Прымачук Леанід Платонавіч // Малая радзіма вялікіх людзей :інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 460-годдзя з часу першага згадвання ў гістарычных крыніцах в. Мацы Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. – Кобрын : Цэнтральная раённая бібліятэка, 2023. – С. 25-26 : фат. — (Серыя «Па вёсках нашага краю»).
ПРЫМАЧУК ЛЕАНІД ПЛАТОНАВІЧ
вучоны-матэматык, кандыдат фізіка-матэматычных навук
Леанід Платонавіч Прымачук нарадзіўся 13 жніўня 1943 года ў вёсцыМацы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сям’і. Бацька, Платон Канстанцінавіч, працаваў цесляром, маці, Ганна Максімаўна, даяркай у калгасе. Усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, сталі людзьмі дастойнымі і паважанымі.
Вучыўся Леанід у пачатковай школе ў роднай вёсцы, потым у Стрыгаўскай сярэдняй школе. У школьныя гады юнак супрацоўнічаў з раённай газетай «Камуністычная праца» (цяпер «Кобрынскі веснік») і хацеў стаць журналістам, рыхтаваўся паступаць у ВНУ па гэтай спецыяльнасці. Але ў сілу шэрагу абставінаў лёс склаўся інакш.
У 1960 годзе юнак скончыў Стрыгаўскую сярэднюю школу і паступіў на матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ).
У 1960-1965 гадах Леанід Прымачук – студэнт механіка-матэматычнага факультэта БДУ. У 1965 годзе паступіў у аспірантуру БДУ. Кандыдацкую дысертацыю Леанід Платонавіч абараніў у 1970 годзе. У 1973 годзе яму прысвоена вучонае званне дацэнта.
У БДУ працаваў з 1967 года па 2008 год на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка, асістэнта кафедры матэматычнага аналізу, дацэнта кафедры тэорыі функцый, намесніка дэкана. З 1985-га па 1996 год Леанід Платонавіч – дэкан механіка-матэматычнага факультэта.
Л. П. Прымачук з’яўляецца спецыялістам у галіне даследавання краявых задач тэорыі аналітычных функцый. Неаднаразова выступаў з дакладамі на міжнародных канферэнцыях і кангрэсах. Чытаў лекцыі ва ўніверсітэтах Алжыра і Буркіна Фасо. Апублікаваў звыш 50 навуковых і навукова-метадычных прац.
Узнагароджаны Граматай Мінвуза БССР (1983), Ганаровай граматай Мінвуза БССР (1987), нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі» (2003), Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1993, 2008).
Нягледзячы на паважаны ўзрост, Леанід Платонавіч працягвае навуковую працу. Жыве ў Мінску.