамі перадаюць казкі ад пакалення да пакалення. I атрымліваецца пераканаўча, што можна праілюстраваць шматлікімі прыкладамі выхавання адносін да жывёл і раслін, якія ў казках заўжды здольны аказаць чалавеку дапамогу.

Ведучы гаворку пра ідэйна-мастацкі змест беларускіх казак увогуле, нельга не заўважыць, што ў іх, як правіла, няма знарок унесенай экзатычнасці, відавочнай выштукаранасці і мудрагелістасці. Пераважае, можна сказаць, сялянска-наівістычны светапогляд, у якім нават абавязкова прысутны элемент фантастыкі мае нейкую прыземленасць. Разам з тым нашы казкі даволі заўважна прасякнуты псіхалагізмам. Так ці інакш, і апавядальнік не пазбягае разваг пра стан душы; і героям звычайна ўласцівы роздум у пошуках правільнага рашэння.

Калі імкнуцца вызначыць асаблівасці беларускіх казак у параўнанні з сербскімі, то нельга абмінуць вось які зыходны момант: у сістэме жанраў сербскай народнай славеснасці самае значнае месца займае гераічны эпас, і казкі непазбежна знаходзяцца ў некаторай залежнасці ад яго; а беларусы гераічнага эпасу не маюць, таму і ў казках іх значна менш прысутны матыў усеагульнай барацьбы, змагання з іншаземным заваёўнікам. Беларускія казкі не так часта фіксуюць этнічную адрознасць і, адпаведна, не так выяўляюць самаідэнтыфікацыю. Затое іх змест відавочна часцей бывае засяроджаным на сацыяльна-класавых супярэчнасцях. Падабенства назіраецца ў паказе самых розных адносін паміж людзьмі, уключаючы сямейныя. Праўда, беларусы не ведаюць такога саюзу, як пабрацімства, і менш, чым сербы, надаюць значэнне сястрынскай любові.

Звяртаючыся да прыватных момантаў, варта адзначыць, што істотна адрозніваецца тыповы ландшафт мясцовасці, дзе адбываюцца казачныя падзеі. У беларусаў ён заўжды раўнінны і ні ў якім разе не горны. Горы могуць прысутнічаць хіба што як плён фантазіі. Цікава, што мора ў нашым казачным свеце неаднойчы згадваецца, нягледзячы на тое, што пераважная большасць беларусаў папярэдніх пакаленняў яго (гэтаксама, як і гор) ніколі ў жыцці не бачыла. Найбольш частымі ландшафтнымі элементамі ў беларускіх казках з’яўляюцца поле, луг, лес, возера, балота, рэчка ці ручай. Між іншым, казачнае дзеянне рэдка адбываецца ў садзе, хоць садовыя дрэвы згадваюцца даволі часта; больш за ўсё яблыня і груша. Сліва, айва, масліна і вінаград не займаюць такога месца, як у сербаў. I лясныя дрэвы па частотнасці і прыярытэтнасці ўвагі беларусамі размяркоўваюцца крыху інакш. На пярэднім плане ўвагі знаходзяцца звычайна (бяроза, вярба, дуб, сасна ці яліна, зусім не згадваюцца кізіл і бук. Прыблізна такую самую сімвалічнасць і асацыятыўнасць у фальклоры абодвух народаў мае дуб, а вось вярбу і каліну беларусы надзяляюць асаблівымі ўласцівасцямі. Фальклорна-паэтычны свет сербаў, як вядома, густа заселены віламі, якія жывуць у горах, лясах, азёрах, рэках і ў моры таксама. А фантазія беларусаў істот гэтага роду ведае толькі як русалак, насельніц рэк і азёр, досыць рэдка— лясоў. Аналагічна і ў дачыненні да роду змяіных. У сербскіх казках яго прадстаўнікі вельмі распаўсюджаны, а да таго ж маюць значную колькасць разнавіднасцей, што для казак беларускіх не так уласціва. Іх заўважна менш. У той жа час паказальна, што нярэдка станоўчым казачным героем з’яўляецца вуж. Ёсць адрозненні таксама ва ўяўленнях пра жывёл і птушак. Напрыклад, калі казкамі абодвух нашых народаў такія свойскія жывёлы, як конь, карова, бычок, каза, сабака, кот і певень, паказваюцца аналагічна, то на авечку і вала беларусы зважаюць крыху менш за сербаў. З дзікага жывёльнага свету вылучаюцца амаль тыя ж самыя асобіны, хоць і не заўсёды аднолькава ўспрымаюцца іх норавы і адносіны да чалавека. Найбольш датычыцца гэта балотных звяроў і птушак, сярод якіх беларусы асабліва вылучаюць бусла і жураўля.

