Вядомыя землякі. Вучоныя. Соўпель Ігар Васільевіч // Гарадзец – маленькі горад : інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 880-годдзя з часу першага згадвання ў гістарычных крыніцах в. Гарадзец Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. – Кобрын, 2022. – С. 38 : фат. – (Серыя «Па вёсках нашага краю»).
ВЯДОМЫЯ ЗЕМЛЯКІ
Вучоныя

СОЎПЕЛЬ Ігар Васільевіч — беларускі вучоны, спецыяліст у вобласці тэхнічнай кібернетыкі і інфарматыкі. Доктар тэхнічных навук (1991), прафесар (1994).
Нарадзіўся 8 красавіка 1949 года ў вёсцы ГарадзецКобрынскага раёна. Выпуснік 1966 года Гарадзецкай сярэдняй школы. Закончыў у 1971 годзе матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Працаваў у Інстытуце матэматыкі АН БССР.
У 1976-1978 гадах — аспірант кафедры матэматычнага забеспячэння аўтаматычнай сістэмы кіравання (АСК) БДУ.
У 1980 годзе І. В. Соўпель абараніў кандыдацкую дысертацыю, з 1981 года ён дацэнт. У 1991 годзе навуковец абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Аўтаматызаваная перапрацоўка тэксту на аснове ўзнаўленчага мадэліравання лінгвістычных аб’ектаў і працэсаў». Навуковае званне прафесара прысвоена ў 1994 годзе.
З 1997 года Ігар Васільевіч — загадчык кафедры матэматычнага забеспячэння АСК факультэта прыкладной матэматыкі БДУ.
І. В. Соўпель з’яўляецца навуковым кіраўніком лабараторыі інтэлектуальных інфармацыйных сістэм. Ён сфармуляваў і развіў канцэпцыю новага навуковага напрамку ў галіне штучнага інтэлекту — узнаўленчага мадэліравання лінгвістычных аб’ектаў і працэсаў. Яго навуковыя і прыкладныя інтарэсы цесна звязаны з праектаваннем, разработкай і ўкараненнем сістэм аўтаматычнай апрацоўкі тэкстаў, уключаючы сістэмы лінгвістычных баз ведаў, семантычнага аналізу тэкстаў, аўтаматычнага рэферыравання, машыннага перакладу, інтэлектуальных інтэрфейсаў карыстальніка, інжынерыі ведаў, інтэлектуалізацыі інфармацыйных сістэм.
Навуковец з’яўляецца аўтарам шэрагу вынаходніцтваў у галіне штучнага інтэлекту, якія запатэнтаваны ў міжнародных патэнтных фондах. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны такія знакамітыя ў сучаснай інфарматыцы інтэлектуальныя інфармацыйныя сістэмы, як Cobrain, Knowledgist, Vedy, Goldfive Intelligence, а таксама шэраг сістэм у межах важнейшых рэспубліканскіх навукова-тэхнічных праграм, якія забяспечваюць і развіваюць камп’ютарную форму існавання беларускай мовы. Стварыў камп’ютарную сістэму беларуска-рускага і руска-беларускага машыннага перакладу тэкстаў.
Ігар Васільевіч з’яўляецца членам Навукова-метадычнага савета Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 1999 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».