Гержа Мікалай Паўлавіч

Біяграфічны нарыс

ГЕРЖА Мікалай Паўлавіч – кандыдат тэхнічных навук. Дацэнт Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта.

Мікалай Паўлавіч Гержа нарадзіўся 9 лютага 1956 года ў в. Літвінкі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1963 годзе пайшоў у першы клас Літвінкаўскай пачатковай школы, у 1967 годзе працягваў вучобу ў Батчынскай васьмігадовай школе. Сярэднюю адукацыю Мікалай атрымаў у Якаўчыцкай сярэдняй школе Жабінкаўскага раёна.

У 1973–1978 гадах Мікалай Гержа навучаўся ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце на факультэце «Сельскагаспадарчае будаўніцтва». Пасля заканчэння інстытута быў накіраваны ў Беларускі праектны навукова-даследчы інстытут па будаўніцтву на сяле, дзе працаваў інжынерам-канструктарам. У гэтым жа годзе быў прызваны ў Савецкую армію.

Дэмабілізаваны ў 1980 годзе і выбраны па конкурсу асістэнтам кафедры «Арганізацыя і аўтаматызаваныя сістэмы кіравання ў будаўніцтве» Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. У 1984 годзе закончыў факультэт кіравання будаўнічай вытворчасцю Маскоўскага інстытута кіравання імя С. Арджанікідзе па спецыяльнасці «Эканамічная кібернетыка».

У 1985 годзе М. П. Гержа паступіў у аспірантуру Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута аказання матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі па будаўніцтву (ЦНДІАМТД, г. Масква). У 1989 годзе ў Беларускім політэхнічным інстытуце абараніў дысертацыю «Автоматизация управления технологическим процессом изготовления железобетонных изделий» на суісканне вучонай ступені «кандыдат тэхнічных навук» па спецыялізацыі «Аўтаматызаваныя сістэмы кіравання вытворчасцю жалезабетонных вырабаў».

З 1990 года М. П. Гержа – старшы выкладчык кафедры «Арганізацыя і АСК у будаўніцтве» Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, пазней кафедры «Менеджменту і маркетынгу» Брэсцкага палітэхнічнага інстытута. З 1996 года – дацэнт кафедры «Менеджменту і маркетынгу» (кафедры «Міжнародных эканамічных адносін і інвестыцый», кафедры «Сусветнай эканомікі, маркетынга, інвестыцый») Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. З 2012 года – выкладчык Цэнтра падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў пры Брэсцкім абласным выканаўчым камітэце.

Вучоным выдадзена 24 навукова-тэхнічных працы і публікацыі.