Продкамі нашчадкам перададзенае для самаўсведамлення

Прадмову да зборніка бясспрэчна цікавых твораў не зусім разумна, бадай, пачынаць з разгляду нуднага моўна-тэрміналагічнага пытання, да якога большасць людзей праяўляе абыякавасць. У такім выпадку лагічна чакаць, што патэнцыйныя чытачы падрыхтаванай намі кнігі без належнай увагі пакінуць калі не ўвесь гэты суправаджальны тэкст, дык яго пачатковую частку. Прычым, як вынік, не будзе на каго наракаць і крыўдаваць, бо так нібыта намі самімі запраграмавана. Між тым, выданне мы зыходна разлічвалі на чытачоў-сербаў, а гэта значыць, што перад імі бралі на сябе абавязак хоць неяк выканаць прэзентацыйныя задачы. Адпаведна, без гэтага не абысціся. I мы ўсё ж паразважаем пра змест важных для нашай размовы слоў, якія ва ўжытку беларускім і сербскім адрозніваюцца.

Апорныя, прысутныя ў падзагалоўку кнігі, паняцці легенды і паданні сучаснымі беларусамі выкарыстоўваюцца для таго, каб азначыць вусныя апавядальныя творы, якія адлюстроўваюць калектыўнае разуменне прыродных і гістарычных умоў быцця нашай этнічнай супольнасці. Але пры гэтым хіба што спецыялісты-філолагі, прызвычаеныя да створанай і замацаванай імі самімі тэрміналогіі, здольны разбірацца, у чым дакладна адрозненні паміж легендай, паданнем і, напрыклад, абеларушаным міфам замежнага паходжання, фантастычным апавяданнем, адпаведнага зместу казкай ці, да прыкладу, тым, што ў рускай фалькларыстычнай тэрміналогіі азначаецца як «былічка». Чаму так адбылося? На наш погляд, перш за ўсё таму, што секулярызацыя свядомасці калі не выкасавала зусім, то на задні план адсунула ранейшую паняційную сістэму, у якой преданіе (у спалучэнні «преданіе Церкви)» займала выключна важнае месца — адразу пасля Свяшчэннага Пісання. I якраз гэтае значэнне трывала замацавалася ў свядомасці праваслаўных хрысціян. «Поўны царкоўнаславянскі слоўнік» сэнс яго раскрывае наступным чынам: «учение, правило; устав, закон; рассказ, устно переходящий от предков к потомкам; поверье». Шануючы логіку, патрэбна ўлічваць адпаведную этапнасць моўнага развіцця. Таму нельга не звярнуцца да слоўніка У. I. Даля, які адлюстраваў стан жывой мовы XIX стагоддзя ўсіх усходніх славян— паводле прынятага тады азначэння — «плямёнаў славяна-рускіх». Дык вось, у гэтым найгрунтоўнейшым лексікаграфічным зводзе свайго часу (і не толькі) значэнне паняцця, якое нас зацікавіла, выразна падказваецца лаканічнай адсылкай: «Преданіе, предавать и проч. Смотри: Предавать». А там, куды прыводзіць гэтая адсылка, пашыраны дыяпазон яго значэнняў тлумачыцца так: «ПредаваньеПреданье. Ок[ончательное] действ[не] по гл[аголу] // Преданье, рассказ, повествованье, память о событии, перешедшая устно от предков к потомкам; поученья, наставления, правила житейския, переданныя одним поколением другому; поверье, заповедь, завет». Думаецца, няма патрэбы дадаткова акцэнтаваць увагу на відавочна цеснай сувязі таго, што для народнай памяці важна было захоўваць і передаваць, з верай і сакральнасцю. У такім самым плане растлумачана і легенда — «свяшчэнное преданье, поверье по событіи, относящемся до церкви, веры; чэтьи, четья; вообще, преданье о чудесном событіи». Носьбітамі рускай мовы таго часу, як сведчыць слоўнік Даля, адпаведныя сэнсавыя нюансы ўключаліся таксама ў змест паняццяў міф («происшествіе или человек небывалый, сказочный; иносказанье в лицах, вошедшее в поверье») і міфалогія («баснословие; басни веры, по преданию, боговщина»),

