Макарук Міхаіл Маркавіч // Малая радзіма вялікіх людзей :інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 460-годдзя з часу першага згадвання ў гістарычных крыніцах в. Мацы Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. – Кобрын : Цэнтральная раённая бібліятэка, 2023. – С. 18-19 : фат. — (Серыя «Па вёсках нашага краю»).
МАКАРУК МІХАІЛ МАРКАВІЧ
кандыдат ваенных навук, генерал-маёр авіяцыі,
ваенны лётчык-інструктар I класа
Міхаіл Маркавіч Макарук нарадзіўся 1 жніўня 1945 года ў вёсцы Мацы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння Стрыгаўскай сярэдняй школы вырашыў паступаць у Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча, але не прайшоў па конкурсе. Працаваў старшым піянерважатым у Рынкаўскай сярэдняй школе Кобрынскага раёна. Юнак валодаў добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, захапляўся мадэліраваннем, разьбой па дрэве, любіў спорт.
У 1963–1967 гадах Міхаіл Макарук – курсант Чарнігаўскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча. З 1967 года па 1973 год – лётчык-інструктар, намеснік камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі вучэбнага палка Чарнігаўскага вучылішча. У 1973–1976 гадах – слухач Ваенна-паветранай акадэміі імя Ю. А. Гагарына.
З 1976 года М. М. Макарук – камандзір авіяцыйнай эскадрыллі, намеснік камандзіра авіяцыйнага палка, інспектар упраўлення ваенна-вучэбных устаноў ВПС СССР. З 1978 года Міхаіл Маркавіч, які добра валодае іспанскай і англійскай мовамі, знаходзіўся на ваенна-дыпламатычнай рабоце. У 1978–1989 гадах ён памочнік ваеннага аташэ пры пасольствах СССР у Рэспубліцы Куба, Рэспубліцы Індыя, у 1989–1991 гадах – ваенны, ваенна-марскі і ваенна-паветраны аташэ пры пасольстве СССР у Федэрацыі Малайзія. З 1991 года М. М. Макарук – памочнік галоўнакамандуючага ВПС, намеснік начальніка ўпраўлення ВПС Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. У 1997–2000 гадах – ваенны, ваенна-паветраны і ваенна-марскі аташэ пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Іспаніі, з 2001 года – у Рэспубліцы Куба.
1 жніўня 2005 года Міхаіл Маркавіч сышоў у запас у сувязі з пенсійным узростам. Актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю. Член прэзідыума Агульнарасійскай арганізацыі «Офицеры России». Член Асацыяцыі ветэранаў Карыбскага крызісу. З 2018 года Міхаіл Маркавіч – першы віцэ-прэзідэнт Расійскага таварыства дружбы з Кубай. З’яўляецца кіраўніком Маскоўскага аддзялення Міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Содружество воинов-интернацио-налистов «кубинцев».
Пражываючы ў Маскве, высокапастаўлены дзеяч памятае, што яго малая радзіма – у Беларусі, на Брэстчыне. У Кобрынскім раёне пахаваны яго бацькі, дзяды і прадзеды. Тут жывуць яго родныя сёстры, блізкія сябры, землякі. Таму і імкнецца ён часцей бываць у родных краях. Падчас сваіх адпачынкаў Міхаіл Маркавіч заўсёды прыязджае ў родную вёску Мацы.