2023 Лазаравіч, Д. Чарговая кніга прафесара Івана Чароты на сербскай мове

Лазаравіч, Д. Чарговая кніга прафесара Івана Чароты на сербскай мове / Даяна Лазаравіч // Маладосць. – 2023. — № 11. – С. 84-87.

Даяна Лазаравіч

Чарговая кніга прафесара Івана Чароты на сербскай мове
(Иван А. Чарота Видицы Jедног Белоруса — Белосрбина / Превела с белоруског Даjана Лазаревиħ,— Београд: Институт за политичке стуdje, 2023).

Бялградскі Інстытут палітычных даследаванняў нядаўна звярнуў на сябе ўвагу кнігай, якая, не будучы тыповай для яго выдавецкіх спраў, у многіх выклікала цікавасць. А перш за ўсё назвай — «Далягляды беларуса-беласерба». Аўтар — Іван Чарота.

Калі нават вельмі коратка анансаваць выданне, усё роўна немагчыма не спыніцца на ўжытым слове «беласерб». Паколькі яно вынесена ў загаловак, значыць, сэнс яму нададзены ключавы, апорны. З іншага боку, да агульнаўжывальнага, слоўнікавага яно не належыць, а ўяўляе сабою наватвор — своеасаблівы і ў той жа час зместава досыць празрысты. Да таго ж значэнне яго ў адным з апублікаваных тут матэрыялаў даходліва растлумачана. Аўтар кнігі, аказваецца, такое паняцце ўжо многія гады выкарыстоўвае, калі адзначае той стан чалавека, тую светапоглядную пазіцыю, калі беларускасць з сербскасцю натуральна паяднаныя да зліцця, непадзельнасці. А ўласціва тое, перш за ўсё, натуры самога Івана Аляксеевіча Чароты — беларускага навукоўца, пісьменніка і перакладчыка, прызнанага прафесара-славіста, акадэміка Сербскай акадэміі навук і мастацтваў.

Выданне, пра якое ідзе гаворка, прымер — кавана да 70-годдзя аўтара. Асноўны змест кнігі складаюць чатыры раздзелы: «Беларускае мастацкае слова», «Нацыянальная свядомасць беларусаў», «Беларуска-сербскія сувязі ў гісторыі», «Сербскія мысляры, з’яднаныя з Беларуссю». Галоўнае жаданне акадэміка Чароты — каб сваяцтва беларускага і сербскага народаў не заставалася на ўзроўні дзяжурных дэкламацый, а ўсведамлялася пасродкам гістарычных ведаў і замацоўвалася рэальнай сучаснай практыкай. Карацей кажучы, з чытачом вядзецца ўдумлівае, заклапочанае абмеркаванне сур’ёзных праблем і задач.

Названыя раздзелы з грунтоўнымі артыкуламі дапоўненыя матэрыяламі ўласна юбілейнага характару. Акрамя гэтага ў кнігу ўключана досыць унушальная нізка выказванняў вядомых сербскіх пісьменнікаў і навукоўцаў пра беларускага калегу, які 50 гадоў свайго жыцця прысвяціў Сербіі і сербам, а таксама яго славесны і фатаграфічны жыццяпіс. Інфармацыі тут нямала, і датычыцца яна не толькі шматдзесяцігадовага ахвярнага сербалюбства прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, акадэміка Сербскай акадэміі навук Івана Аляксеевіча Чароты.

Сам ён, дарэчы, зусім не схільны выхваляцца сваімі заслугамі і ўзнагародамі, атрыманымі і ад Праваслаўнай Царквы, і ад свецкіх улад трох дзяржаў — Сербіі, Беларусі, Расійскай Федэрацыі. Так, ён адзіны ў сваей айчыне двойчы ўдастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне» (першы раз персанальна — 2003 г., другі ў складзе калектыву — 2019 г.); з’яўляецца лаўрэатам такіх высокастатусных узнагарод, як Міжнародная прэмія імя князя Канстанціна Астрожскага (Польшча, 1999), Міжнародная прэмія імя Фёдара Дастаеўскага (Сербія, 2007), Міжнародная літаратурная прэмія «Багародзіца Траеручыца» (Сербскі фонд Іванкі Мілошавіч) (Чыкага, ЗША, 2011), Міжнародная літаратурная прэмія імя Радэ Драінца (Сербія, 2014), Міжнародная прэмія Фонда Карычаў (Сербія, 2014). Уладальнік шматлікіх ордэнаў і медалёў.

Каб зразумець, як да выдання такой кнігі ставяцца ў Сербіі, звернемся да меркавання прафесара Зорана Мілошавіча, які выконвае абавязкі дырэктара Інстытута палітычных даследаванняў: «Дагэтуль беларуская думка даволі сціпла прысутнічала ў сербскай паліталагічнай прасторы, пра яе ўвогуле мала ведалі і рэдка згадвалі. Таму выдадзеная кніга прафесара Чароты з’яўляецца наватарскай у сербска-беларускім узаемапазнанні. А дзякуючы таму, што яна ахоплівае практычна ўсе важнейшыя аспекты, якія датычацца ведаў пра беларускую культуру і нацыянальную свядомасць, а таксама гістарычных і сучасных узаемных кантактаў, то яе значэнне трэба разглядаць у плане пажаданай актывізацыі адносін паміж двума брацкімі народамі, якія мелі падобныя гістарычныя лёсы. <…> Значэнне і рэальны патэнцыял кнігі I. А. Чароты выявіцца толькі ў будучыні, аднак і цяпер відавочна, што яна стварыла і будзе заставацца вызначальным грунтам для спецыялістаў па розных пытаннях сувязяў Беларусі і Сербіі».

З гэтым нельга не пагадзіцца. I варта толькі парадавацца, што адбыўся чарговы значны кантакт у літаратурных стасунках нашых народаў.

“Абуджаюцца словы…”

Гойка Джога. Рагатыя літары

Адам Пуславіч. Недзе паміж

Радаван Караджыч. Пасадзі ружу

Момір Лазіч. Уцякач. Хрыстаіскрынкі

Душка М. Петравіч. Бяроза

Томіслаў Ёванавіч. Запозненыя душы

Мілюрка Вукадзінавіч. Карамболь

Драган Лакічавіч. Іншы народ. Верш, ад якога спірае дыханне