Ды выйшла так, што якраз ключавыя элементы традыцыйнай сэнсатворнасці —- «пераданне» і «веравызнанне» — унармавальнікамі літаратурнай беларускай мовы ў XX стагоддзі аказаліся праігнараванымі. I тое, што дагэтуль у моўнай свядомасці мела трывалую ўстойлівасць, а ў дадатак і этымалагічную празрыстасць, было страчана. Асабліва гэта датычыцца зместу слова паданне як фальклорна-жанралагічнага тэрміна — выразнасці ў ім відавочна недастаткова. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» яго сэнсавае напаўнанне раскрыў наступным чынам: «Вуснае апавяданне, якое жыве ў народзе, у данай мясцовасці і перадаецца з пакалення ў пакаленне». Цяжка не заўважыць, семантыка «перадавання» тут усё ж такі згадана. Між тым, на рэальны змест і на ўжытак тэрміна гэта ніяк не ўплывае, што выяўляецца, дарэчы, у тым самым слоўніку, калі ўжо праз паданне азначана другое важнае для нашай гаворкі паняцце — легенда: «Народнае паданне абякой-небудзь гістарычнай падзеі, асобе, якое выдаецца і ўспрымаецца як верагоднае»; а яшчэ больш, калі адначасова зафіксавана і значэнне іншае, па сутнасці супрацьлеглае: «выдуманы, перабольшаны расказ аб кім-небудзь, чым-небудзь»; «вымысел, што-небудзь неверагоднае».

Непазбежны для нас параўнальны падыход вымушае адзначыць, што сэнсавая рэлятыўнасць паняццяў, якая назіраецца ў беларускай мове, іншым славянскім мовам, уключаючы і блізкароднасную рускую, не ўласціва. Напрыклад, носьбіты сербскай мовы, да якіх звернуты нашы тлумачэнні, успрымаюць іх значна выразней: легенда — гэта «поетизована прича, предање о некоj личности или догађajу, невероватна прича», тады як предање— «прича о коме или чему коjа се преноси, предаjе с колена на колено, предаjа, традициjа» («Слоўнік сербскахарвацкай літаратурнай мовы» ў 6 тамах). Так што сербы, як бачым, у адрозненне ад беларусаў стварылі і захавалі для гэтых слоў сэнсавы дыяпазон амаль такі самы, які быў уласцівы жывой (агульна)рускай мове на зрэзе XIX стагоддзя.

