Макарук Міхаіл Арсенцьевіч // Малая радзіма вялікіх людзей :інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 460-годдзя з часу першага згадвання ў гістарычных крыніцах в. Мацы Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. – Кобрын : Цэнтральная раённая бібліятэка, 2023. – С. 17-18 : фат. — (Серыя «Па вёсках нашага краю»).
МАКАРУК МІХАІЛ АРСЕНЦЬЕВІЧ
вучоны ў галіне ветэрынарыі, педагог, дацэнт
Міхаіл Арсенцьевіч Макарукнарадзіўся 1 студзеня 1947 года ў вёсцы Мацы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў пачатковай школе ў Мацах, затым у Стрыгаўскай сярэдняй школе.
У 1969 годзе з адзнакай закончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут.
Працаваў галоўным ветэрынарным урачом саўгаса «Жабінкаўскі» Брэсцкай вобласці.
З 1973 па 1975 год Міхаіл Арсенцьевіч – аспірант кафедры ўнутраных незаразных хвароб Віцебскага ветэрынарнага інстытута медыцыны, з 1976 года – асістэнт кафедры. Кандыдацкую дысертацыю «Особенности субклинических нарушений обмена веществ у коров, иммунобио-логическая резистентность, состав молозива и заболеваемость телят в неонатальный период» абараніў у 1976 годзе.
З 1982 года М. А. Макарук – дацэнт кафедры фізіялогіі. З верасня па чэрвень 1982 года знаходзіўся на стажыроўцы ў Маскоўскай ветэрынарнай акадэміі з мэтай вывучэння французскай мовы, пасля чаго быў накіраваны на выкладчыцкую працу ў Гвінейскую Народную Рэвалюцыйную Рэспубліку (з 1984 года Гвінейская Рэспубліка), дзе знаходзіўся да кастрычніка 1986 года.
У 1989–1992 гадах – намеснік дэкана факультэта завочнага навучання Віцебскага ветэрынарнага інстытута. У 1992–1996 гадах – дацэнт кафедры нармальнай і паталагічнай фізіялогіі Віцебскага ветэрынарнага інстытута (з 1994 года — Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны). З 1996 па 1999 год – намеснік дэкана факультэта ветэрынарнай медыцыны ВДАВМ.
М. А. Макарук з’яўляецца аўтарам шэрагу артыкулаў па паталагічнай фізіялогіі жывёл, уключаных у «Ветеринарную энциклопедию» (1994, 2013), тыпавой праграмы па паталагічнай фізіялогіі для вышэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў (2001, 2008), навучальнага дапаможніка «Типовые патологические процессы» (2011; у суаўтарстве). Апублікаваў 76 навуковых і метадычных прац, сярод якіх навучальна-метадычныя дапаможнікі: «Патологические изменения в тканях», «Биологические аспекты опухолей», «Положение об инфекционном процессе», «Лейкограмма и ее диагностическое значение» і інш. Пад кіраўніцтвам Міхаіла Арсенцьевіча выкананы магістарская дысертацыя і шэраг дыпломных работ.