Малая радзіма Прымачук І. П.

Прымачук Іван Платонавіч // Малая радзіма вялікіх людзей :інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 460-годдзя з часу першага згадвання ў гістарычных крыніцах в. Мацы Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. – Кобрын : Цэнтральная раённая бібліятэка, 2023. – С. 24-25 : фат. — (Серыя «Па вёсках нашага краю»).

ПРЫМАЧУК ІВАН ПЛАТОНАВІЧ

гісторык, эканаміст, прафесар Міжнароднага

гуманітарна-эканамічнага інстытута

Іван Платонавіч Прымачук нарадзіўся 25 мая 1936 года ў вёсцы Мацы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Дзяцінства прыпала на ваенныя і пасляваенныя гады. Закончыў Стрыгаўскую сярэднюю школу, што за 3 км ад роднай вёскі.

У 1960 годзе Іван Прымачук скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. У розныя гады Іван Платонавіч працаваў завучам Лужкаўскай школы Маладзечанскага раёна, выкладчыкам Мінскага індустрыяльнага тэхнікума будаўнічых матэрыялаў, інспектарам, начальнікам аддзела Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР.

Пасля паспяховай абароны кандыдацкай дысертацыі «Развитие международного сотрудничества высшей школы Советской Белоруссии (1959–1975 гг.)» у 1980 годзе І. П. Прымачуку была прысвоена навуковая ступень кандыдата гістарычных навук. З 1986 года – дацэнт Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава (з 1992 года – Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт). З 2000 года Іван Платонавіч узначальвае кафедру гісторыі сусветнай цывілізацыі Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута (МГЭІ). У 2001 годзе яму прысвоена званне прафесара.

Колам навуковых інтарэсаў І. П. Прымачука з’яўляюцца міжнародныя сувязі Беларусі ў галіне адукацыі і навукі, станаўленне капіталістычных адносін на тэрыторыі Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

Аўтар больш за 40 навуковых прац па гісторыі Беларусі, а таксама па міжнароднай эканоміцы, палітычнай эканоміі і інш. Адзін з аўтараў вучэбных дапаможнікаў для ВНУ «Эканамічная гісторыя Беларусі» (1983, 1996, 1999) і «Экономическая история зарубежных стран» (1996, 1998), «Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый)» (2002, 2003). Удзельнiчаў у падрыхтоўцы гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Кобрынскі раён» (2002).