Калі ж засяроджвацца на сутнасці прызначэння твораў, якія беларусы ў параўнанні з сербамі азначаюць своеасабліва, то не варта забывацца, што з дапамогай іх кожны народ так ці інакш абагульняе, калектыўнай памяццю замацоўвае, а затым перадае нашчадкам і прадстаўляе шырэйшаму свету ўяўленні пра сябе і сваю «самасць». Паколькі ж апошнім часам дачынна да такога роду функцый без асаблівай разборлівасці стаў ужывацца выраз «нацыяналны код», у нашым выпадку зусім дарэчы можа быць сцвярджэнне, што пазнакі духоўна-культурнай існасці народа закадзіраваны перш за ўсё якраз у іх. Адпаведна, беларускія творы гэтага жанравага комплексу выконваюць прызначэнне як мага выразней і канкрэтней адлюстроўваць месца свайго супольства ў сусвеце праз спецыфічныя самахарактарыстыкі. Іншая справа, што мы, цяперашнія, настроеныя добраахвотна падпарадкоўвацца «духу часу», не праяўляем ні здольнасці, ні гатоўнасці дэкадзіраваць перададзеную такім чынам інфармацыю. Нас нібыта не датычацца пытанні, па-сапраўднаму ўніверсальныя і таму пазачасавыя. Мы ўсё больш звыкаемся з устаноўкаю, што трэба надаваць значэнне ўніверсальнасці ўмовам, якія самі ствараем, на першы план выносячы тое, што нашымі продкамі ніколі не ўспрымалася як вызначальнае. I пры ўсім гэтым застаемся ўпэўненымі, што служэнне надзённасці сукупна з адаптыўнасцю да часова «прагрэсіўнага» можа нас апраўдваць перад наступнымі пакаленнямі.

Такі светапогляд наўрад ці дае падставы спадзявацца, што мы па-сапраўднаму настройваемся на адэкватнае ўспрыманне спрадвечнай існасці беларуса, важнейшыя прыкметы і цэльнаснаць якой многія стагоддзі прадвызначаліся зусім не залежнасцю ад часу. Непазбежна паўстае шэраг трывожных пытанняў: а ці ў стане мы асэнсаваць як адзінсгва тыя фрагменты карціны свету, якія адлюстраваліся перададзенай нам сукупнай легендатворчасцю? Наколькі можам спасцігнуць перадумовы, дэякуючы якім фарміраваліся глыбіня і трываласць народнай памяці? I, у рэшце рэшт, як пазбегнуць падпарадкавання дыктату злабадзённасці і адэкватна ўспрымаць даўнія народныя творы пра паходжанне этнічнай супольнасці, пра вызначальныя падзеі ў яе гістарычпым лёсе, пра рэальных герояў і злачынцаў?

Спадзяемся, што нашы чытачы імкнуцца пазбягаць хоць бы непасрэднай залежнасці ад цяперашніх стэрэатыпаў, без розніцы, у недабразычліўцаў яны запазычваліся ці выбіраліся з нібыта «перадавога» свайго. Так ці інакш, толькі ў тым выпадку, калі пазбавімся згаданых шаблонаў, будзе адкрыта магчымасць неяк разабрацца ў асноўных каардынатах быцця беларуса. А яго свядомасць, зноў падкрэслім, базуецца на вякамі фарміраваных уяўленнях: што існуе свет «гэты» і «той», прычым абодва яны Богам створаны і Яму падпарадкоўваюцца; што, стварыўшы гэты свет, Гасподзь уладкаваў яго разумна; што чалавека ён задумаў як вышэйшую істоту, якая павінна дбаць пра гарманічнае суіснаванне з усім створаным; што людзі, на жаль, рызыкуюць сваю волю не ўзгадняць з воляй Божай — адсюль бярэ пачатак грахоўнасць; што спакусы нясуць пагрозу ўсюды і заўжды, але трэба трымацца запаведзяў Божых, каб пазбягаць іх…. Вось тая сістэма каардынат, у якіх было наканавана існаваць беларусу і ў якіх ён існуе па сённяшні дзень.

