Пясчанскі, М. Высокай дзяржаўнай узнагароды адзначаны прафесар Іван Чарота / Максім Пясчанскі // Звязда. – 2023. – 12 верасня (№ 176). – С. 3 : фат.
Высокай дзяржаўнай узнагароды адзначаны прафесар Іван Чарота
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў дзяржаўнымі ўзнагародамі вялікую групу працаўнікоў краіны. Сярод узнагароджаных медалём Францыска Скарыны — вядомы ў Беларусі даследчык беларуска-сербскіх літаратурных і гуманітарных сувязяў прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Чарота.
Нараджэннем з вёскі Лышчыкі Кобрынскага раёна, што на Берасцейшчыне, славіст, перакладчык, літаратуразнавец, публіцыст, акадэмік Сербскай акадэміі Навук і мастацтваў, чалавек, які ў сваім жыцці здзейсніў нямала творчых адкрыццяў, на працягу многіх гадоў з’яўляецца старшынёй секцыі мастацкага перакпаду Саюза пісьменнікаў Беларусі, Іван Аляксеевіч Чарота зрабіў неймаверна шмат для развіцця сербістыкі ў Беларусі. Вучоны і пісьменнік — часты госць у дружалюбнай да Беларусі Сербіі.
Прафесар пераклаў на беларускую мову многія творы з сербскай, славенскай, македонскай, харвацкай, іншых славянскіх моў. Аўтар каля 800 навуковых публікацый, Іван Аляксеевіч Чарота друкуецца ў Беларусі, Расіі, Сербіі, іншых славянскіх краінах. Навуковы кансультант многіх эцыклапедычных выданняў, ён уваходзіць у склад рэдакцыйных калегій больш чым дзесяці перыядычных выданняў. Прафесарам Чаротам здзейснены пераклады звыш 1400 твораў пісьменнікаў Сербіі на беларускую і рускую мову. Многія пераклады Івана Аляксеевіча змешчаны ў штогадовым альманаху «Далягляды».
Сярод узнагарод перакладчыка і літаратуразнаўцы — Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», Міжнародная прэмія імя Ф. М. Дастаеўскага (Сербія), Міжнародная прэмія Карычаў (Сербія), ордэн Свяціцеля Кірылы Тураўскага (Беларуская праваслаўная царква) і многія іншыя.
Саюз пісьменнікаў Беларусі віншуе свайго калегу з высокай дзяржаўнай адзнакай!
Максім ПЯСЧАНСКІ.