Малая радзіма Малахоўскі

Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч // Малая радзіма вялікіх людзей :інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 460-годдзя з часу першага згадвання ў гістарычных крыніцах в. Мацы Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. – Кобрын : Цэнтральная раённая бібліятэка, 2023. – С. 19-21 : фат. — (Серыя «Па вёсках нашага краю»).

МАЛАХОЎСКІ УЛАДЗІСЛАЎ ЮЛЬЯНАВІЧ

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі, вынаходнік, інжынер, фотааматар

Уладзіслаў Юльянавіч Малахоўскі нарадзіўся ў 1827 годзе ў маёнтку Маце Стрыгаўскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (сёння ад маёнтка нічога не засталося, паблізу ёсць вёска Мацы Тэвельскага сельсавета Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Пасля хатняга навучання юнак набываў веды ў Свіслацкай гімназіі, якая адкрыла дарогу ў свет многім славутым людзям Беларусі. Закончыў Пецярбургскі інстытут інжынераў шляхоў зносін, быў накіраваны ў Вільню на будаўніцтва чыгункі.

У сталіцы Расійскай імперыі маладым чалавекам авалодалі ідэі барацьбы за пераўтварэнне грамадства. Уладзіслаў Малахоўскі наладзіў кантакты з тайнай рэвалюцыйнай арганізацыяй разначынцаў «Зямля і воля». У Пецярбургу пазнаёміўся з Кастусём Каліноўскім (1838–1864), які вучыўся на юрыдычным факультэце ўніверсітэта.

У 1863 годзе Уладзіслаў Малахоўскі стаў адным з кіраўнікоў партыі «чырвоных»: займаў пасаду начальніка паўстанцаў Вільні. Уваходзіў у склад Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, потым Выканаўчага аддзела Літвы. Яго бескампрамісная пазіцыя паўплывала на прызначэнне начальнікам аддзела па вынясенні і выкананні прыгавораў. На яго плечы легла страшная, нечалавечая адказнасць за вырашэнне лёсаў тых, каго паўстанцы лічылі найбольш вінаватымі перад народам.

Ахранка правяла шматлікія арышты, набліжалася да выкрыцця Уладзіслава Малахоўскага, і ён пакінуў Вільню. Са жніўня 1863 года знаходзіўся на нелегальным становішчы, выехаў у Пецярбург, потым у Кёнігсберг, дзе быў прадстаўніком К. Каліноўскага, удзельнічаў у выданні падпольнай газеты «Głos z Litwy», займаўся закупкай і дастаўкай зброі для паўстанцаў.

Пасля падаўлення паўстання У. Ю. Малахоўскі выехаў у Англію. З 1866 года жыў у Лондане пад прозвішчам Леон Варнерке. Ён пакінуў выношваць планы звяржэння самадзяржаўя, вырашыў заняцца інжынернай справай: распрацоўваць фатаграфічныя прылады. У англійскай сталіцы заснаваў уласную фірму, якая займалася фотасправай. Ужо праз пяць гадоў фірма «Варнерке і К» стала шырока вядомай ва ўсёй Заходняй Еўропе. У. Ю. Малахоўскі набыў шырокую вядомасць шэрагам вынаходак у галіне фотатэхнікі. У 1875 годзе сканструяваў фотаапарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам сучасных аматарскіх камераў «Кодак».

Важны ўклад унёс У. Ю. Малахоўскі ў сам працэс фатаграфавання: фотапласцінкі ён замяніў на плёнку, пакрытую бромсерабром. Плёнка з нанесеным на яе такім матэрыялам лёгка скручваецца ў рулон, таму на ёй можна было рабіць некалькі кадраў. Кошт такой камеры быў высокі, але пакупнікі знаходзіліся. Яго адкрыццё выклікала пераварот у сусветнай фотасправе. У. Ю. Малахоўскі пачаў ездзіць па розных краінах і прапагандаваць свае адкрыцці.

У 1880-я гады У. Ю. Малахоўскі некалькі разоў пабываў у Расіі, у т. л. у Маскве і Пецярбургу. Пад імем Льва Вікенцьевіча Варнерке ўдзельнічаў у фотавыстаўках, у заснаванні секцыі фатаграфіі Расійскага імператарскага тэхнічнага таварыства. У 1882 годзе на Усерасійскай выставе ў Маскве ўзнагароджаны сярэбраным медалём. Адкрыццямі нашага земляка захапляўся расійскі вучоны-хімік Дзмітрый Мендзялееў.

Фірма У. Ю. Малахоўскага імкліва развівалася. Сведчаннем гэтага служылі шматлікія філіялы не толькі ў Вялікабрытаніі, але і ў іншых еўрапейскіх краінах. Але, на жаль, дзейнасць фірмы была азмрочана абвінавачваннямі ў выкарыстанні фальшывых расійскіх рублёў адным з філіялаў лабараторыі ў 1898 годзе. У судзе віна У. Ю. Малахоўскага не была даказана, але беспадстаўныя абвінавачванні выклікалі ў яго цяжкія перажыванні. Нягледзячы на апраўдальны вердыкт суда, душэўнае супакаенне не прыйшло. 7 кастрычніка 1900 года Уладзіслаў Малахоўскі, не вытрымаўшы маральных пакут, скончыў жыццё самагубствам у Жэневе, там і быў пахаваны. А фальшывыя купюры пад назвай «варнеркі» і цяпер карыстаюцца попытам сярод калекцыянераў-баністаў.

Ідэямі У. Ю. Малахоўскага скарыстаўся амерыканскі бізнесмен Джордж Істмен (1854–1932), які першым выпусціў на рынак фотаапарат «Кодак» з касетамі са скручанай плёнкай. Цяпер фатографу не абавязкова было мець прафесійныя веды ў праяўленні матэрыялу і друку здымкаў, дастаткова было перадаць касету ў фоталабараторыю і атрымаць гатовыя здымкі.

…Невядома, ці з’явілася б фірма «Кодак», фотаапараты якой сёння карыстаюцца папулярнасцю ва ўсім свеце, калі б беларуская зямля не падарыла свету Уладзіслава Малахоўскага.