Хочацца верыць, што на падставе ўключаных у гэты зборнік твораў нашы чытачы наблізяцца да разумення адпаведнага зводу традыцыйных устанаўленняў, на аснове якіх фарміравалася беларускасць. Нават пры павярхоўным поглядзе «збоку» звычайна заўважаюць такія характэрныя рысы беларуса, як стрыманасць, цярплівасць, працавітасць. Можна адзначаць таксама, што беларус не любіць (альбо не ўмее) дэманстраваць сваю перавагу над іншымі — сілу, матэрыяльны дастатак, нават маральны ўзровень; ён, як правіла, ад пачатку прызнае, што ёсць нехта дужэйшы, багацейшы, дасканалейшы за яго таму нячаста бывае схільны праяўляць гардыню. Ці трэба прыводзіць доказы, што ўсё названае і з гэтым звязанае абумоўлена і прадвызначана ўплывам хрысціянізацыі? За больш чым тысячагоддзе пасля Хрышчэння, бясспрэчна, беларусы — зрэшты, як і ўсе іх браты па веры — выпрацавалі сваё ўсведамленне патрэбы разумна суадносіць значэнне вечнага і тленнага, праведнасці і граху, каштоўнасцей духоўных, маральных і матэрыяльных: Залежнай непасрэдна ад гэтага стала і арыентацыя беларусаў у грамадскім жыцці, якое, паводле традыцыйнага ўсведамлення, не павінна абумоўлівацца толькі патрабаваннямі бягучага часу. Таму заканамерна, што ў сваіх легендах як каштоўную спадчыну беларусы перадаюць вывераныя лёсам, няхай сабе і спрошчаныя, уяўленні пра створаны і ўпарадкаваны Богам свет. А ў сувязі з гэтым таксама пра паходжанне чалавека і ўсяго, што вакол яго, пра пекла і рай, пра непазбежнасць пакарання за ўчыненае зло і ўзнагароды за дабро, пра важныя для душы і дарагія сэрцу храмы, а не палацы.

Выкладзеная тут абагуленая характарыстыка беларусаў, зразумела, будзе не ўсімі ўспрымацца адназначна. Можна чакаць нават сур’ёзнага пярэчання: маўляў, сказанае датычыцца хіба што ранейшых часоў, а цяпер ужо ўсё выглядае інакш. Трэба згадзіцца, што падставы для такой заўвагі і адпаведнай аргументацыі таксама ёсць. Глабальны рух да замены тэацэнтрычнага светаўспрымання на антропацэнтрычнае, сапраўды, не абмінуў і беларусаў. У той жа час нельга не заўважыць, што якраз названыя вышэй рысы, абумоўленыя традыцыяй, усё ж такі нязменна спрыялі беларусам захоўваць той погляд на светаўладкаванне, які атрыманы ад продкаў у спадчыну. А ў непасрэднай сувязі з галоўным прадметам нашай гаворкі гэта перш за ўсё тое, што праз легендавыя творы продкі перадалі нашчадкам. Якраз намі адзначанае і з’яўляецца самым вартасным з таго, што перадавалася.

Дыяпазон тэм і матываў легенд, зразумела, не абмяжоўваецца апалагетыкай рэлігіі. Нашым патэнцыйным апанентам няцяжка набраць многа прыкладаў зусім іншых адносін да яе.

Але гэта ж ніколькі не мяняе агульнага стану рэчаў як у мінулым, так і ў сучас- насці. Дастаткова згадаць добра памятнае старэйшым пакаленням, як праз фальклорныя зборнікі савецкага часу даводзілася правамернасць і разум- насць бязбожніцтва. Калі ж фармуляваць дакладней, гэта ў адпаведнасці з марксісцка-ленінскай ідэалогіяй вялася прапаганда не проста атэістычная, а ваяўніча антытэаістычная, якая абсалютызавала супрацьстаянне чалавека Богу. I гэтая лінія ў грамадскай ідэалогіі нібыта перамагла. Праз кароткі час тым не меней наш народ усё ж такі масава стаў вяртацца да веры і Царквы.

Ну а мы цяпер вернемся да гаворкі пра тэматычны дыяпазон легендавай спадчыны. Гэтае пытанне, уласна, можа разглядацца ў розных ракурсах. Зноў жа, не так даўно яшчэ амаль усё зводзілася да вульгарна-сацыялагічных інтэрпрэтацый, у адпаведнасці з якімі асноўны змест вуснай народнай творчасці складала крытыка таго, як ліхі і сквапны пан прыгнятаў добрага, але гаротнага мужыка. I не больш чым каларытнымі «давескамі» лічылася ўсё іншае, уключаючы дзівосныя аповеды пра лакальныя падзеі мінулых часоў.

Укладаючы гэты зборнік, мы кіраваліся намерам паказаць, што праз легенды продкі нам перадавалі значную інфармацыю розных планаў — як канкрэтна гістарычнага, так і агульна светапогляднага, маральна-этычнага, эстэтычнага.

Укладальніку, вядома, зыходна хацелася не пакінуць без увагі адметныя матывы, сюжэты, вобразы. Важнымі ўяўляліся своеасаблівасці выкладу тых павучэнняў, якія ад ранейшых пакаленняў перададзены цяперашнім. Ды так ці інакш найважней было не ўпусціць своеасаблівасці светаадлюстравання, беларускай «карціны свету». У прыватнасці, таго, што хоць гэты жанр прадугледжвае наяўнасць шырокага гістарычнага фону, і ўжо таму ён павінен збліжацца з эпасам, у беларускіх творах выяўлены хіба толькі асобныя прыкметы эпічнасці той, якую добра ведаюць сербы па сваім нацыянальным эпасе. Гэта зусім не значыць, што ііашу зямлю абміналі захопнікі ці што народ забыўся пра гэта. Беларусам давялося зведаць многія навалы татараў, шведаў, французаў, немцаў і іншых. Аднак (верагодна, з-за таго, што супрацьстаянне ворагам адбывалася не сіламі асобна беларускімі) у іх легендах не надта акцэнтуюцца ваяўнічасць і здабытыя перамогі. Часцей — небяспека прыгнёту, цяжар вайны і панесеных страт. Асабліва прыкметнае месца займае памяць пра ахвяры ў самым шырокім сэнсе. Не выпадкова таму, відаць, адпаведным сінтэзам гэтых уяўленняў сталі досыць частотныя легенды пра волатаў, курганы, вялікія камяні-помнікі пры паселішчах. Ёсць яшчэ і такі далікатны аспект, як канфесійная неаднароднасць насельніцтва Беларусі, што, вядома ж, пэўным чынам адбіваецца на змесце твораў той тэматыкі, якую мы сабраліся прадстаўляць. Але наўрад ці хто возьмецца аспрэчваць тое, што праваслаўны люд складаў і складае на беларускіх землях абсалютную большасць, роўна як і тое, што праваслаўнае светаўспрыманне ў прадстаўленых тэкстах можа мець правамерную перавагу. Што ж датычыцца адлюстравання прыродных умоў Беларусі, то, як вядома, наша краіна вельмі багатая на балоты, рэкі і азёры. Гэтым, дарэчы, абумоўлена ў зборніку вялікая колькасць тлумачэнняў, як яны ўзніклі, называліся, як з імі звязана жыццё людзей.

Нам, натуральна, цікава, якія асаблівасці зместу і формы беларускіх твораў гэтага жанру можа заўважыць менавіта чытач-серб? Хутчэй за ўсё, не абміне ўвагаю тое, што аналагічныя сербскія аповеды выкладаюцца красамоўней, з большай вытанчанасцю; што ў беларусаў чамусьці няма герояў, блізкіх па значнасці, напрыклад, да Мілаша Абіліча, Марка Кралевіча, святога Савы; што рэдка згадваюцца манастыры; што беларусы засяроджваюцца на сваім «куце», а ў той жа час практычна не выяўляюць патрыятызму на ўзроўні адцанасці дзяржаве; што ў сувязі з гэтым беларускія легенды губляюць ва ўсеахопнасці зместу, затое вылучаюцца адлюстраваннем глыбіні ўкарэненасці…

Зрэшты, успрыманне такіх твораў залежыць ад многага. Але мы спадзяемся і верым, што зацікаўленых і ўдумлівых чытачоў у Сербіі не бракуе.

Іван ЧАРОТА

2022